Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня веру». Чаму гурт «Дай дарогу!» засьпяваў па-беларуску?


Выява да самотніка «Ня веру»
Выява да самотніка «Ня веру»

Берасьцейскі панк-рок-гурт «Дай дарогу!» прэзэнтаваў 25 лютага песьню «Ня веру» — сваю першую беларускамоўную песьню за амаль 18 гадоў творчасьці і дзясятак альбомаў. Неўзабаве яе можна будзе пачуць на канцэртах у Беларусі, Расеі і Ўкраіне.

«У гэтай песьні я хацеў адлюстраваць рэчаіснасьць і рэакцыю грамадзкасьці на тое, што адбываецца, — тлумачыць Свабодзе вакаліст „Дай дарогу!“ і аўтар песьні Юры Стыльскі. — Я далёкі ад палітыкі, але ёсьць такі выраз: калі ты не займаесься палітыкай, палітыка зоймецца табой. Усе вакол стогнуць, страчана нейкае адзінства, усе ў зьбянтэжанасьці. Таму я проста сказаў, што бачу і чую».

Дагэтуль у гурту «Дай дарогу!» ня раз выходзілі песьні з падобным сэнсам. Але амаль усе па-расейску — Стыльскі згадвае хіба «Бабу-гром» на трасянцы. З новай песьняй, кажа ён, сьпявак не прэтэндуе на тое, каб адразу звацца беларускамоўным.

«Я падумаў, што на роднай мове гэтая песьня больш уразіць, — дадае Стыльскі пра „Ня веру“. — Пераклаў са слоўнікам, пытаў сьвядомых, як мог. Калі недзе вымаўленьне ня тое, выбачайце, бо я звычайна па-расейску размаўляю».

Рэакцыю сваіх слухачоў вакаліст «Дай дарогу!» ацэньвае як пазытыўную: людзі дзякуюць за такі экспэрымэнт.

Ці паўторыць гурт экспэрымэнт з мовай?

«Я ня ведаю, але мне працэс вельмі спадабаўся. Тым больш карані ўсё ж ёсьць, нездарма знаходжуся на гэтай зямлі. Было прыемна працаваць, перакладаць, намагацца — працэс быў сапраўды творчы. Ня буду загадваць на будучыню, мала што, але ўсё магчыма».

«Ня веру» мае ўвайсьці ў наступны альбом гурту «Дай дарогу!», над якім цяпер вядзецца праца. Гурт рыхтуе жывую прэзэнтацыю на менскім фэстывалі «Даем рады», дзе выступіць разам з Neuro Dubel, Dzieciuki i:B:N:, а затым выправіцца ў доўгі тур па Беларусі, Расеі і Ўкраіне, у тым ліку выступіць у Вільні разам з расейцам Noize MC.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG