Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС назваў «забаўнай» лічбу 44 600 рабоў у Беларусі


Прэс-сакратар міністэрства пацікавіўся, ці былі дасьледчыкі ў Беларусі і на якім рынку яны лічылі рабоў па галовах.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык назваў «забаўным дакумэнтам з забаўнымі лічбамі» дасьледаваньне Global Slavery Index, у якім гаворыцца пра 44 600 рабоў у сучаснай Беларусі, перадае БЕЛТА.

«Першае пытаньне, якое паўстала: ці гэтыя людзі ў Беларусі былі? — кажа Мірончык. — А калі былі, на якім рэчавым рынку яны лічылі рабоў па галовах?»

Таксама ён заўважыў, што ў дасьледаваньні ацанілі колькасьць рабоў у Нарвэгіі ў 900 чалавек, а ў Ісьляндыі — у 400, і папрасіў «сьпіс у студыю». Бо такая дакладнасьць, мяркуе ён, дае магчымасьць скласьці пайменны сьпіс.

Сытуацыю з рабствам у Беларусі ацэньвае спэцдакладчык ААН па правах чалавека, зь якім, паводле Мірончыка, Беларусь «вельмі шчыльна ўзаемадзейнічае». Таксама Беларусь выконвае свае абавязаньні згодна з канвэнцыямі па барацьбе з рабствам — і раней не крытыкавалася за іх выкананьне, кажа Мірончык.

Згодна з дасьледаваньнем Global Slavery Index, доля рабоў (у тым ліку ахвяраў прымусовай працы ці прастытуцыі) у насельніцтве Беларусі прыблізна такая ж, як ва Ўкраіне і Польшчы. Але абсалютная колькасьць — амаль такая ж, як у значна большых па насельніцтве Злучаных Штатах (дзе колькасьць рабоў ацанілі ў 57,7 тысячы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG