Многія беларусы неўспадзеўкі даведаліся, што яны дармаеды. Такіх аказалася нямала, набярэцца на кампактную сярэднеэўрапейскую нацыю. Для беларускага працоўнага этасу сытуацыя дзіўная; відавочна, слова чамусьці памяняла значэньне. Разьбярэмся.
Праграма Свабоды „Цырк за дротам“
Ты туняядзец, ты дармаед! Ты еў зашмат катлет! — дае азначэньне паняцьцю дармаед рэпэр Вінсэнт.
Адрозна ад расейскага слова тунеядец (царкоўнаславянскага паходжаньня), дармаед — спрадвечнае беларускае слова. Ёсьць падобныя: мурашкаед, мясаед, людажэр, урэшце. Яны збудаваныя паводле мадэлі „есьць каго ці што? — мурашак, мяса, жарэ людзей“. Назоўнік дармаед утвораны крыху інакш: „есьць як? — дарма“. Ёсьць і варыянт дармо, як у бедаваньні хлапца, які змарнаваўся, ходзячы на пералаз да дзяўчыны:
Народная песьня „Ой, аралі хлопцы ніву“ (Ансамбль „Неруш“).
Заплаці ж ты мне, дзяўчына, што я хадзіў дармо. Значыць, дарэмна, марна хадзіў. Другое значэньне дарма(о) — гэта бясплатна, за нішто. Таксама дармова, на дармаўшчыну. Ёсьць і такое калярытнае слова, напрыклад, у Якуба Коласа: „...Паехаў машынаю дармагалам“.
Вось яна, галоўная ўласьцівасьць лянівага і хітрага дармаеда — усё спажываць дармагалам!
Шляхоцтва, мяшчанства, дармаедзтва
Яшчэ ў зборніку павучаньняў сярэдзіны XVII стагодзьдзя бачым рытарычнае пытаньне: Як ... глядзеці маю на тыя дармаеды. Пакута, ганьба.
У ХІХ стагодзьдзі Іван Насовіч запісвае ў народнай мове гняздо аднакаранёвых словаў:
Дармавое — ‘Прыбытак, атрымваны бяз працы ці заслугаў’. Дармавога нічога на сьвеце няма. Дармавое прахам бярэцца.
Дармаеднага хлеба захацеў, пусьціўся красьць.
Спасіба за абед, што пайдаў дармаед (г. зн. пад’еў).
Дармаедаў многа, а работаць некаму.
І — увага — слова-падарунак для цяперашняе шматлюднае дармаедзкае грамады: дармаедзтва — гэта ня толькі чым дармаед займаецца. Насовіч тлумачыць:
дармаедзтва — гэта ‘общество лентяевъ и празднолюбивыхъ’. Сабралася дармаедзтва (часта кажуць жартам пра гасьцей).
То вы, шаноўныя „новыя дармаеды“, усе разам складаеце беларускае дармаедзтва — можна сказаць, сацыяльную групу, стан, як шляхоцтва ці мяшчанства!
Ты лайдак і абібок!
У народзе тых, традыцыйных, дармаедаў не ўхвалялі. З гаворак: Як можно, не пагналі кароў пасьвіць, дармаеды вы! Дармаед ты, валяч! (в. Стральцы Горадзенскага р-ну). Нашто ў дому дармоеда годоваті (в. Курашэва Чыжаўскай гміны). Карацей, лайдакі, гультаі. Оо, беларуская мова багатая на сынонімы для такіх:
гультаіна, абібок, лежабок, лежань, лянівец, нядбалец (разм.); лайдак, лайдачына, лодар (разм. непахв.); завала, валяч, загавайла (абл.).
Гэтую калярытную калекцыю сабраў Міхась Клышка ў сваім „Слоўніку сынонімаў“. Яе ведаюць беларускія настаўнікі і ўжываюць у выхаваўчых дыскусіях з вучнямі, якія творча пераказаў Зьміцер Сідаровіч:
— Ты лайдак і абібок,
Ты ня вывучыў урок,
Ты ня ведаеш зусім
Анічога ані ў чым!
Добра ўчора адпачыў?!
— Я вучыў!..
(„Дзіцячы альбом“, вып. 2)
Вось з такіх, відаць, і вырастаюць пасьля зацятыя дармаеды :-)
Сакральныя і міталягічныя апекуны дармаедаў
З народнай мудрасьці можна даведацца, хто ў дармаедаў сакральны апякун:
Лежань ты пятроўскі! — скажуць ва Ўсходняй Беларусі (П. Растаргуеў запісаў на Смаленшчыне). Пятроўскі — гэта хто ляжыць і нічога ня робіць у гарачы час касавіцы ў чэрвені, на сьв. Пятра.
Тыя ж дармаеды, якія цікавяцца даўнейшай міталёгіяй, павінны ведаць: на Гомельшчыне на лянівую жанчыну кажуць сядзіць як копша. А Копша — гэта ж вядомае хтанічнае боства, валадарыня царства мёртвых, уся ў сажы і смале (як сьведчыць П. Шпілеўскі).
Дэталёвая клясыфікацыя дармаедаў
Менш вусьцішныя, але разнастайныя сваёй мэтафарычнасьцю запісаныя ў розных беларускіх землях выразы пра дармаедаў-гультаёў з дадатковымі сэмантычнымі адценьнямі:
ледач, атландзер ‘бестурботны чалавек і гультай’, біндзюгайла, блында ‘які бадзяецца бяз справы’, апруда ‘гультай і да таго ж пражэрлівы’, валяч ‘гультай, які любіць шмат спаць’, дзяндзівер ‘лянівы і балбатлівы чалавек’, ад назвы птушкі, дуда Мамонава! ‘калі не разумее ніякай работы’ — хто ж там быў той Мамон? Завалюга, кацьмак ‘гультай, нядбайны чалавек’, лабідуда, додаль, какора, лагіза, лакіза вантух, павала ‘проста гультай’, лантух ‘тоўсты і гультаяваты чалавек’, логмін ‘з хаты лянуецца выйсьці’.
А таксама:
пáмак ці помак (Вот памак, ляжыць і не павярнецца) ‘намоклае бервяно, палена’ і ‘тоўсты, бязвольны чалавек; гультай’, пячурнік (Ён у нас пячурнік: як находзе зіма, дык стараецца скарэй заняць печ) — гэта на Вялейшчыне, а на Мсьціслаўшчыне, паводле Янкі Бялькевіча, з тым жа значэньнем ворапень, баўтрук ‘здаровы, але лянівы чалавек’, саўмэла (Соўгаецца бы саўмэла) ‘чалавек, які ходзіць сюды-туды бяз справы’ (запісаў Іван Лучыц-Федарэц у Дарагічынскім раёне).
Саўмэла хаця б ходзіць, але клясычны гультай ляжыць —
як апока, як калода, як камень, як плаха, як кот на печы, як пан, як пласток, як прасла.
Выбачайце, трэба ж гендэрная раўнавага:
І такая туйка, ды ўжо з туек туйка! (запісаў Мікола Касьпяровіч на Віцебшчыне), валяваха ‘лянівая’, ацесьліўка ‘непаваротлівая і гультаяватая’. Пра апошнюю ёсьць клясычная песьня:
„Песьняры“, 1971 год
То беларускія дармаеды і дармаедкі, выбірайце сабе сынонім на свой густ!
І падатковая інспэкцыя можна завесьці асобныя тэчкі-файлы для пячурнікаў, бэйбасаў, саўмэлаў, павалаў і кацьмакоў. А таксама для латругаў і додаляў. І каб кожная туйка, калода і аторва мела свой статус і спэцыяльны фармуляр „ліста шчасьця“.
Дармаеды = крывапіўцы й жываглоты!
Вернемся да гісторыі. Раней традыцыйныя народныя словы прыліпалі да тых, хто ня дбаў пра ўласную гаспадарку, лайдачыў, шкодзячы самому сабе і ўжо тым самым грамадзе.
Але сэмантыка некаторых словаў перакулілася, калі ў нашай частцы Эўропы завяліся бальшавікі. Новая ўлада ўкладала людзям у галовы, што яны цяпер свабодныя ад ранейшых дармаедаў-прыгнятальнікаў (тут народныя сынонімы ўжо іншыя: абдзірала, зьдзірца, шкурадзёр, жывадзёр, жываед, жываглот, крывапівец, крывапіўца, крывасмок; паразыт, чужаед, чужапас). Праўда, у „дармаеды-прыгнятальнікі“ таксама патрапілі і звычайныя культурныя й заможныя сяляне, талковыя прадпрымальнікі, лішне разумныя інтэлектуалы, сьвятары.
Мы ўсе работнікі, сяляне —
Сусьветны рой працаўнікоў —
Мець будзем на зямлі ўладаньне —
А дармаеды прэч! Далоў!
Жывіцца целам нашым годзе
Усім трутнём ды груганом!
Для нас, паўстаўшых, сонца ўсходзе,
Сьвяціць нам будзе век вяком!
(Міжнародны камуністычны гімн „Інтэрнацыянал“, пераклаў на беларускую Янка Купала ў 1921 г., пазначыўшы гэтым пачатак сваёй „нутраной эміграцыі“, — выраз Ант. Адамовіча)
Неўзабаве высьветлілася, што пры новай уладзе вынікі працы чалавеку зусім не належаць. У беларускіх сялян і майстроў забралі ўласнасьць. Зьявіліся калгасы, дзе за працу налічвалі ня грошы, а фармальныя працадні. Псэўдафальклярысты забясьпечвалі новае жыцьцё ідэйна — кляпалі нібыта народныя прыказкі:
Хто ў калгасе ня робіць, той калгасу шкодзіць.
Працаваць яму лень, а крычыць: мала на працадзень.
Гультай — то калгас ня лай.
Калгаснае ХХ стагодзьдзе ўдарыла па працоўнай этыцы беларусаў, хаця дарэшты яе ўсё ж не разбурыла. Але застаўся недавер да сыстэмы — і да камуністычнай, якая забірае ў людзей уласнасьць, і да посткамуністычнай, якая не дае гарантыяў прыватнай уласнасьці, якая не бароніць чалавека, а крэатыўна накладае падаткі на тых, хто ня можа знайсьці працу.
Заплачу падатак, бо маю дэпутата
Слова падаткі важнае, яно патрапіла ў сталыя выразы моваў сьвету. Калі Брытанія абклала амэрыканскіх каляністаў дадатковымі падаткамі, яны вуснамі Джэймса Отыса заявілі:
No taxation without representation!
Выслоўе назаўсёды ўвайшло ў ангельскую мову. Даслоўна яно азначае ‘няма ападаткаваньня без прадстаўніцтва’, ніякіх падаткаў без свабодных і справядлівых выбараў. Толькі створаны ў выніку такіх выбараў урад можа распараджацца сродкамі грамадзянаў. „Ападаткаваньне без прадстаўніцтва ёсьць тыранія“, — лічылі абураныя каляністы. Гісторыя з падаткамі прывяла да Амэрыканскай рэвалюцыі ды стварэньня Злучаных Штатаў Амэрыкі. У беларускай мове падобнага выслоўя пакуль няма.
***
Папраўдзе калі працавітыя і адказныя людзі аказаліся ў нявыкрутцы, пачуваюцца як у кляшчотках, у іх непярэліўкі, — ніякія яны не дармаеды. Іх можна так называць толькі жартам. Або са злосьці.