4 сакавіка беларуская міліцыя афіцыйна адзначае прафэсійнае сьвята. Гісторыкі кажуць, што нашы праваахоўныя органы маюць шматвекавую гісторыю. Але МУС і Аляксандар Лукашэнка палічылі днём нараджэньня беларускай міліцыі дату з гісторыі рускай рэвалюцыі.
Як змагаліся з валацугамі і гультаямі ў часы Рэчы Паспалітай і як беларуская міліцыя аказалася старэйшай за савецкую — разабралася Свабода.
Першыя сьледчыя — яшчэ ў Статуце 1566 году
Службы па ахове парадку ў беларускіх гарадах пачалі зьяўляцца з канца XIV стагодзьдзя — разам з магдэбурскім правам. Пасьля ўсяўладных фэадалаў гарадамі пачынаюць кіраваць магістраты. Сярод іншага яны сачылі і за парадкам.
Згодна са Статутам 1566 году ў Вялікім Княстве Літоўскім уводзілася пасада вознага. Возныя былі судовымі сьледчымі, выканаўцамі і курʼерамі адначасова. Статут 1588 году пашырыў паўнамоцтвы вознага як сьледчага. Напрыклад, падрабязна апісвалася, якім чынам ён павінен складаць пратакол. Як і на судзьдзяў, падсудкаў і пісараў Вялікага Княства, на гэтых службоўцаў распаўсюджвалася недатыкальнасьць.
Аднак агульнадзяржаўнай цэнтралізаванай службы па ахове парадку ў Вялікім Княстве не існавала да другой паловы ХVIII стагодзьдзя. Толькі пасьля рэформаў Станіслава Панятоўскага ў Рэчы Паспалітай пачалі стварацца спэцыялізаваныя камісіі — прататыпы сучасных міністэрстваў.
У 1791 годзе на сойме была створаная Камісія паліцыі Вялікага Княства Літоўскага. Яна адказвала за падтрыманьне грамадзкай бясьпекі і парадку на абшарах княства. На месцах ствараліся ваяводзкія і павятовыя цывільна-вайсковыя камісіі.
«Можна сказаць, што ў канцы ХVIII стагодзьдзя пачала фармавацца сыстэма аховы парадку і бясьпекі», — сказаў Свабодзе Юры Гардзееў.
У Статутах ВКЛ гаворыцца пра пасаду вознага. У адной асобе гэта быў сьледчы, выканаўца і курʼер
Гісторык з Гародні, які працуе ў Ягелонскім унівэрсытэце Кракава, Юры Гардзееў напісаў не адну працу пра Чатырохгадовы сойм Рэчы Паспалітай. У гэты час польская і літоўская шляхта распрацавала і прыняла ня толькі Канстытуцыю 3 траўня — першую ў Эўропе, але й стварыла некалькі дзяржаўных камісіяў.
Юры Гардзееў тлумачыць, што само паняцьце «паліцыя» ў ХVIII стагодзьдзі мела іншае значэньне, чым сёньня. Паліцыяй называлася навука адміністрацыі ў дзяржаве. Упершыню з часоў Сярэднявечча ўзьнікаў бюракратычны апарат, і ўлада пачынала ажыцьцяўляцца не асабістымі загадамі караля, а праз сыстэму ваяводзкіх і павятовых камісіяў.
Камісія паліцыі змагалася з валацугамі і лайдакамі
У архівах Юры Гардзееў знайшоў шмат сьведчаньняў, як цывільна-вайсковыя камісіі сачылі за парадкам у гарадах ВКЛ. Найбольшай праблемай тых часоў у гарадах лічыліся валацугі, лайдакі і цыганы.
У сваёй кнізе «Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойму (1789–1792)» Гардзееў прыводзіць сьведчаньне з актавай кнігі Менскай цывільна-вайсковай камісіі. Напрыклад, там апісваецца, як горад «зазнае нашэсьце гультаёў і валацуг, якія называюць сябе жаўнерамі Віленскага ваяводзтва». Мэмарандум 1791 году забараняў менчукам укрываць дэзэрціраў, валацуг, «людзей бяз службы» і лайдакоў.
Як сачылі за парадкам у тыя часы? У павятовыя камісіі ўваходзілі 5-6 мясцовых шляхцічаў, якія працавалі на сэсіях цягам аднаго месяца. Але яны выконвалі выключна «кабінэтную» працу — разглядалі звароты, выдавалі мэмарандумы. Пасады паліцыянта ў той час яшчэ не было. Замест іх выкарыстоўвалі вайскоўцаў.
«Па дапамогу жаўнераў зьвярталіся ў крайнім выпадку, — кажа Гардзееў. — Напрыклад, калі здараліся сялянскія бунты. Або для аховы межаў».
Як беларуская міліцыя стала старэйшай за савецкую
Камісія паліцыі скончыла сваё існаваньне разам з Рэччу Паспалітай — пасьля трэцяга падзелу ў 1795 годзе. На зьмену ёй прыйшлі гарадавыя. І да 1917 году на беларускіх землях за парадкам сачылі расейскія паліцыянты. Але ў Лютаўскую рэвалюцыю іх замяніла народная міліцыя.
Чым адрозьніваецца міліцыя ад паліцыі? Звычайна міліцыяй называліся ваенізаваныя атрады паспалітага рушэньня. Але ў СССР да слова «міліцыя» зьвярнуліся найперш дзеля таго, каб адмежавацца ад царскай паліцыі.
Днём народзінаў савецкай міліцыі лічыцца 10 лістапада 1917 году. У гэты дзень народны камісар унутраных спраў Рыкаў падпісаў пастанову «Аб працоўнай міліцыі». У Расеі і сёньня 10 лістапада адзначаюць як дзень супрацоўніка органаў унутраных спраў. Гэтую ж дату ў 1990-я гады адзначалі і ў Беларусі.
Але ў 1998 годзе ў беларускай міліцыі зьявілася новая дата народзінаў — 4 сакавіка 1917 году. У гэты дзень Міхаіл Фрунзэ быў прызначаны часовым кіраўніком міліцыі Ўсерасейскага земскага саюзу па ахове парадку ў Менску. Гэта значыць, за народзіны беларускай міліцыі выбралі дату з рэвалюцыйнай гісторыі Расеі.
Адзначаць сёньня 4 сакавіка як сьвята міліцыі — гэта падкрэсьліваць сваю савецкасьць. Так лічыць гісторык Аляксандар Пашкевіч.
«Я лічу, што адзначэньне 4 сакавіка як Дня беларускай міліцыі — гэта проста нэгатыўная спадчына савецкіх часоў і нічога больш, — сказаў Свабодзе Пашкевіч. — У той міліцыі, якая была ўтворана Міхаілам Фрунзэ ў 1917 годзе, не было анічога нацыянальнага беларускага».
Помнік царскаму паліцыянту
На сайце Міністэрства ўнутраных спраў падкрэсьліваецца расейскае паходжаньне беларускай міліцыі. У разьдзеле «Гісторыя» ў першым сказе напісана наступнае: «Міліцыя зараджалася ў агні першай рускай рэвалюцыі» (маецца на ўвазе лютаўская 1917 году, хоць звычайна першай рускай рэвалюцыяй называецца тая, што адбылася ў 1905–1907 гг.).
У той жа час у міністэрстве, як выглядае, ня маюць пэўнасьці, адкуль жа паходзіць беларуская міліцыя. З аднаго боку, за дату яе нараджэньня ўзялі той дзень, калі царскую паліцыю замяніла народная міліцыя. Аднак на мінулым тыдні міністар Ігар Шуневіч адкрыў помнік не народнаму міліцыянту 1917 году, а гарадавому часоў Расейскай імпэрыі.
Каб пазьбегнуць блытаніны з вызначэньнем гістарычнай даты пачатку беларускай паліцыі, можна было б весьці адлік ад заснаваньня сучаснага Міністэрства ўнутраных спраў. 1 сакавіка 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб міліцыі». Ад аналягічнай даты адлічваюць век праваахоўных органаў у большасьці постсавецкіх краінаў.
«Як адзін з варыянтаў — чаму не, — кажа Пашкевіч. — Канкрэтную дату рэкамэндаваць не бяруся. Адно для мяне несумненна — што так ці іначай яна павінна быць зьвязаная з гісторыяй менавіта нацыянальнай міліцыі — створанай беларусамі дзеля службы Беларусі. Тая міліцыя, якая была створаная 4 сакавіка 1917 году, такой не зьяўляецца».