Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта міністар Шуневіч надзеў форму камісара НКВД


Ігар Шуневіч у энкавэдысцкай форме — крайні зьлева
Ігар Шуневіч у энкавэдысцкай форме — крайні зьлева

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася камэнтаваць сытуацыю са сваім міністрам Ігарам Шуневічам, які на парадзе 9 траўня ў Менску быў у форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі — народнага камісарыяту ўнутраных спраў.

Прэсавая служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі адмовілася камэнтаваць сытуацыю са сваім міністрам Ігарам Шуневічам, які на парадзе 9 траўня ў Менску быў у форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі — народнага камісарыяту ўнутраных спраў.

«Мы ня будзем гэтага камэнтаваць», — заявіў сёньня Свабодзе кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч. На дадатковае пытаньне Свабоды, ці абмяркоўваў ён сытуацыю зь міністрам, спадар Шалькевіч не адказаў. Ён толькі паўтарыў тыя самыя словы: «Мы ня будзем гэтага камэнтаваць».

Падчас параду 9 траўня ўсе высокія чыноўнікі стаялі вакол Аляксандра Лукашэнкі або ў цывільных строях, або ў парадных вайсковых мундзірах.

А вось Ігар Шуневіч чамусьці быў у цёмна-сіняй гімнасьцёрцы з жорсткім каўнерыкам, партупеі, галіфэ зь бірузовымі лямпасамі, запраўленымі ў боты, і сіняй фуражцы зь бірузовым аколышам. Форма такога ўзору была ўведзена ў 1943 годзе для супрацоўнікаў НКВД СССР.

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб сёньня сказаў Свабодзе, што ня памятае, каб хто зь міліцэйскіх чыноў надзяваў такую форму на сьвяткаваньні:

«Такога не было ні 10, ні 20 гадоў таму».

Спадар Грыб лічыць, што міністар Шуневіч невыпадкова надзеў форму міліцыі тых часоў:

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Гэтая форма была ўведзеная ў 1943 годзе, падчас вайны. І таму міністар, мабыць, хацеў падкрэсьліць вялікую значнасьць для сябе гэтай перамогі.

За ўсё маё жыцьцё такое я ўбачыў упершыню. Звычайна ўсе супрацоўнікі міліцыі ўжо не зьвяртаюцца да той старой формы, якая тады была. Як дарэчы, і вайскоўцы, і супрацоўнікі міліцыі, і КДБ. Хаця б таму, што новая форма лічылася больш прэстыжнай і больш сымпатычнай, чым старая. Яна несла пэўную навізну. І адмаўляцца ад яе дзеля старога людзі не жадалі».

Мечыслаў Грыб лічыць, што набыць форму 70-гадовай даўніны асаблівай праблемы не было:

«Яе можна пашыць. Нічога складанага ў гэтым няма.

А яшчэ ж ёсьць тэатры. І яны даюць пастаноўкі з удзелам артыстаў, якія выконваюць ролі генэралаў, камісараў тых часоў. Так што сярод тэатральнага рэквізыту можа быць такая форма. І, мабыць, на кінастудыі нешта ёсьць.

Ды, урэшце, існуе ж музэй міліцыі. Там знаходзіцца самая разнастайная форма, у тым ліку і часоў Вялікай Айчыннай вайны».

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Вядома, незвычайную форму міністра Шуневіча можна сьпісаць на карнавал і пасьмяяцца» — кажа Свабодзе мастацтвазнаўца, культуроляг Сяргей Харэўскі:

«Але звычайна такія „карнавалы“ адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў. І ад гэтага мне робіцца трывожна.

Лішне казаць, што ў той час, калі такая форма была актуальная, калі б нейкі чалавек з такім званьнем надзеў бы форму будучыні, што б яго чакала?! То бок размываюцца важныя і лягічныя повязі, адносіны. Як тая ж чорна-аранжавая стужка на кілбасах і гарэлках. Я ня думаю, што мой дзядзька, герой-вэтэран, быў бы ў захапленьні ад такой утылізацыі гэтых ордэнскіх стужак.

І той „карнавал“, які мы цяпер назіраем ва Ўкраіне, дзе бандыты, „камандзёры“, кшталту Матаролы, чапляюць на сябе любую форму, прыгадвае мне фільмы часоў грамадзянскай вайны ў Югаславіі. Там падобныя спэцыфічныя людзі ўбіраліся ў розныя мілітарныя цацкі. Так жа было і падчас грамадзянскай вайны ў Расеі, калі на здымках бачна, як апраналі на сябе некаторыя людзі, хто што хацеў.

І ў мяне такое непрыемнае і трывожнае пачуцьцё. Калі зь людзкіх пакут, зь людзкіх сьмярцей робяць карнавал, то гэта значыць, што ў грамадзтве зьніжана цана чалавечага жыцьця.

А што да афіцэраў, якія сябе так паводзяць, — я думаю, гэта кампэтэнцыя ягоных „камандзёраў“ даць ацэнку, наколькі гэта адэкватна. Ці адзеўся б нехта так у Нямеччыне? Ці адзеліся б так у Кітаі, зь якім мы так моцна сябруем? Думаю, што не. І ацэнку тут павінен даць галоўнакамандуючы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG