У офісе гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) 5 лютага пачаў дзейнічаць Цэнтар беларускай мовы. Яго адкрыцьцё было прымеркаванае да старту другога сэзону гуртку размоўнай беларускай мовы «Лемантар».
У новым цэнтры плянуецца праводзіць сустрэчы і мерапрыемствы па пытаньнях беларускай культуры, гісторыі і сучаснасьці, заняткі дзіцячага гуртку «Мова дзяцей», кінапрагляды. Таксама будзе працаваць бібліятэка і куток настольных гульняў.
Пры цэнтры арганізаваная гарачая тэлефонная лінія ў пытаньнях абароны правоў беларускамоўных грамадзян.
Паводле кіраўніцы Рады гомельскай філіі ТБМ Алесі Аўласевіч, адкрыцьцё цэнтру зьвязанае з тым, што ў другім паводле велічыні горадзе Беларусі няма грамадзкай пляцоўкі для камунікацыі і падтрымкі беларускамоўных.