Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Са слоў людзей, якія да мяне прыходзілі, — вартуюць». Уладзімер Някляеў зь лякарні ў Берасьці


Уладзімер Някляеў у берасьцейскім шпіталі
Уладзімер Някляеў у берасьцейскім шпіталі

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з Уладзімерам Някляевым, які цяпер у Берасьцейскай гарадзкой лякарні хуткай дапамогі.

— Як вы сябе цяпер адчуваеце і што кажуць лекары? Ці вядома, калі вас выпішуць?

— Лекары казалі, што здароўе ў мяне кепскае, а цяпер сказалі, што памыліліся — здароўе ў мяне жалезнае і я буду жыць да той пары, пакуль жалезнае здароўе ня стане ва ўсіх беларусаў і з гэтым жалезным здароўем яны папруць гэты трухлявы рэжым. Паводле мэдычных паказьнікаў, каб зьняць ціск, які прывёў да гіпэртанічнага крызу, трэба дзесьці тры дні. Пасьля можна працягваць працэс у хаце. Дзень прабыў, яшчэ пару дзён.

— Але вас там не вартуюць у лякарні?

— Наколькі я разумею, са слоў людзей, якія да мяне прыходзілі, — вартуюць. Міліцыя стаіць па пэрымэтры, мяняюцца тут розныя.

— Лякарня — у цэнтры Берасьця, побач з плошчай Леніна. Ці ведаеце, што сёньня там затрымлівалі людзей?

— Так, яна ў цэнтры Берасьця. Я думаў сёньня схадзіць на плошчу на мітынг, але праз названыя прычыны мне гэта не ўдалося. Прычыны ня толькі ў тым, выпусьцілі мяне ці ня выпусьцілі, але ў тым, што яны не пусьцілі сабрацца на гэтую мірную акцыю берасьцейцаў. Усё перагарадзілі і сталі хапаць людзей, якія нічога не зрабілі, толькі падыходзілі да месца збору. Адзін з гэтых людзей прыяжджаў да мяне, расказаў, як там было насамрэч. Там таксама шмат у каго прыступы сардэчныя былі, бо людзі, асабліва маладыя — яны ўпершыню ў такой сытуацыі, калі іх хапаюць.

— Вас наведваюць берасьцейцы?

Я ўжо бачу і адчуваю сілу духа, якая падымаецца ў Беларусі і беларусах

— Так, і нават зараз тут у мяне госьці. Маю падтрымку і вельмі ўдзячны. Тых прадуктаў, якіх мне нанесьлі, мне б хапіла, пры маім харчаваньні, на ўсё жыцьцё, каб я іх не раздаваў. Таму, дзякуй вялікі, больш нічога не насіце. Самае істотнае — гэта тое, з чым прыходзяць людзі ў душах, у сэрцах. Гэта вельмі кранае і дарагога каштуе. Вялікі дзякуй усім тым, хто прыходзіць тут, у Берасьці.

На гэтым, на ўнутранай сіле стаіць чалавек, на гэтай сіле стаіць і народ, нягледзячы на тое, што робіцца звонку — зьдзіраюць зь яго скуру ці лупяць дручкамі. Нават у камэры, куды мяне ўначы закінулі, там адразу ўзьняўся мітынг, там было 6 чалавек, і ўсе былі супраць гэтага рэжыму.

— Ці даўно ваша жонка ведае, што з вамі? Вам давалі магчымасьць паведаміць ёй?

— Наагул, проста жахлівая рэч — ня ведаць, што адбываецца. Я пасьпеў паведаміць, калі мяне затрымлівалі і вялі. А пасьля ўжо не, як ні ўпрошваў, казаў, што пару слоў скажу, набяру нумар і скажу, што «Воленька, я жывы». Не, нельга — і ўсё.

Гэта, яшчэ раз скажу, ці людзі жывуць па-чалавечы, тады яны людзі, ці жывуць па-сьвінску, тады яны сьвіньні. Гэтая сытуацыя са Статкевічам — проста не даюць магчымасьці паведаміць ягонай жонцы і дзецям, што ён жывы, каб яны ў бяссонных начах не калаціліся, каб у іх сэрцы не заміралі ад прадчуваньня нечага кепскага. Так робяць толькі рэжымы насамрэч бандыцкія, дыктатарскія.

Але ня будзем пра гэта, ня будзем пра кепскае казаць. Хачу яшчэ раз усім падзякаваць, хачу сказаць, што ўсё ў нас атрымаецца. Я ўжо бачу і адчуваю сілу духа, якая падымаецца ў Беларусі і беларусах. І з усёй гэтай поганьню мы справімся, разгонім. І тыя, хто ім служыў, пабягуць да новага беларускага ўраду здаваць іх з усімі прыслужнікамі. Усё будзе добра. Жыве Беларусь!

Дзень Волі ў Берасьці
Дзень Волі ў Берасьці

Напярэдадні дзяжурны нэўроляг Берасьцейскай гарадзкой лякарні хуткай дапамогі Вадзім Гаўрык сказаў карэспандэнту Свабоды, што Ўладзімер Някляеў трапіў да іх у лякарню з дыягназам «гіпэртанічны крыз».

Уладзімер Някляеў быў затрыманы ў ноч з 24 на 25 сакавіка берасьцейскімі памежнікамі пасьля вяртаньня з Польшчы. Ноч ён правёў у ізалятары. 25 сакавіка зьбіраўся браць удзел у Дні Волі ў Менску, але апынуўся ў лякарні.

Уладзімер Някляеў расказаў падрабязнасьці свайго затрыманьня ў Берасьці сайту spring96.org.

Яго зьнялі зь цягніка каля трэцяй гадзіны ночы супрацоўнікі КДБ і АМАПу. Пратаколу і ніякіх іншых папер не складалі, аднак правялі пільны асабісты надгляд. Уладзімера Някляева прымусілі поўнасьцю распрануцца і прысядаць, каб упэўніцца, што ў яго няма забароненых рэчаў. Неўзабаве палітыку стала дрэнна, у яго падняўся ціск, і яму выклікалі хуткую. Затым яго адвезьлі ў шпіталь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG