Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сябры» і «Тяни-Толкай» — за КПРФ, «Ляпіс» — за Навальнага

абноўлена

Ляпіс Трубяцкой
Ляпіс Трубяцкой

Беларускія музыкі падтрымаюць розных кандыдатаў на выбарах мэра Масквы.

За некалькі гадзін да надыходу «дня цішыні» кандыдаты ў мэры Масквы правядуць мітынгі-канцэрты. Удзел у агітацыйных канцэртах бяруць і беларускія музыкі. На мітынгу ў падтрымку КПРФ на плошчы Рэвалюцыі выступяць «Сябры», «Тяни-Толкай» і Руслан Аляхно. У гэты час на праспэкце Сахарава вядомы беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкой» зайграе ў падтрымку расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.

"Тяни-толкай"
"Тяни-толкай"
Лідэр гурту «Тяни-Толкай» Павел Клышэўскі, пачуўшы пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода пра сёньняшні выступ у Маскве, кінуў трубку. Для дырэктара калектыву Паўла Чыкезава стала навіной, што канцэрт, на якім сёньня выступіць гурт, ладзіцца ў падтрымку партыі расейскага камуніста Зюганава:

«Мы нават ня ведаем, у падтрымку каго гэты канцэрт. Гэта не падтрымка каго-небудзь з кандыдатаў, а проста музычны выступ у цэнтры Масквы. Мы ні за кога не галасуем. Ды мы ўвогуле зь іншай дзяржавы. Мы па-за палітыкай».

Паводле Чыкезава, грошай за свой выступ гурт не бярэ:

«Для нас гэта піяр-ход, гэта прэстыж — выступіць у цэнтры Масквы».

На пытаньне Свабоды, якое стаўленьне гурту да таго, што «Ляпіс Трубяцкой» вырашыў падтрымаць Навальнага, Чыкезаў адзначыў:

«Я нават ня ведаю, хто такі Навальны. А Ляпіс Трубяцкой — для мяне не аўтарытэт. Я не люблю такую творчасьць. Гэты гурт не нясе культуру ў масы».


«Ляпіс Трубяцкой» сваю пазыцыю вызначыў у адмысловай заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце 3-га верасьня:

«Мы падзяляем далёка ня ўсе погляды Навальнага. Нешта нам здаецца спрэчным, нешта — і зусім няправільным. Але мы лічым, што Навальны робіць вельмі шмат для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і — адзіны з апазыцыйных палітыкаў, які пасьпяхова супрацьстаіць прагнілай дзяржаўнай сыстэме. Таму свой удзел у мітынгу-канцэрце Аляксея Навальнага мы разглядаем не як палітычную акцыю, а як грамадзянскі ўчынак».​

Лідэр беларускага гурту «Нейро Дюбель» Аляксандар Кулінковіч падкрэсьліў у інтэрвію Радыё Свабода, што ня бачыць нічога заганнага ў гэтых выступах:

«Гэта выбар кожнага — дзе выступаць і за каго. Нават калі гэта будзе ў Расеі і гэта будзе Навальны ці які-небудзь Жырыноўскі. Але калі гаварыць пра маю асабістую пазыцыю, то мне наагул не падабаецца, калі музыкі выступаюць канкрэтна ў падтрымку пэўных палітыкаў ці якіх-небудзь палітычных сілаў.

Піт Паўлаў
Піт Паўлаў
«Ляпіс» у сваёй заяве адзначыў, што на мітынгу Навальнага выступацьме задарма. А вось лідэр гурту N. R. M. Піт Паўлаў кажа, што пагадзіўся б выступаць за якую-небудзь палітычную сілу ў Расеі, але толькі за вялікія грошы:

«Я ў расейскай палітыцы не разьбіраюся, толькі нешта ведаю, што чуў з мэдыяў. Таму не далучаўся б ні ў якім выглядзе да расейскіх палітычных кампаній. Але калі б N.R.M. прапанавалі ўдзел у такім канцэрце за вельмі вялікія грошы, якія значна перавышаюць нашыя звычайныя ганарары, то мы б пагадзіліся. Бо гэта б нам дазволіла пасьля ўкласьці іх у разьвіцьцё і паляпшэньне музычнай базы калектыву».

Аляксей Навальны
Аляксей Навальны
Выбары мэра Масквы адбудуцца 8 верасьня — у адзіны дзень галасаваньня. Галоўная інтрыга разгортваецца вакол асобы расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, які стаў вядомы дзякуючы сваім праектам па барацьбе з карупцыяй у найвышэйшых колах расейскіх уладаў.

Чакаецца, што на сёньняшні мітынг-канцэрт на праспэкце Сахарава прыйдуць да 25 тысяч чалавек. Радыё Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю.

«Пуговица» — «Тяни-толкай»:

«Ня быць скотам» — «Ляпіс Трубяцкой»:
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG