Прагуляцца па Горадні, праплысьці Аўгустоўскім каналам або прайсьціся па нацыянальным парку «Белавеская пушча» за няпоўны год выказалі жаданьне больш за 20 тысяч жыхароў Літвы, паведамляе DELFI. Толькі ў зоне Аўгустоўскага каналу пасьля дазволу на яе бязьвізавае наведваньне пабывала амаль 35 тысяч турыстаў, траціна зь якіх — літоўцы.
Намесьнік начальніка ўпраўленьня спорту і турызму Гарадзенскай вобласьці Тацьцяна Лідзяева расказала, што турысты зь Літвы «прывялі ў рух гарадзкое жыцьцё». «Горад ажывае ня толькі таму, што турысты купляюць больш сувэніраў. Дадатковыя даходы атрымліваюць ўстановы харчаваньня, гатэлі; горад жыве ў іншым рытме», — адзначыла яна.
Невыпадкова Горадню напаткаў бум кавярняў. Іх стала ў пэўным сэнсе як «за польскім часам».
Паездка з турыстычнай групай у Горадню і яе навакольле абыходзіцца літоўцам ў суму ад 10 да 45 эўра, дадаткова даводзіцца заплаціць за наведваньне Аўгустоўскага каналу.
Ад канца леташняга кастрычніка Беларусь увяла бязьвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян у турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя да яго тэрыторыі — гэта Горадня, а таксама Адэльскі, Госкі, Капцёўскі, Падлабенскі і Сапоцкінскі сельсаветы. Падарожнічаць тут бязь візы турысты могуць да пяці сутак.
Літоўскія турысты кажуць, што пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы Беларусі іх нязьменна папярэджваюць: за выезд зь бязьвізавай тэрыторыі ім пагражае адміністрацыйная адказнасьць. Парушальнікаў правілаў бязьвізавага рэжыму наступны раз могуць у краіну не ўпусьціць.