Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Урокі вайны забытыя — зноў бярэ верх не сіла права, а права сілы


Памятаць трагічныя ўрокі Другой сусьветнай вайны заклікаў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на ваенным парадзе ў гонар 70-й гадавіны Перамогі.

«У вялікі і сьветлы пераможны травеньски дзень многім здавалася, што вайна ніколі ня вернецца. Але новыя часы не прынесьлі чалавецтву збавеньня ад войнаў. Сёньня мы бачым: трагічныя ўрокі вайны забытыя. Зноў бярэ верх не сіла права, а права сілы. Зноў ірвуцца снарады, палаюць пажары і гінуць людзі», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

І сьвет, і Эўропа набліжаюцца да небясьпечнай рысы, сказаў беларускі кіраўнік. Паводле яго меркаваньня, цяпер як ніколі важна памятаць урокі Вялікай Айчыннай. «Памятаць пра гэтыя ўрокі павінны і палітыкі, і кіраўнікі, і народы. Найважнейшы з гэтых урокаў такі: няма нічога больш каштоўнага за мір, — сказаў Лукашэнка. — Ніякія амбіцыі, ніякія разьлікі, ніякія інтарэсы ня вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцьці».

Як падкрэсьліў кіраўнік беларускай дзяржавы, усім цяперашнім палітычным лідэрам, несумненна, будзе карысны мудры вопыт кіраўнікоў краінаў антыгітлераўскай кааліцыі. «Яны змаглі пераадолець непрымірымыя ідэйныя рознагалосьсі і разам перамаглі фашызм. Лічу глыбока сымбалічным, што на нашым парадзе ўрачыстым маршам разам з беларускімі воінамі пройдуць прадстаўнікі ўзброеных сіл Расеі і Злучаных Штатаў Амэрыкі», — падкрэсьліў Лукашэнка.

У той жа час, прадоўжыў ён, на парадзе ў Маскве чаканілі крок беларускія армейцы, дэманстравалася тэхніка, створаная пры ўдзеле беларускіх прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу.

Лукашэнка адзначыў, што вялікая перамога ў вайне падарыла ўсяму сьвету жыцьцё і свабоду. «Да Перамогі нас правялі чатыры гады жорсткай барацьбы, крыві і ахвяр. Шлях ад Брэсцкай крэпасьці да Бэрліна быў не па-чалавечы цяжкім. Галоўны ўдар фашыстаў прыняла на сябе беларуская зямля. Тут разыграліся найбольш жорсткія і трагічныя падзеі пачатку вайны. Менавіта тут, на зямлі Беларусі, быў пахаваны гітлераўскі плян маланкавай вайны і закладзены падмурак будучай вялікай перамогі», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

«У тыле ў вэрмахта быў адкрыты другі фронт — фронт народнай партызанскай вайны. Больш за паўмільёна нашых суайчыньнікаў сталі народнымі мсьціўцамі. Яны бязьлітасна білі акупантаў, ачышчалі ад іх родную зямлю. Да канца 1943 года большая частка тэрыторыі Беларусі кантралявалася народнымі мсьціўцамі. Ворагі кідалі супраць нас сотні тысяч карнікаў. Яны дзейнічалі з варварскай першабытнай жорсткасьцю, раўнавалі з зямлёй нашы гарады і вёскі, вешалі, расстрэльвалі і палілі жывымі нашых жанчын, дзяцей і старых. З намі вялі вайну на поўнае зьнішчэнне. Нас не зламалі, мы выстаялі і перамаглі! Але ў гэтай бітве Беларусь панесла велізарныя страты, і гэты страшны боль ня можа загаіць нават час», — сказаў Лукашэнка.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG