Гэта здарылася ў мікрараёне Каменная Горка.
Праваабаронца і назіральніца за выбарамі Натальля Гарачка зафіксавала групу «карусэльшчыкаў» на выбарчым участку 367, што ў гімназіі № 20 на вуліцы Адзінцова ў Менску.
Як паведаміла Свабодзе Натальля, людзі, якіх бачылі на ўчастках для галасаваньня ўчора, зьявіліся тут ізноў. Праваабаронца пасьпела зьняць іх на відэакамэру, аднак дзяжурны міліцыянт вырваў камэру ў яе з рук. Акурат перад тым, як на ўчастку зьявіліся журналісты, невядомы чалавек у цывільным вярнуў камэру назіральніцы.
Натальля выклікала міліцыянтаў, якія прыбылі на месца, але не прынялі мер, каб вярнуць назіральніцы яе маёмасьць. Супрацоўнікі міліцыі і іх кіраўнікі адмаўляюцца называцца і камэнтаваць свае дзеяньні. Натальля Гарачка мяркуе, што міліцыянты разам з чыноўнікамі выбарчага ўчастку хочуць зьнішчыць відэакадры з выявамі ўдзельнікаў «карусэлі».
Як сказала Натальля, старшыня выбарчай камісіі пацьвердзіла, што сіні мікрааўтобус, на якім прыехалі «карусэльшчыкі», належыць выбарчай камісіі. Цяпер Натальля Гарачка напісала заяву ў міліцыю, зьбіраецца фіксаваць сіняк, які застаўся на руцэ пасьля кантакту зь міліцыянтам.
Прадстаўніца выбарчай камісіі заявіла Свабодзе, што мікрааўтобус сапраўды належыць камісіі, але людзі ў мікрааўтобусе не галасавалі паўторна. Называць сваё імя жанчына адмовілася.