22 сьнежня міністэрства гандлю Беларусі прыпыніла працу яшчэ чатырох інтэрнэт-крамаў.
Пра гэта паведаміла журналістам намесьніца міністра гандлю Ірына Наркевіч.
Яна сказала, што гэтыя крамы знаходзіліся не на буйных інтэрнэт-пляцоўках.
«Выявіць іх нам дапамаглі грамадзяне, якія патэлефанавалі на „гарачую“ лінію», — сказала чыноўніца.
Падставай для закрыцьця стала парушэньне інтэрнэт-крамамі заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў, паведамляе БЕЛТА.
Інтэрнэт-крамы пазначалі цэны ў далярах, не падавалі поўнай інфармацыі пра прадаўца, вытворцу й імпартэра і так далей.
Гэта лічыцца грубым парушэньнем правілаў гандлю, якое дае падставу прыпыніць працу інтэрнэт-крамаў.
Паводле Наркевіч, калі гэтыя крамы выправяцца, то змогуць аднавіць працу 29 сьнежня.
На падобных падставах 20 сьнежня Міністэрства гандлю прыпыніла працу адразу 13 інтэрнэт-крамаў.