«Музыка бязь межаў» — выстава, якая раскрывае некаторых беларускіх музыкаў зь нечаканага боку. Публіка ўбачыць музыкаў як мастакоў.
Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч («Крама»), Алег Хаменка («Палац»), Юры Стыльскі («Дай дарогу»), Андрусь Такінданг («Recha», «Harotnica»), Ганна Жданава («Lilac»), Алесь Таболіч («Znich»), Сяргей Скрыпнічэнка («Žygimont Vaza»), Аляксандар Дземідзенка («Re1ikt») пішуць карціны ў розных тэхніках і стылях. Пра іх захапленьне дагэтуль ведалі збольшага сябры і знаёмыя.
Упершыню візуальныя творы беларускіх музыкаў сабраныя разам, паглядзець іх можа кожны ахвотны.
Адзін з аўтараў карцін на гэтай выставе рок-музыка Лявон Вольскі ня зможа прыйсьці на адкрыцьцё выставы, бо ў яго сёньня вялікі канцэрт у Вільні.
«Наконт карцінаў — раю схадзіць ды паглядзець. Гэта такі самы абмен энэргіяй, як і канцэрт, толькі не ў такой актыўнай форме», — сказаў Лявон пра мастацкую выставу «Музыка бязь межаў».
Выстава будзе адкрытая да 19 сакавіка ад 12:00 да 22:00 на Кастрычніцкай вуліцы, 16, у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ».