Маладафронтавец Мікола Дземідзенка апавёў карэспандэнту Свабоды, што ні пацярпелых, ні затрыманых у выніку канфлікту напачатку сустрэчы з ідэолягам «русского мира» Мікалаем Старыкавым няма.
«Была патасоўка, я ня бачыў, як гэта выглядае ў інтэрнэце, напэўна, брутальна. Але насамрэч вельмі хацелі зьбіць, але „рускі мір“ аслабеў ці што. Яны не прадстаўляліся. Мяркую, гэта была нейкая ахова кшталту казацкіх дружын».
— Як яны выглядалі?
— Яны былі ў чорных кашулях. Але іншыя кажуць, што яны былі проста ў цывільным. Бачна было, што ватнікі капітальныя.
— Як рэагавала міліцыя?
— Міліцыя ня брала ўдзелу ў канфлікце. І нам гэта вельмі падабаецца. Таму мы не зьбіраемся зьвяртацца ў міліцыю, хаця было відавочнае хуліганства зь іх боку. Але калі б яны прыйшлі на нашае мерапрыемства, я паводзіў бы сябе прыблізна гэтак жа, як яны. Таму на вайне як на вайне.
— А як вы патрапілі ў залю?
— Спакойна прыйшлі. Я рэгістраваўся за некалькі дзён, а тут і рэгістрацыя не спатрэбілася. Проста зайшлі ў залю, пачаў выступаць Старыкаў. Мы пачалі дудзець і крычаць. «Чамадан, вакзал, Расея!» Ён засмуціўся, і пачалася бойка.
— Чаму вы пайшлі на гэтую сустрэчу, як вы ставіцеся да такіх візытэраў з Масквы?
— Я прачытаў публіцыстыку Старыкава, і, на мой погляд, гэта досыць замшэлы ідэоляг «рускага сьвету», які мае адкрыта шавіністычныя імпэрскія погляды. Які ня лічыцца зь незалежнасьцю, з сувэрэнітэтам іншых краін, асабліва Беларусі і Ўкраіны. Таму я яго ідэнтыфікаваў адназначна як нашага ворага, бо ён піша, што няма беларускай нацыі, няма краіны Беларусь. Натхніла салідарызацыя грамадзтва: людзі пісалі, падымалі шум. І гэтага ідэоляга ўдалося выпіхнуць з усіх нармальных месцаў, дзе ён хацеў выступаць. Па сутнасьці ён выступаў у расейскім гета, фактычна ў холе расейскай амбасады. Бо нармальныя канфэрэнц-залі не захацелі мець справу з такім сумнеўным гаспадзінам. Сабраць залю ён ня ў стане. Вялікі расейскі пісьменьнік з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу і адгулаў для студэнтаў напакаваў сабе залю на дзьве траціны. Безумоўна, там былі людзі ідэйныя, камуністы, але іх век значна большы за 70 гадоў. Таму там усё спадабалася, бо выглядае вельмі змрочна і сумна для «рускага сьвету». І «рускі сьвет» зь Беларусьсю ня мае будучыні.