Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучэньні з агрэсіўнай Расеяй ставіць Беларусь на няправільны бок гісторыі, — БАЗА


Найстарэйшая беларуская арганізацыя ЗША — Беларуска-амэрыканскае задзiночаньне (БАЗА) – выступіла з заявай наконт расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

БАЗА заклікала Злучаныя Штаты, Эўрапейскі зьвяз, NATO і Раду Бясьпекі ААН захоўваць пільнасьць і пераканана настойваць на тым, каб Расея праводзіла вучэньні «Захад-2017» у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі і пакінула тэрыторыю Беларусі адразу пасьля заканчэньня манэўраў.

У заяве гаворыцца, што гэтыя вучэньні ўяўляюць сабой «сур'ёзную праблему для сытуацыі ў галіне бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе, і яны ўяўляюць сабой экзыстэнцыяльную пагрозу сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь».

Паводле аўтараў заявы, «прарасейская палітыка прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якая цягнулася дзесяцігодзьдзямі, прывяла ў выніку да поўнай залежнасьці Беларусі ад волі Крамля».

«Правядзеньне такіх маштабных ваенных вучэньняў з агрэсіўнай Расеяй, а таксама падтрыманьне цеснага вайсковага супрацоўніцтва з Масквой ставіць Беларусь на няправільны бок гісторыі. „Захад-2017“ можа стаць дэстабілізуючым фактарам міжнароднай бясьпекі, падаючы плятформу для Расеі, каб кінуць выклік суседзям Беларусі, чальцам NATO, якіх Расея разглядае як пагрозу сваім інтарэсам.

Празь недахопы блізарукай палітыкі аўтарытарнага кіраўніка Беларусі краіна цяпер мае строга абмежаваную прастору для манэўру ў замежнай палітыцы і абавязана дазволіць вялікаму кантынгенту ўзброеных сілаў адкрыта агрэсіўнай Расеі ўвайсьці на сваю тэрыторыю, спрыяючы мэтам Крамля, якія прама супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі».

Паводле БАЗА, апошнім часам «незаконная і здрадлівая анэксія Крыму, а таксама падбухторваньне збройнага канфлікту ва ўкраінскім Данбасе не пакідае сумненьняў у тым, што Расея не паважае міжнародныя нормы, хоча кантраляваць лёс сваіх суседзяў і не прымае да ўвагі каштоўнасьць жыцьця ў пацярпелых краінах і сваіх уласных грамадзян».

«Знаходжаньне расейскіх узброеных сілаў на беларускай тэрыторыі такім чынам выклікае заклапочанасьць з нагоды пагрозы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG