Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Znich памяняў сярэднявечча на «Калашнікава»


У кліпе на песьню «Дунаю» салдата, музыку Алеся Таболіча, праводзіць на вайну яго бацька, мастак Рыгор Таболіч.

Беларускі мэтал-гурт Znich прадставіў незвычайны для сябе кліп: у адрозьненьне ад папярэдніх, дзе дамінавала тэма сярэднявечча, у «Дунаю» бачная сучасная зброя. З гэтай песьняй гурт браў удзел у нацыянальным адборы на конкурс «Эўравізія», ды ня трапіў у фінал (у ліку 10 фіналістаў толькі адзін беларускамоўны гурт — Navi).

Сам Алесь Таболіч не бярэцца казаць пра адназначны сэнс кліпу:

«Гэта рэзананс між бацькам і сынам: малады ідзе ваяваць, а стары, які пражыў доўгае жыцьцё, гэтага ня хоча. Выйшаў супярэчлівы кліп, які кожны ўспрымае па-свойму. Хтосьці думае, што ён супраць вайны, некаторыя думаюць пра абарону сваёй Айчыны — хай кожнаму будзе сваё.

Мы вырашылі іншы падыход зрабіць, бо сярэднявечных кліпаў столькі, што вочы разьбягаюцца. Мы спалучылі старадаўнюю песьню і сучаснасьць, акцэнт зрабілі на тое, што мы жывем у цяперашні час, а ваярскі дух жыве ня толькі ў сярэднявеччы, а і цяпер. Ня толькі праз кадры з Украіны, бо не ў Майдане тут сэнс, а ў тым, што ўвогуле адбываецца сёньня: змаганьне, барацьба, ваярскі дух, абарона...Дуда, сучасная вайсковая адзежа — разам гэта ўсё ўспрымаецца іначай, такі новы падыход да творчасьці, новая плынь.

Кліп мы здымалі раней, чым падаліся на „Эўравізію“ з гэтай песьняй. Магчыма, зь ім бы і выступалі, калі б прайшлі, бо ў нас няма такой пазыцыі, што калі «Эўравізія», то мы павінны надзець нейкія гальштукі ці граць *** [непрыстойнасць.— РС] нейкую. Я думаю, мы б туды ніяк не прайшлі, бо мы гурт нефарматны, песьня нефарматная. На паўфінале мы адразу сказалі: „Мы прыйшлі зрабіць альтэрнатыву папсовасьці“. У наступным годзе, спадзяюся, дзясяткі альтэрнатыўных гуртоў паспрабуюць падацца, гэта будзе прэцэдэнт для нашага журы, для нашай дзяржавы. А ў нас ёсьць шмат рознабаковай музыкі. Тут трэба не перамога, а ўдзел, каб пра гэта казалі. Каб разумелі, што гурт Lordi [фінскія глэм-мэталісты, якія выступалі на „Эўравізіі“ ў 2006 годзе зь песьняй «Hard Rock Hallelujah». — РС] прайшоў свой нацыянальны адбор, потым заняў на „Эўрабачаньні“ першае месца з альтэрнатыўнай музыкай. А ў нас акрамя папсы напрацягу ўсіх гэтых год нічога нібы няма, дык мы паспрабавалі вылучыць сябе з гэтай шэрай папсовай масы».

Песьню ўжывую можна будзе пачуць на «Калядным фэсьце» 25 сьнежня. А потым плянуем шэраг канцэртаў па Беларусі, хочам паехаць у Эўропу, толькі не на «Эўрабачаньне», а паказаць сваю творчасьць па клюбах і фэстывалях. У 2016 годзе ў нас 20-годзьдзе гурта, мы плянуем выдаць новую праграму, альбом, запісаць яшчэ адзін кліп — ня буду казаць пакуль, на якую песьню".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG