Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінгандлю адмовілася ад падаткаў на пасылкі з замежных крамаў


Але зьбіраецца ўвесьці «таемнага пакупніка» і прасоўваць беларускія тавары на AliExpress.

Беларусь адклала разгляд падатку на пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў і ўсклала адказнасьць за такое рашэньне на Эўразійскую эканамічную камісію, перадае tut.by словы намесьніцы міністра гандлю Ірыны Наркевіч. Але Беларусь можа пайсьці хутчэй за ЭЭК, калі тая будзе «тармазіць працэс», папярэджвае Наркевіч.

Намесьніца міністра адзначыла, што за 2014 год колькасьць пасылак з замежных інтэрнэт-крамаў у Беларусь вырасла ў 2,7 раза (з Кітаю — у 18 разоў), але пры гэтым 80% пакупак каштуюць менш за 10 эўра. Пакуль беларусы могуць атрымліваць пасылкі без падаткаў на суму да 200 эўра на месяц, а за даражэйшыя пасылкі плаціць 30% ад сумы перавышэньня.

Ад 1 студзеня інтэрнэт-крамы Беларусі будуць абавязаныя мець тэрміналы для безнаяўнай аплаты, але ўжо ня будуць (як і ўсе прадпрымальнікі) мець права на спрошчаную сыстэму сплаты падаткаў. Але могуць атрымаць права прадаваць у інтэрнэце спартовае харчаваньне і ювэлірныя вырабы пры наяўнасьці пункту стацыянарнага гандлю, калі Мінгандлю прыме адпаведнае рашэньне.

Наступным этапам стане зьяўленьне «таемнага пакупніка», дадае onliner.by словы генэральнага дырэктара Асацыяцыі кампаніяў інфармацыйных тэхналёгіяў. Супрацоўнікі фармальна незалежнай асацыяцыі будуць фіксаваць факты продажы электронікі і бытавой тэхнікі ў Байнэце з парушэньнямі заканадаўства ды перадаваць зьвесткі ў органы кантролю.

Беларусь тым часам працуе над прасоўваньнем айчынных тавараў на найбуйнейшыя пляцоўкі анлайн-гандлю, кітайскія Alibaba (гандлёвая пляцоўка для арганізацыяў) і AliExpress (дзе гандлююць дробныя прадпрымальнікі і прыватныя асобы), перадае sb.by. У лік тавараў, якія зьбіраюцца «прасоўваць», трапіць у тым ліку прадукцыя «Беллегпраму».

«У Кітай некалькі месяцаў таму езьдзілі прадстаўнікі нашай Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, — казала Лілія Ананіч. — Пляцоўка ў іх ёсьць, ёсьць і дамоўленасьці з буйнымі кітайскімі пляцоўкамі, каб яны ў наступным годзе прыехалі да нас і абмеркавалі пытаньне прасоўваньня беларускіх тавараў. У гэтым зацікаўленыя і мы, і яны: пасьля пэўнага часу актыўнай экспансіі кітайскіх тавараў на сусьветныя рынкі ім патрэбныя навінкі, якасны замежны тавар сярэдняга цэнавага сэгмэнту. Наш тавар падыходзіць пад гэтыя крытэры».

За 2014 год Беларусь экспартавала ў іншыя краіны тавараў на суму 36 млрд даляраў, а абарот Alibaba Group (уладальнікі Alibaba, AliExpress і шэрагу іншых пляцовак анлайн-гандлю) за адзін толькі дзень распродажаў 11 лістапада склаў 14 млрд даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG