Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў запатрабаваў неадкладна вызваліць Статкевіча


Уладзімер Някляеў у берасьцейскім шпіталі хуткай дапамогі
Уладзімер Някляеў у берасьцейскім шпіталі хуткай дапамогі

Адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу паэт Уладзімер Някляеў патрабуе неадкладна вызваліць Мікалая Статкевіча.

Пра гэта ён заявіў БелаПАН праз тэлефон зь Берасьцейскай гарадзкой лякарні хуткай мэдычнай дапамогі.

«Таямніца, якая створана ў дачыненьні да затрыманьня і месцазнаходжаньня Статкевіча, — гэта перш за ўсё злачынства ўлады. Такая практыка ўласьцівая выключна дыктатарскім, бандыцкім рэжымам. У выпадку са Статкевічам гэта зьвязана толькі з тым, што на яго хочуць павесіць крымінальную справу, каб тэрмін зьняволеньня быў ня суткі, а гады», — сказаў Някляеў.

Някляеў дадаў, што падобная сытуацыя была і зь ім самім.

«Тое, што адбываецца цяпер са Статкевічам, адбывалася і магло далей адбывацца са мной, — сказаў Някляеў. — Мінулай ноччу тое ж самае хацелі зрабіць са мной. Знайшоўшы сярод маіх папер дакумэнт, напісаны на польскай мове, яго спрабавалі падаць як нейкую шкодную для Беларусі, перададзеную з польскага боку інфармацыю. Гэтаму перашкодзіла далейшае разьвіцьцё падзей, за што я ўдзячны мэдычным работнікам, якія не ўзялі на сябе адказнасьць за маё жыцьцё ў выпадку майго знаходжаньня ў турэмнай камэры і запатрабавалі аказаньня неадкладнай дапамогі ў стацыянары».

«Я патрабую неадкладнага вызваленьня Мікалая Статкевіча. Я патрабую неадкладна паведаміць яго сям’і, дзе ён знаходзіцца. Патрабую гэтага ня толькі па палітычных, але і па маральных прычынах. Неадкладна дайце інфармацыю пра тое, дзе Статкевіч, і неадкладна вызваліце чалавека, які ні ў чым не вінаваты».

Сувязі зь Мікалаем Статкевічам, які ўзяў на сябе адказнасьць за акцыю ў Менску 25 сакавіка, няма ўжо некалькі дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG