Літоўская кампанія Sodra «знайшла» самы высокі сярэдні заробак у Літве ў прадстаўніка Беларускага мэталюргічнага заводу — UAB «Prekybos namai BMZ-Baltija», цэлых 28 400 эўра на месяц.
Але дырэктар BMZ-Baltija Андурас Гавэдас паведаміў Свабодзе, што заробкі ў кампаніі на парадак меншыя (хоць і немалыя па літоўскіх мерках):
«Гаворка не ідзе пра сярэднестатыстычны заробак супрацоўнікаў нашага прадпрыемства, як падае гэта Delfi, — тлумачыць Гавэдас. — Сума, што прыводзіцца ў паведамленьні, гэта вынік выплаты ўсіх прадугледжаных па выніках працы за 2016 год бонусаў.
Варта адзначыць, што за мінулы год наш гандлёвы дом заняў другое месца сярод суб'ектаў тавараправоднай сеткі БМЗ паводле аб'ёмаў рэалізацыі мэталяпрадукцыі БМЗ, як у натуральным, так і ў грашовым выражэньні. Рэальны сярэдні заробак супрацоўнікаў BMZ-Baltija нашмат ніжэйшы, што, уласна, і адлюстравана ў справаздачнасьці Sodra за папярэднія пэрыяды. Так, за студзень–красавік 2017-га ён склаў 2573 эўра без выліку падаткаў».
Сярэдні заробак у Літве прыкметна меншы — 817 эўра, у Беларусі ж (за красавік, зьвесткі Белстату, у пераводзе ў эўра паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку) — 385 эўра.