У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова аб’ядноўваюць факультэты. Ня першы год гэтая вышэйшая навучальная ўстанова, якую скончыў у свой час Аляксандар Лукашэнка, недабірае студэнтаў. За апошнюю пяцігодку колькасьць студэнтаў ва ўнівэрсытэце зьменшылася амаль на тысячу. З аб’яднаньнем чатырох факультэтаў у два скароціцца і выкладчыцкі корпус.
Паводле прарэктара па навучальнай працы Мікалая Бузука, «перафарматаваньне» факультэтаў — вымушаная мера, каб не закрываць спэцыяльнасьці. З падобнай сытуацыяй, даводзіць ён, сутыкнулася большасьць вышэйшых навучальных установаў Беларусі.
Мы выконваем нарматыўныя дакумэнты, тлумачыць суразмоўца.
«Гэта зьвязана з новымі правіламі гульні, якія былі ўведзеныя летась. Паводле іх факультэт як структурнае падразьдзяленьне ўнівэрсытэту павінен мець ня меней за 200 бюджэтных месцаў на дзённым навучаньні. Тады ён мае права на існаваньне і можа ўтрымліваць штатную адзінку дэкана».
«Нэгатыўна адбіваюцца і адгалоскі дэмаграфічнай яміны, — працягвае Мікалай Бузук, — ды эканамічнае становішча, якое ўплывае на колькасьць ахвочых паступаць на платнае навучаньне. Пагаршае сытуацыю і адсутнасьць зацікаўленасьці ў маладых людзей атрымліваць пэдагагічныя прафэсіі. Робіць свой уплыў і вялікая колькасьць унівэрсытэтаў у Беларусі».
«Ахвярамі» аб’яднаньня стануць фізыка-матэматычны, гістарычны факультэты, а таксама факультэт прыродазнаўства і славянскай філялёгіі. Замест іх зьявяцца гісторыка-філялягічны факультэт ды факультэт матэматыкі і прыродазнаўства. Панясе страты і выкладчыцкі склад унівэрсытэту. Адбудуцца скарачэньні штатных адзінак.
Мікалай Бузук заўважае, што яны будуць праводзіцца па-людзку.
Ёсьць старэйшыя выкладчыкі, у якіх няма ступеняў. Найперш з гэтымі людзьмі будзем разьвітвацца
«Ёсьць даволі вялікая колькасьць людзей пэнсійнага ўзросту, — тлумачыць суразмоўца. — Ёсьць старэйшыя выкладчыкі, у якіх няма ступеняў. Найперш з гэтымі людзьмі будзем разьвітвацца. Безумоўна, нехта можа апынуцца і ў пакрыўджаным стане. Але што ж рабіць, жыцьцё ёсьць жыцьцё».
«Трэба ж скарачаць і колькасьць катэдраў, — працягвае суразмоўца. — Іх нейкім чынам таксама аб’ядноўваць. Мы неяк знайшлі паразуменьне і з загадчыкамі катэдраў. Зь іх ніхто ня стаў у апазыцыю ці нэгатыўна ўспрыняў тое, што ў нас адбываецца».
На пытаньне, ці дапаможа ўнівэрсытэту далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу, Мікалай Бузук адказаў:
«Безумоўна — гэта прагрэсіўная зьява, з аднаго боку. Але калі задумацца, — каб не адбылося вымываньня нашых маладых людзей, найперш навукоўцаў, у тым ліку студэнтаў, добра падрыхтаваных спэцыялістаў, за мяжу. Паколькі свабодна, як кажуць, адчыняюцца дзьверы ў Эўропу».
Знайсьці ахвотных сярод выкладчыкаў, каб пагаварыць на тэму зьменаў ва ўнівэрсытэце, не ўдалося. У прыватных гутарках некаторыя зазначалі, што працэс аб’яднаньня факультэтаў — рэальнасьць, якую нельга абмінуць.
Былыя выпускнікі зьвязваюць недабор студэнтаў ва ўнівэрсытэт з падзеньнем прэстыжу прафэсіі настаўніка. Пра гэта кажа выпускнік гістарычнага факультэту гэтай навучальнай установы Алесь Крыжэвіч.
«Зусім не паважліва ставяцца цяпер да настаўнікаў», — заўважае ён.
«Акрамя непасрэдна выкладчыцкай дзейнасьці, нагружаюць пэдагогаў іншымі справамі, накшталт збору макулятуры, мэталалому і гэтак далей. Настаўнік не павінен гэтым займацца. Вядома ж, маладыя спэцыялісты дужа мала зарабляюць. Паўтара-два мільёны — гэта максымум, што можа зарабіць малады настаўнік».
Яшчэ адзін выпускнік унівэрсытэту, Яўген Дудкін, у школе аднаго з райцэнтраў Магілёўшчыны вучыць дзяцей гісторыі і грамадазнаўству. Ён таксама адзначае, што прафэсія настаўніка непрэстыжная цяпер. Яго не зьдзівіла навіна пра недабор студэнтаў ва ўнівэрсытэт, дзе і ён вучыўся.
Паўтара-два мільёны — гэта максымум, што можа зарабіць малады настаўнік
«Мала хто ідзе вучыцца, бо лічыцца, што пэдагог — непрэстыжная прафэсія. Лепш зарабляць недзе ў гандлі, у бізнэсе, чым вучыць дзяцей. Калі прыяжджае малады пэдагог з абласнога цэнтру ў вёску, то яму цяжка ўліцца ў новае для яго жыцьцё. Таму і не хапае настаўнікаў. Тут якраз патрэбныя добрыя дырэктары-мэнэджэры, якія б знайшлі, чым зацікавіць маладых спэцыялістаў, каб яны засталіся ў школе».
Яўген лічыць, што многіх ахвотных паступіць ва ўнівэрсытэт палохае разьмеркаваньне. Тыя ж, хто паступае на платнае навучаньне, кажа ён, імкнуцца атрымаць дакумэнт аб вышэйшай адукацыі. Сама прафэсія іх мала цікавіць.
Сам Яўген зь сям’і настаўнікаў. Вучыцца на пэдагога пайшоў сьвядома. Заўважае, што адпрацаваў з двух абавязковых гадоў разьмеркаваньня палову. Сваю будучыню зьвязвае з настаўніцтвам.
«Калі скончыў ВНУ, то трэба быць зьвязаным са сфэрай адукацыі, каб вучыць дзяцей», — лічыць ён.