Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Менск робіцца горадам для дзяцей


Бэбі-тэатар у Менску
Бэбі-тэатар у Менску

Гэтых мам дзеці не адарвалі ад працы, а натхнілі на яе. Паміж гурткамі па гітары, калыханкамі і дапамогай з урокамі яны пасьпяваюць рэалізаваць ідэі, якія ім падказалі ўласныя дзеці.

У Дзень маці журналістка Юлія Барыла расказвае пра мам, якія робяць Менск горадам для дзяцей.

Злата і Аня

— бэбі-тэатар

У гэты тэатар не надзяюць доўгіх сукенак, на яго спэктаклі бяруць зьменны абутак і мяняюць квіткі нават пры лёгкіх сымптомах прастуды.

Цяжка ўявіць, як тэатральная пастаноўка можа зацікавіць дзяцей узростам ад аднаго году. Але госьці бэбі-тэатру «Бусы» выглядаюць задаволенымі і нават уважлівымі гледачамі і на мэлядычныя галасы і ўсьмешкі Ані і Златы адказваюць тым жа.

Аня і Злата, акторы і рэжысэры "Бэбі-тэатру"
Аня і Злата, акторы і рэжысэры "Бэбі-тэатру"

— Пяць гадоў таму мы арганізоўвалі чытаньні, майстэрні, канцэрты і спэктаклі для дзяцей, — успамінае Злата. — Але менавіта спэктаклі прыцягвалі больш за ўсё ўвагі. І пасьля таго, як мы з Аняй трапілі на курсы для рэжысэраў бэбі-тэатру ў Маскве, мы звузілі нашу дзейнасьць, і атрымаўся свой тэатрык.

Калі мы пачыналі, самі слухалі, шырока расплюшчыўшы вочы: як гэта будзе працаваць, як малыя зразумеюць? Але чалавек пачынае ўспрымаць мастацтва вельмі рана. Нездарма ж многія чытаюць дзеткам кнігі, калі яны яшчэ ў жывоціку. Дзеці не разумеюць, так, але нейкім чынам гэта працуе.

І тэатар працуе. Вобразы зьвязваюцца з гукам, сьвятлом, малюнкамі, атмасфэрай і пазытыўна ўплываюць на дзіця.

Дзіцячы тэатар асаблівы, у ім няма нічога рэзкага: гукаў, рухаў, зьмены сьвятла. Спэктаклі праходзяць толькі пры дзённым сьвятле, інструмэнты граюць без падгучкі. Калі гучыць флейта, твары дзяцей выцягваюцца, яны дыхаюць па-іншаму, бо вакол іх заўсёды шмат мэханічных гукаў, але ў жывой музыцы яны раствараюцца.

На спэктаклі (зьлева – Ганна Шапашнікава, справа – Злата Глотава)
На спэктаклі (зьлева – Ганна Шапашнікава, справа – Злата Глотава)

Мы паказваем спэктаклі бяз сцэны, на адлегласьці выцягнутай рукі, такія пастаноўкі патрабуюць камэрнасьці. Для групы дзяцей ад году да чатырох — гэта 15 сямей. Для старэйшых, ад 2,5 да 6 гадоў, можа быць каля 25.

Спэктаклі вельмі розныя. Гэта можа быць танец, гульня прадметаў, трансфармацыя прадметаў. Зэдлік раптоўна можа ператварыцца ў коніка або цырк.

Менш за ўсё спэктакляў, якія пабудаваныя на словах. І гучыць у іх толькі штосьці простае, як «мама», або ўвогуле гульня з гукам. Дзеці самі паўтараюць за артыстамі «ау-ау», гэта правакуе іх на тое, каб пачаць размаўляць.

Бэбі-тэатар у Менску
Бэбі-тэатар у Менску

Сюжэт дзеці пачынаюць счытваць з двух з паловай гадоў. Гэта вельмі простыя сюжэты: вожык знайшоў шышку, птушка паляцела. Але яны ўжо ня проста глядзяць, як раней, а пачынаюць сачыць за гэтымі міні-гісторыямі.

Спэктаклі для самых маленькіх паказваем толькі мы. Але зь дзеткамі ад 3 гадоў працуюць і другія тэатры. І кожны год мы зьбіраем іх на фэстываль «Казачны джэм».

Мае дзеці і Ганьніна дачка імкліва вырастаюць з бэбі-тэатру. Але, зразумела, што б мы ні ставілі, што б ні прыдумлялі, яны застаюцца нашымі першымі гледачамі.

Ірына

— курсы беларускай мовы для дзяцей

— дапаможнікі для вывучэньня беларускай мовы

У «Цэнтры славянскіх моў і культур» мы зь цяжкасьцю адшукваем свабодную клясу. Дырэктарка гэтай моўнай школы, 27-гадовая Ірына, з энтузіязмам распавядае па-беларуску пра новыя курсы. Калі заняткі па беларускай мове для дзяцей ад 7 гадоў існуюць ужо даўнавата, то з гэтай восені пачаліся ўрокі і для самых маленькіх, ад 4 да 6 год.

— Проста маёй старэйшай дачцэ Мірцы ў гэтым годзе споўнілася 4, — сьмяецца Ірына. — У нашай сям’і я размаўляю па-беларуску, муж па-расейску, вакол больш расейскай мовы, а хацелася б, каб дачка чула і беларускую. Былі і другія зацікаўленыя бацькі, вось і зрабілі курсы.

Ірына Зімнева, заснавальніца курсаў беларускай мовы для дзяцей
Ірына Зімнева, заснавальніца курсаў беларускай мовы для дзяцей

На першых занятках дзеці амаль нічога не разумелі, сьмешна блыталі «дзякуй» і «калі ласка». Але наша настаўніца Кацярына размаўляе зь імі толькі па-беларуску, і з кожным тыднем становіцца ўсё прасьцей. Зразумела, малыя ў асноўным гуляюць. Танцуюць, пяюць, успамінаюць мульцікі, вучаць літары і вершыкі.

А вось для школьнікаў мы распрацавалі невялікія падручнікі «Ўрокі-крокі для беларусікаў» са слоўнікамі, дыялёгамі, малюнкамі. Там галоўныя героі Мірка і Бай таксама вывучаюць беларускую мову. Гэтымі дапаможнікамі зацікавілася адно выдавецтва, таму, магчыма, хутка іх дапрацуем і выдадзім.

Дапаможнікі “Урокі-крокі для беларусікаў”
Дапаможнікі “Урокі-крокі для беларусікаў”

Многія бацькі разумеюць, што нядрэнна падвучыць беларускую, калі дзеці пачынаюць хадзіць у школу. Бо па праграме адразу ідзе граматыка, фанэтыка. Мяркуецца, што дзеці ведаюць мову. Але на справе яны часта працуюць са словамі, якіх не разумеюць. Мне нават тэлефануюць знаёмыя мамы, просяць дапамагчы з «дамашняй работай» для трэцяклясьнікаў.

Моцна адчуваецца, у каго зь дзяцей выкладчыкі ў пачатковай школе адказна ставяцца да беларускай мовы. Часта тыя, хто ведае цяжкія словы, спасылаюцца менавіта на сваіх настаўнікаў.

Ірына з выкладчыцай беларускай мовы Кацярынай
Ірына з выкладчыцай беларускай мовы Кацярынай

Вельмі прыемна, што многія расейскамоўныя сем’і прыводзяць дзяцей проста з павагі да беларускай мовы. Самі бацькі зь нейкіх прычын мовай не валодаюць, але дзяцей выхоўваюць так, каб яны ёй зацікавіліся і з часам вывучылі.

Дапаможнік “Урокі-крокі для беларусікаў”
Дапаможнік “Урокі-крокі для беларусікаў”

Цяпер групы беларусікаў вельмі маленькія. У асноўным у іх па 5–8 чалавек. І хоць асаблівага прыбытку ад іх няма, хочацца рабіць іх хаця б для душы, каб дзеткі чулі мову і размаўлялі на ёй.

Наста

— каворкінг для бацькоў зь дзецьмі

— міні-садок

— гурткі дапаўняльнай адукацыі

Наста — дырэктарка тайм-клюбу «Сямейны падворак». Строгае слова «дырэктар» ня вельмі пасуе вясёлай жанчыне зь сінімі дрэдамі, якая яшчэ нядаўна называла дакумэнты «паперкамі». Але менавіта яна ўжо другі год працуе над прасторай-антыкафэ для бацькоў.

Наста Хоміч-Базар узначальвае тайм-клюб “Сямейны падворак”
Наста Хоміч-Базар узначальвае тайм-клюб “Сямейны падворак”

У адным пакоі «падворка» не спыняецца дзіцячая чыгунка, радамі сядзяць плюшавыя мішкі і ляжаць стосы размалёвак. У гэтым царстве цацак застаюцца гуляць дзеці зь няняй. У другім пакоі толькі пара канап і сталоў, wi-fi, прынтэр і цішыня.

Тайм-клюб "Сямейны падворак"
Тайм-клюб "Сямейны падворак"

— Наша прастора існуе для дарослых. Каб яны маглі быць побач зь дзіцем — і ў той жа час спакойна пафрылансіць, павучыцца, пагутарыць зь сябрамі ці паслухаць што-небудзь з нашых лекцый ці майстар-клясаў, якія мы рэгулярна праводзім.

Пачынаючы зь пятай клясы, я заўсёды штосьці арганізоўваю. Напэўна, калі б у мяне не было дзяцей, я б рабіла канцэрты, бо сама музыкант. Але з тых часоў, як нарадзілася першая дачка, я пераключылася на сямейныя мерапрыемствы, рабіла ялінкі, музыкальныя сустрэчы, спэктаклі, кірмашы.

Наста Хоміч-Базар узначальвае тайм-клюб “Сямейны падворак”
Наста Хоміч-Базар узначальвае тайм-клюб “Сямейны падворак”

«Сямейны падворак» стварылі да мяне. Стварылі — і вырашылі закрыць празь месяц, бо ідэя не запрацавала. А я зразумела, што гэта месца маёй мары: дзеці побач, а на мяне ня лезуць. Было шкада яго губляць, так я «падворкам» і занялася. Думала, што хопіць аўдыторыі з маіх былых мерапрыемстваў, чакала па шэсьць мам на гадзіну. Але цяпер, праз два гады, мы толькі патроху выходзім на самаакупнасьць. Напэўна, трэба больш рэклямы.

Тайм-клюб “Сямейны падворак”
Тайм-клюб “Сямейны падворак”

З часам мы зрабілі міні-садок. Цяпер бацькі могуць ня толькі працаваць у суседнім пакоі, але і зьяжджаць па справах на некалькі гадзін. Ідэальна для дзяцей з 2,5 да 3 гадоў, каб патроху заставацца без бацькоў. У нас ужо шмат сяброў, дзеці добра ведаюць выхавацелек. З Тацянай гуляюць у піратаў, размалёўваюць, робяць нешта творчае, а за беларускамоўным Сержам бегаюць і сьмешна паўтараюць беларускія словы.

Нядаўна мы ў суседнім будынку адчынілі гурткі дапаўняльнай адукацыі. Напэўна, калі дочкі падрастуць, арганізую што-небудзь для падлеткаў, а яшчэ пазьней і вясельлямі займуся.

Тацяна

— танцы для мам зь дзецьмі

Тацяна танцуе зь першых гадоў жыцьця і менш за ўсё прывыкла сядзець дома. Таму, калі ў студзені нарадзілася яе Варвара, не прайшло і месяца, як жанчына, ужо разам з дачкой, пайшла на рэпэтыцыі. А яшчэ падзівілася, як мала ў Менску імпрэзаў, куды зручна прыходзіць зь дзеткамі.

Тацяна Шчуко, заснавальніца праекту #мамскіятанцы, з дачкой Варварай,
Тацяна Шчуко, заснавальніца праекту #мамскіятанцы, з дачкой Варварай,

Летам, калі працы стала менш, Тацьцяна запусьціла маратон #мамскіятанцы і плянуе і далей зьбіраць мам зь дзецьмі, каб танцаваць.

— Мамы прыносяць з сабой цацкі, у залі ёсьць дыванкі, і пакуль дзеці займаюцца сваімі справамі, мы танцуем, — расказвае Тацяна. — Зразумела, мамы часта падыходзяць да дзяцей, каб пакарміць, супакоіць. Я часам нават паказваю рухі з дачкой на руках.

Спачатку я арганізавала маратон. Гэта быў больш сацыяльны праект, я ня ведала, ці зацікавяцца мамы. Мы за чатыры заняткі развучвалі нумар, а на пяты здымалі яго на відэа на памяць.

Мамы вельмі актыўна падтрымалі ідэю. Адчуваецца, што не хапае такіх месцаў, дзе маці маглі б разьвівацца, не адрываючыся ад дзяцей. Таму цяпер я пачынаю рабіць рэгулярныя заняткі зь дзьвюма групамі рознага ўзроўню. На іх мы ўжо ня будзем сьпяшацца, а паспрабуем вывучаць кампазыцыі больш дэталёва і танцаваць у стылі «вакінг».

Асноўная перавага, вядома, у тым, што мамам ня трэба шукаць, дзе пакінуць дзяцей. А дзеці рознага ўзросту, пачынаючы ад некалькіх месяцаў, бачаць адзін аднаго, кантактуюць. Да таго ж бачаць шчасьлівых мам, якія танцуюць, якія выходзяць з заняткаў, перапоўненыя эндарфінамі.

Тацяна Шчуко, заснавальніца праекту #мамскіятанцы, з дачкой Варварай,
Тацяна Шчуко, заснавальніца праекту #мамскіятанцы, з дачкой Варварай,

У дзяцей бывае розны настрой, часам яны ціха займаюцца сваімі справамі, а часам такая дзіцячая сымфонія выходзіць! Мамы яшчэ спакойна да гэтага ставяцца, а неяк у такі момант зайшоў мой муж і быў рады хутчэй зьбегчы.

Акрамя танцаў, у нас зьявілася мамская тусоўка. Мы пачалі шмат камунікаваць, у камэнтарах у інстаграме выявіліся іншыя нашы захапленьні. Многія, напрыклад, хацелі маляваць, і ў нас зьявіўся партнэр: школа ілюстрацый падарыла ўжо адной маме курс. Так і падцягваюцца партнэры, прапановы, ідэі, каб, выхоўваючы дзяцей, не забывацца і пра сябе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG