Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Эўрапарлямэнт лічыць, што беларускія ўлады недастаткова робяць дзеля пабудовы дэмакратыі ў краіне


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч, Валер Карбалевіч.

Глод: Наяўнасьць сьмяротнага пакараньня, адсутнасьць бясьпекі Беларускай атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы, і адмова ад правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў сталі трыма асноўнымі прычынамі, зь якіх дэпутаты Эўрапарлямэнту ўчора прынялі спэцыяльную рэзалюцыю пра Беларусь.

У краіне зьяўляюцца новыя палітвязьні, ужываецца сьмяротнае пакараньне.

Падчас дэбатаў эўрадэпутаты прызналі, што прагрэс Беларусі ў адстойваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў «недастатковы»: у краіне зьяўляюцца новыя палітвязьні, ужываецца сьмяротнае пакараньне. «З 1994 году ў краіне не было свабодных і справядлівых выбараў. Спробы дамагчыся прагрэсу ў іх правядзеньні падчас прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, адпаведна, у 2015 і 2016 гадах сталі недастатковымі. Пачынаючы ад 2000 году, у краіне не была афіцыйна зарэгістраваная ніводная новая палітычная партыя. Былі ўжытыя новыя спосабы перасьледу або нават турэмнага зьняволеньня апазыцыі», — сказана ў дакумэнце.

Эўрадэпутаты заклікалі Беларусь спыніць такую практыку і заявілі аб схільнасьці Эўрапарлямэнту падтрымаць дэмакратычныя памкненьні грамадзян краіны. Дэпутаты зьвярнуліся да Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і Эўракамісіі з заклікам і далей падтрымліваць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, так (на мой погляд, вельмі важна) і за яе межамі.

Дэпутаты зноў заклікалі Беларусь «далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку на шляху да ягонай поўнай адмены».

Эўрадэпутаты таксама занепакоеныя тым, наколькі бясьпечныя будаўнічыя работы на АЭС у Астраўцы. Яны заклікаюць да міжнароднага кантролю за будаўніцтвам, каб можна было гарантаваць адпаведнасьць праекту ўсім нормам ядзернай бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Афіцыйны Менск лічыць, што рэзалюцыя наносіць шкоду нармалізацыі стасункаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўжо адрэагавала на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту. Афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык заявіў, што гэты дакумэнт «наносіць шкоду працэсу нармалізацыі нашых стасункаў». Афіцыйны Менск лічыць, што рэзалюцыя ня толькі не адлюстроўвае духу бягучага ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам, але і наносіць відавочную шкоду працэсу нармалізацыі гэтых стасункаў. «Шэраг абсалютна лжывых пасылаў і сьцьвярджэньняў сьведчаць аб адсутнасьці ў адпаведных эўрапарлямэнтароў нават жаданьня зразумець тое, што адбываецца ў эўрапейскім рэгіёне, а таксама аб захаваньні нэгатыўнага настрою ў дачыненьні да Беларусі» — падсумаваў спадар Мірончык.

Падобна, што спадзяваньні беларускіх уладаў на хуткія зьмены ў дачыненьнях з Брусэлем ня спраўджваюцца. Так, Эўразьвяз пайшоў на некаторыя саступкі афіцыйнаму Менску. Аднак беларускія ўлады спадзяваліся на большае. Учора намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына заявіла, што эўрапейскі бок пакуль ня хоча даваць Беларусі пераходны пэрыяд у пагадненьні аб рэадмісіі. А менавіта гэтае пагадненьне зьяўляецца істотнай часткай вялікіх візавых дамоўленасьцяў з Эўразьвязам.

Грузьдзіловіч: Адзначу з задавальненьнем, што «прагрэс» прызналі недастатковым.

Учора я быў на мітынгу на плошчы Свабоды, які праводзілі Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў з нагоды 20-годзьдзя рэфэрэндуму 1996 году, які ўвёў у Беларусі дыктатуру. Там адзначалі, што Эўропа ўжо фактычна стала на бок Лукашэнкі і дапамагае яму трымаць улады. Такія прэтэнзіі ад актывістаў дэмакратычнага кірунку ў Беларусі ўсё гучнейшыя. Яны становяцца парадкам дня, яны гучаць на сустрэчах з прадстаўнікамі Эўропы, якія праходзяць тут, у Беларусі, і даходзяць, відаць да кіраўніцтва Эўразьвязу і прымушаюць яго больш жорстка гаварыць зь беларускім рэжымам.

Зьвяртаецца ўвага, што зноў зьявіліся палітвязьні.

Зьвяртаецца ўвага, што зноў зьявіліся палітвязьні. Гэта сказана агульна, бяз прозьвішчаў, але можна лічыць, што будуць прыглядацца да гэтай праблемы, бо пры тым, што некаторых апошнім часам вызвалілі, як Пальчыса, але ёсьць шэраг людзей, парадку 10 чалавек, якіх можна лічыць палітвязьнямі. Відаць, змаганьне за іх будзе працягвацца.

Варта адзначыць у заяве Эўрапарлямэнту, што беларускія ўлады знаходзяць шляхі для пакараньня актывістаў. Гэта так, вельмі важна, што гэта заўважана, бо практыка апошніх месяцаў, калі актывістам даюць неверагодныя штрафы, якія не стасуюцца ні з узроўнем жыцьця, ні з узроўнем прыбыткаў нават багатых людзей у Беларусі. Гэта сьведчыць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца.

Актывіст Леанід Кулакоў просіць суд, каб далі арышт, бо ён ня можа сплачваць штрафы. Не, яму ўсё роўна даюць па 50 базавых велічынь, гэта 1000 рублёў, — сапраўды неверагодныя грошы.

Вельмі важна, што Эўрапарлямэнт у шэраг палітычных прычын запісаў праблему Астравецкай электрастанцыі.

Вельмі важна, што Эўрапарлямэнт у шэраг палітычных прычын запісаў праблему Астравецкай электрастанцыі. Гэта паказвае, што гэтае пытаньне ня будзе выходзіць з парадку дня.

Карбалевіч: Вельмі сымбалічна, што рэзалюцыя, прынятая ў 20-ю гадавіну рэфэрэндуму ў Беларусі 1996 году, у выніку якога ў краіне ўсталяваўся аўтарытарны рэжым, у якім правы чалавека груба парушаюцца. Нішто не забыта і ніхто не забыты. Эўрапарлямэнт зьвяртае ўвагу на ўсім вядомыя факты.

Цікава, што ў беларускай палітычнай супольнасьці канец свабодных выбараў адзначаецца з таго самага рэфэрэндуму 1996 году. А вось эўрапарлямэнтары канстатуюць, што ад 1994 году ў Беларусі не было праведзена ніводных свабодных і справядлівых выбараў.

Таксама важна, што высілкі літоўскіх палітыкаў зьвярнуць ўвагу на беларускую АЭС далі плён. Эўрадэпутаты выказалі занепакоенасьць бясьпекай будаўнічай працы на першай у гісторыі беларускай АЭС у Астраўцы. Яны заклікаюць да «міжнароднага кантролю за ажыцьцяўленьнем гэтага праекту».

Нават адносна амэрыканскіх санкцыяў не было такога рэзкага тону, як з нагоды гэтай рэзалюцыі.

Зьвярнуў бы ўвагу на незвычайна рэзкую заяву прэсавага сакратара МЗС Беларусі Мірончыка з нагоды гэтай рэзалюцыі. Нават адносна амэрыканскіх санкцыяў не было такога рэзкага тону, як з нагоды гэтай рэзалюцыі. Апошнім часам беларускія ўлады на любую крытыку Захаду сытуацыі з правамі чалавека рэагуюць спакойна. Маўляў, давайце абмяркоўваць, мы гатовыя да дыялёгу. А гэтая заява Мірончыка вяртае нас да рыторыкі часоў палітычнага супрацьстаяньня афіцыйнага Менску і Захаду.

Хаця з чым тут спрачацца? Сьмяротнае пакараньне ёсьць у Беларусі? Ёсьць. Ніводная новая палітычная партыя не была зарэгістраваная ад 2000 году? Так. Дык што хоча абвергнуць спадар Мірончык?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG