9 чэрвеня ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёну мясцовыя жыхары ладзілі старажытны традыцыйны абрад «Ваджэньне і пахаваньне стралы». Коратка — «Пахаваньне стралы».
Унікальны абрад беларусаў Пасожжа захаваўся найпаўней якраз на Веткаўшчыне — у Стаўбуне, Неглюбцы, Казацкіх Балсунах. Акурат на гэты дзень прыпадае і рэлігійнае сьвята Ўзьнясеньне, або па-народнаму — Ушэсьце.
Бліжэй да поўдня над Стаўбуном пачалі гусьцець хмары, памацнеў вецер.
Надворʼе — не перашкода. З двух бакоў па доўгай вуліцы ў цэнтар вёскі пацягнуліся гурты жанок і дзяўчат у нацыянальных строях.
Счапіўшыся ў шыхты сагнутымі ў локцях рукамі, жанкі дружна сьпяваюць:
Ты ляці, страла, ды ўздоўж сяла,
ды ўздоўж сяла ў канец вуліцы,
ня ўбі, страла, добрага молайца
па тым молайцу плакаць некаму...
Сваёй еднасьцю й песьнямі гурты, рухаючыся ўздоўж вуліцы, як бы адцясьняюць перуновы стрэлы далей ад сваіх падворкаў. Бо з надыходам летняй навальнічнай пары неўтаймаваныя сілы прыроды могуць шмат бяды нарабіць — спаліць хату ці гумно, спляжыць жыта. Перападае ад навальніцы і самому чалавеку. Нездарма ж гурты ў песьні просяць у неба «ня біць добрага молайца».
У цэнтры на скрыжаваньні два сустрэчныя патокі жанок і дзятвы сыходзяцца, зьліваюцца ў вялікі супольны карагод — і абрадавыя песьні гучаць з новай сілай.
Камень расьце бяз кораня,
Вада бяжыць бязь поваду.
Вяскоўка Ганна Куляшова, якая ці не паўстагодзьдзя «водзіць стралу», кажа, што вёска цяпер парадзела, людзей нашмат менш, чым некалі. Старыя паўміралі, маладыя падаліся ў горад. Раней жа ў Стаўбуне з кожнага двара ішлі жанчыны, маладзіцы, дзяўчаткі — «вадзіць і хаваць стралу».
Тым часам вялікая цёмная хмара накрывае вёску. Моцны лівень, але — вось дзіва! — без маланак і грому, заганяе абраднікаў у Дом культуры. Яны й тут водзяць карагод, сьпяваюць.
У абрадзе бяруць удзел і дзяўчаты з гомельскай моладзевай гісторыка-культурніцкай суполкі «Талака».
«Мы заўсёды так робім, — тлумачыць Ліда Лешчанка. — Прыяжджаем, сьпяваем, бо многія вяскоўкі ўжо па ўзросьце ня могуць „вадзіць стралу“. Вось мы й дапамагаем і адначасова вучымся».
...Калі лівень збольшага аціхае, грамада высыпае на вуліцу і аднаўляе ненадоўга сьпеўны карагод на скрыжаваньні, а потым рушыць бакавой вуліцай да жытнёвага поля. З пахмурнага неба бесьпярэстанку сеецца дробны дождж. Школьнікі і старыя ў поле таму ідуць ужо ня ўсе.
Высокае жыта мочыць вяскоўцаў сваім набрынялым калосьсем па самыя пахі. Ніхто не наракае, бо зямелька зачакалася нябеснай вільгаці. Жанкі і дзяўчаты бяруцца за рукі, і ўжо тут, у мокрым жыце, вядуць карагод то ўлева, то ўправа — замыкаюць кола вечнасьці і плоднасьці.
Урэшце карагод спыняецца, Сьвятлана Парашчанка агортвае рукамі пару дзясяткаў жытнёвых сьцяблін і як бы цягне іх зьнізу ўверх, прыгаворваючы:
«Гасподзь сёньня ідзе на небяса й пацягне нашае жыта за каласа. А мы яму пакладзем грошы, каб даў нам Бог ураджай харошы».
Тут пачынаецца іншае сакральнае дзейства — ужо не ваджэньня, а пахаваньня стралы. Жанкі расходзяцца па жыце, кожная выкопвае невялікую крыжападобную ямінку, кладзе туды хто манэтку, хто бліскучы гузік ці пацерку, і загортвае зямлёй.
Пахаваньнем у жытнёвым полі дробных абрадавых рэчаў ад вёскі і адводзіцца «грамавая страла». Самы час жаданьне загадваць.
Бабуля Ганна: «Лукашэнка яшчэ ня даў нам сваіх капеек, дык я нейкую ленінскую ці сталінскую ў зямельку паклала. Баюся, што нас хутка новымі грашыма пакрыўдзяць — абяруць цэнамі ў крамах і на рынках. От, я й пажадала, каб жыцьцё ня горшылася, здароўе было і мір быў на зямлі».
Некаторыя вяскоўцы зрываюць па дзевяць жытнёвых каласоў, пакідаючы пры іх сьцёблы сантымэтраў на трыццаць ці сорак, вяжуць у пучок, каб пакласьці дома за абраз — як заслону, абярэг ад любых нягодаў. І ўжо самыя адданыя старажытнаму абраду на дадатак яшчэ й качаюцца ў воглым жыце — набіраюцца моцы на летнюю працу і дзеляцца зь зямлёю-карміцелькай сваёй уласнай сілай.