Мікола Статкевіч: «Нельга было чакаць ад пісьменьніцы ўвязваньня ў палітычныя бойкі. Усё ж такі Сьвятлана — ня Вацлаў Гавал, які актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці, у супраціве, сядзеў у турме. Яна — выбітная пісьменьніца, але ніколі не ўдзельнічала ў палітычных дзеяньнях. Таму чакаць ад яе гэтага было б няправільна».
Павал Севярынец: «Характэрна, што Сьвятлана Алексіевіч больш казала пра сьветаўспрыманьне Расеі, рускага чалавека. Для некаторых беларусаў, магчыма, гэта было дзіўна. Але для мяне Алексіевіч — у адным шэрагу з такімі беларусамі, якія намагаліся збавіць Расею ўвесь час — як Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Фёдар Дастаеўскі, Уладзімер Высоцкі, Валерыя Навадворская.
Ёсьць у беларусаў такая місія (на мой погляд, гэта проста закладзена звыш) яны проста імкнуцца збавіць Расею, прасьвятліць яе, паказаць самой Расеі, якая яна ёсьць. Зрабіць яе лепшай, зрабіць яе больш духоўнай, больш культурнай. І я думаю, што сэнс гэтай Нобелеўскай лекцыі быў якраз у гэтай тысячагадовай беларускай місіі. Калі хочаце, Сьвятлана Алексіевіч — гэта такое беларускае люстэрка для Расеі», — заявіў Севярынец у інтэрвію Свабодзе.
Севярынец: Сьвятлана Алексіевіч — гэта беларускае люстэрка для Расеі
Алег Трусаў: «Я нічога не чакаў ад гэтага выступу. Сьмешна, калі Нобэлеўская прэмія ператвараецца ў спартыўнае спаборніцтва. І я задаволены тым, што пачуў. Разумная жанчына, яна, вядома, далёкая ад нашых беларускіх праблем, яна хварэе ўсясьветнымі праблемамі. Выказалася яна нармальна. Але, каб ад гэтага зьмянілася нешта ў нашай беларускай рэчаіснасьці, то наўрад ці зьменіцца. Яна чалавек, пісьменьнік, імпартнага характару. Мы з вамі цудоўна ведаем, хто такі савецкі чалавек, а на Захадзе ня ведаюць — і яна раскрыла ім вочы, таму і Нобэля атрымала. І за гэта мы рады, што яна Нобэлеўская ляўрэатка. Ну але для нашых унутраных момантаў нічога ня зьменіцца, калі мы самі ня будзем беларускую справу рабіць. Алексіевіч ня будзе рабіць беларускую справу. Не рабіла раней і ня будзе рабіць зараз»
Трусаў: Алексіевіч далёкая ад нашых беларускіх праблем, пісьменьніца імпартнага характару
Людміла Рублеўская: «Я адразу пабачыла, што Сьвятлана хвалюецца. Але гэта надало таму, што яна казала, афарбоўку такой камэрнасьці. Яе было відаць як чалавека, што яна прамаўляла на эмоцыях, што голас зрываўся. Гэта, мне здаецца, куды лепей, чым калі б яна прагаварыла без эмоцыяў, як лектар.
Па гэтай лекцыі можна нават сачыненьні пісаць! Бо ў ёй была акрэсьленая цэлая эпоха, і гістарычная, і літаратурная, а ня толькі творчасьць уласна Сьвятланы. Абазначаныя ўсе трагічныя этапы непасрэдна беларускай гісторыі. Мне асабіста было вельмі сымпатычна, што Сьвятлана згадала свайго настаўніка, Алеся Адамовіча. Гэта тое, што найбольш мяне кранула зь яе прамовы.
«Па гэтай лекцыі можна сачыненьні пісаць» — Людміла Рублеўская пра Нобэлеўскую прамову Алексіевіч
Як Нобэлеўскую лекцыю Сьвятланы Алексіевіч глядзелі ў бары
Прагляд зладзіў бар «Хуліган».
Аляксандар Мілінкевіч: «Я вельмі шчасьлівы, што яна паднялася над дробнымі праблемамі і казала аб праблемах чалавецтва. Гэтай праблемай на нашай вялікай постсавецкай тэрыторыі зьяўляецца той камунізм, зь якім мы не разьвіталіся, той „чырвоны чалавек“, пра якога яна ўвесь час кажа. Здаецца, можна проста не гаварыць аб гэтым, забыцца... Не, гэта зацягвае нас назад, калі мы ня ведаем гэтай гісторыі, калі мы ня хочам яе аналізаваць, яна будзе паўтарацца і паўтарацца, і гэта вельмі сур’ёзны выклік для постсавецкага грамадзтва. І хаця ўсе постсавецкія рэспублікі розныя, гэтыя праблемы вельмі падобныя. Я лічу, што гэта погляд вельмі мудрага чалавека».
Мілінкевіч: Алексіевіч паднялася над дробнымі праблемамі і казала аб праблемах чалавецтва
Найлепшае, што магла паказаць і паказала Сьвятлана Алексіевіч у сваёй Нобэлеўскай лекцыі, гэта сябе такую, якая яна ёсьць, а не такую, якую нехта хацеў пабачыць.
Яна сапраўды савецкі чалавек, як і яе героі. Яна толькі перастала ці перастае быць «чырвоным чалавекам». Зь лекцыі мы так і не зразумелі, ці мае для яе сэнс незалежная краіна Беларусь, якую яна прадстаўляе.
Яна не разьвіталася з Расеяй, каб цалкам прыйсьці да Беларусі. Яна і не плянуе гэтага рабіць, бо «русская культура» яе стварыла, а Беларусь — толькі «мая зямля». …
Магчыма, хтосьці чакаў, што Сьвятлана Алексіевіч скажа ў сваёй лекцыі нешта пра цяперашнія беларускія рэаліі. Але яна палічыла, што Нобэлеўская трыбуна больш пасуе для сусьветных і “рэгіянальных” праблемаў. У любым выпадку, паказальна, што расейская тэматыка гучала ў прамове значна часьцей за беларускую. Як паказвае рэакцыя сацыяльных сетак, некаторых беларусаў гэта зачапіла.
Запіс жывой трансьляцыі Нобэлеўскай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч
Чырвоны чалавек так і ня змог увайсьці ў тое царства свабоды, пра якое мы марылі на кухні. Расею падзялілі безь яго, ён застаўся ні з чым — зганьбаваны, абакраны, агрэсіўны і небясьпечны. Я зноў стала шмат езьдзіць па Расеі і вось што я чула: мадэрнізацыя ў нас магчымая толькі шляхам шарашак і расстрэлаў. Рускі чалавек, здаецца, і ня хоча быць багатым, нават баіцца. Чаго ж ён хоча? А ён заўсёды хоча аднаго: каб нехта іншы ня стаў багатым, багацейшым за яго.
«Рускі чалавек заўсёды хоча аднаго — каб хтосьці іншы ня стаў багатым... Рускі чалавек не разумее свабоду, яму патрэбны казак і пуга». Нават страшна ўявіць сабе, як пракамэнтуюць у Расеі гэтыя выказваньні Алексіевіч.
Да Аўганістана я верыла ў сацыялізм з чалавечым тварам. Адтуль вярнулася свабоднай ад усіх ілюзій. «Прабач мне, бацька, — сказала я пры сустрэчы. — Ты выхаваў мяне зь верай у камуністычныя ідэалы, але дастаткова адзін раз убачыць, як нядаўнія савецкія школьнікі, якіх вы з мамай вучыце (мае бацькі былі сельскія настаўнікі), на чужой зямлі забіваюць невядомых ім людзей, каб усе твае словы ператварыліся ў пыл. Мы забойцы, тата, разумееш?». Бацька заплакаў.
У 1980-85 гады пішу кнігу пра вайну. Чаму пра вайну? Таму што мы — ваенныя людзі. Мы ці ваявалі, ці рыхтаваліся да вайны. Калі прыгледзецца, то мы ўсё думаем па-ваеннаму. Дома, на вуліцы. Таму ў нас так танна каштуе чалавечае жыцьцё — усё, як на вайне.