Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Дзядка зьмясьцілі ў карцэр і абмяжоўваюць кантакты з адвакатам


Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

З 23 чэрвеня палітвязень Мікалай Дзядок зноў у карцэры, паведаміў Свабодзе ягоны бацька.

«Нават не пасьпела прасохнуць турэмная роба, якую Мікалай памыў, калі выйшаў з папярэдняга карцэра. Як выйшаў, далі пазваніць дамоў, а як пазваніў, празь некалькі гадзін зноў адправілі ў карцэр на 10 сутак», — апавёў карэспандэнту Радыё Свабода бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.

На яго думку, апошнім часам ціск на ягонага сына значна ўзмацніўся і адбываюцца рэчы, якіх не назіралася цягам 5 гадоў зьняволеньня Мікалая Дзядка. У прыватнасьці, адміністрацыя горацкай калёніі абмяжоўвае кантакты Мікалая Дзядка з адвакатам, не прапускае да яго бандэролі і стварае штучныя перашкоды ў «атаварцы» ў турэмнай краме.

«Мінулым разам адвакат быў у яго 25 хвілін, а ўчора дык увогуле 15, бо загадалі заканчваць размову. Адвакат папрасіў яшчэ час, і на гэта сказалі, каб прыходзіў пасьля абеду. Але пасьля абеду сустрэчу не дазволілі. То бок проста падманулі! Такога яшчэ не было. Мала таго, што стаяць ахоўнікі за сьпінай у адваката і Мікалая, калі тыя размаўляюць, дык увогуле пачалі да мінімуму скарачаць час сустрэчы.

Або яшчэ факт. Мы сабралі і адправілі яму бандэроль — усяго 2 кіляграмы, што дазволена. Пашпартныя дадзеныя пазначыла мая жонка, ягоная мачаха. Дык яны бандэроль вярнулі на той падставе, што, маўляў, не ад блізкага сваяка.

Маці Мікалая пайшла ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, каб паскардзіцца на тое, што робяць з сынам. Там ёй пачалі пагражаць, што паклічуць нарад і яе пакараюць.

У турме стварылі абстаноўку, пры якой Мікалай ня можа скарыстацца турэмнай крамай

І апошняе. У турме стварылі абстаноўку, пры якой Мікалай ня можа скарыстацца турэмнай крамай. На тыя дні, калі ў краме атаварка — гэта чацьвер — яго абавязкова саджаюць у ШЫЗА. У выніку нават набыць рэчы туалету — мыла, туалетную паперу, іншае — немагчыма. Не кажу ўжо пра тое, каб набыць нейкія харчы. Нібыта і грошы ў яго ёсьць на рахунку, а скарыстацца імі ня можа».

Аляксандар Дзядок устрымаўся ад падрабязных камэнтароў пра сытуацыю, якую коратка назваў беззаконьнем.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў арыштаваны ў 2010 годзе пасьля шэрагу пратэстных акцыяў і асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. У лютым 2015 году, калі да заканчэньня тэрміну адседкі Мікалая Дзядка заставалася некалькі дзён, яго зноў судзілі нібыта за парушэньні турэмнага рэжыму і дадалі яшчэ год зьняволеньня. Цяпер Мікалая Дзядка трымаюць у калёніі ў Горках, якая лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі.

Вядома, што Мікалаю Дзядку прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але ён адмовіўся. Праваабаронцы і апазыцыя ў Беларусі лічаць Мікалая Дзядка палітвязьнем і дамагаюцца, каб яго тэрмінова вызвалілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG