Відэатрансьляцыя пачнецца а 12-й гадзіне
Мапа заплянаваных пратэстаў
У Віцебску сабралося каля 500 чалавек. У той жа час улады на плошчы Перамогі прызначылі сьвяткаваньне Масьленіцы. Таму, каб не перашкаджаць мерапрыемству, пратэстоўцы перайшлі на супрацьлеглы бок плошчы, дзе зараз адбываецца мітынг.
У Берасьці на «Марш недармаедаў» сабралося некалькі дзесяткаў чалавек. Да тых, хто сабраўся на плошчы Леніна, з прамовай зьвярнуўся актывіст Аляксандар Кабанаў.
У Бабруйску на плошчы Леніна сабралося ўжо каля 300 чалавек. Людзі скандуюць «Не – дэкрэту №3». Да прысутных з прамовай зьвярнуўся сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які адмыслова прыехаў на акцыю з Менска.
У Віцебску сабралося ўжо каля 1000 чалавек. «Лукашэнка сказаў, што калі яму народ скажа сыходзіць, то ён сыдзе. Дык мы кажам: сыходзь!», - сказала жанчына, што прыйшла на плошчу. Пратэстоўцы пачалі скандаваць «Сыходзь».
На мітынгу ў Бабруйску ў мэгафон выказваюцца ўсе ахвотныя. «Кожны народ варты свайго прэзыдэнта. Атрымліваецца, што і мы вартыя прэзыдэнта, які апусьціў нас ніжэй за плінтус. Так далей працягвацца ня можа», – заявіў адзін з пратэстоўцаў. Людзі скандуюць «Ганьба», «Лукашэнка сыходзь».
Пратэстоўцы ў Віцебску пачалі рухацца па вуліцы Леніна ў бок плошчы Свабоды. Аўтамабілісты актыўна сыгналяць, выказваючы такім чынам падтрымку пратэстоўцам. Людзі пачалі скандаваць «Жыве Беларусь».
Віцебск: «недармаеды» прайшлі плошчу Свабоды, ідуць на плошчу Леніна.
Віцебскі Маркс глядзіць на «недармаедаў». Тыя выходзяць на праездную частку.
Людзі скардзяцца ня толькі на «падатак на дармаедаў» — таксама на малыя пэнсіі, адсутнасьць працы…
Акцыя ў Бабруйску скончылася. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваньням вызваліць жыхароў Бабруйску ад «падатку на дармаедаў», адмяніць дэкрэт №3 па ўсё краіне і не разьмяшчаць расейскіх ваенных баз у Беларусі.
Удзельнікі акцыі зноў зьбіраюцца выйсьці на мітынг у Бабруйску 12 сакавіка.
«Недармаеды» на люднай акцыі ў Бабруйску сабралі подпісы ў гарвыканкам за поўнае вызваленьне ад «падатку на дармаедаў» усіх бабруйчанаў.
Акцыя ў Віцебску паступова завяршаецца, некаторыя пачынаюць разыходзіцца, іншыя яшчэ дыскутуюць. На плошчы Леніна людзі скандавалі «Жыве Беларусь», «Лукашэнка сыходзь», «Не – дэкрэту №3».
Мітынг ў Берасьце скончыўся, у акцыі прынялі ўдзел каля 300 чалавек. Пратэстоўцы прынялі рашэньне сабрацца зноў праз тыдзень — 5 сакавіка. «Маршы недармаедаў» у Баранавічах і Бабруйску таксама завершыліся.
У Віцебску каля тысячы чалавек застаюцца на плошчы Леніна і прыступках філярмоніі, абмяркоўваюць, што рабіць далей, распавядаюць пра свае праблемы.
У Віцебску акцыя ўсё яшчэ трывае