Беластоцкая турыстычная фірма «Nowator» распрацавала шоп-тур у Горадню па нядзелях, калі ў Польшчы не працуюць крамы. Але горадзенскія турагенты маюць сумневы, што прапанова стане папулярнай — палякі пакуль мала набываюць беларускіх тавараў.
Паўтары гадзіны на гандлёвы цэнтар
Прапанова езьдзіць на закупы ў Горадню пазначаная як «гіт» і вісіць на самым бачным месцы інтэрнэт-старонкі беластоцкай турфірмы. Выезд аднадзённы, у Горадні можна прабыць шэсьць з паловай гадзін. Паўтары гадзіны з гэтага часу адводзіцца на буйны гандлёвы цэнтар «OldCity». Ён, бадай што, найбліжэйшы па фармаце і асартымэнце тавараў і паслуг да беластоцкага гандлёвага цэнтру «Atrium Biała», папулярнага сярод беларусаў.
Тут можна набыць адзеньне эўрапейскіх і беларускіх брэндаў, абутак, касмэтыку, лекі, ювэлірныя вырабы, электроніку, прадукты харчаваньня, паабедаць у рэстарацыі або кавярні.
Прадугледжана больш за гадзіну вольнага часу, калі турысты могуць пахадзіць па Горадні ды набыць памяткі пра яе.
Большую ж частку праграмы, каля трох гадзін, традыцыйна займае экскурсія па гістарычнай частцы гораду з наведваньнем замкаў, касьцёлаў, музэяў, палацаў.
Запісацца ў шоп-тур можна на кожную з адзінаццаці нядзель да канца году, калі крамы ў Польшчы будуць зачыненыя.
Запісаў няма, але людзі цікавяцца
Як сказала Свабодзе супрацоўніца турфірмы «Nowator» Ганна Літвінчук, прапанова зьявілася некалькі дзён таму. Яе вырашыў распрацаваць дырэктар фірмы ў сувязі са зьменамі ў польскім заканадаўстве.
«У нас яшчэ няма запісаў [на шоп-тур у Горадню], але некалькі чалавек ужо пыталіся. Раней мы ладзілі толькі экскурсіі з наведваньнем Горадні на некалькі дзён», — кажа Ганна Літвінчук.
Пакуль невядома, ці дададуцца іншыя крамы або рынкі ў сьпіс гандлёвых пунктаў. Гэта будзе залежаць ад попыту на паслугу.
Як адзначыла Ганна Літвінчук, з увядзеньнем бязьвізу горадзенскі напрамак стаў вельмі папулярны. Турысты задаволеныя кожным выездам, асабліва хваляць беларускую гасьціннасьць. За гэты час фірма прывезла ў Горадню каля 250 палякаў.
Шоп-тур у два разы таньнейшы за экскурсійную паездку
Цана шоп-тура зь Беластока ў Горадню — 120 злотых (каля 70 беларускіх рублёў). Тым часам аднадзённая экскурсія ў Горадню, проста каб паглядзець стары горад, у іншай беластоцкай турфірме каштуе ў два разы больш — 240 злотых.
Палякі купляюць толькі салодкія прысмакі і сувэніры
Аднак у розных горадзенскіх турыстычных фірмах ня ўпэўненыя, што шоп-туры стануць папулярнымі ў палякаў. Турагенты кажуць, што польскія турысты ня надта любяць нешта набываць у Беларусі. Найбольш купляюць літоўцы, бо для іх тут цэны ніжэйшыя.
«Сталыя польскія турысты хутчэй прыяжджаюць у Горадню па настальгію, моладзь — пабавіць час, адпачыць. Тавараў набываюць мала. Звычайна беларускія цукеркі, зэфір, якога ў іх няма, або нейкія сувэніры», — кажа супрацоўнік горадзенскай турфірмы «Дон Кіхот» Аляксандар Дзікевіч.
Горадзенцы едуць закупляцца ў Беласток больш ахвотна
Для параўнаньня, паездка Горадня — Беласток — Горадня праз горадзенскія фірмы каштуе значна таньней — 21 рубель. Горадзенскія мікрааўтобусы цягам дня правозяць пасажыраў па гандлёвых асяродках Беластоку: Кальварыйскі рынак, гандлёвы цэнтар «Atrium Biała», гіпэрмаркет францускай гандлёвай сеткі «Auchan».
Супрацоўніца горадзенскай фірмы «Інтакс» кажа, што беластоцкі напрамак дзеля шопінгу па-ранейшаму вельмі папулярны сярод горадзенцаў: «Едуць і едуць, месцаў нават часам няма. Вясна пайшла, перад сьвятам не дакупіцца білетаў было».
Да прыкладу, толькі ад гэтай фірмы штодня на Беласток ідуць па чатыры мікрааўтобусы, часам поўныя, часам не.
Прыехала больш за 55 тысяч бязьвізавых турыстаў
За час дзеяньня бязьвізу, па інфармацыі БелТА, Горадню і Горадзенскі раён наведалі больш за 55 тысяч турыстаў — больш за 50 тысяч летась і больш за 5 тысяч сёлета — зь дзясяткаў розных краін. Палякі — адны зь лідэраў па колькасьці наведваньняў.