Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка

«Маршы недармаедаў» у Бабруйску, Воршы і Рагачове. Жывыя трансьляцыі

На 12 сакавіка ў трох беларускіх гарадах анансаваныя «Маршы недармаедаў»: у Бабруйску а 12-й на плошчы Перамогі, у Воршы а 13-й на Цэнтральнай плошчы, у Рагачове а 16-й у цэнтры гораду. Свабода вядзе жывыя трансьляцыі.

На акцыі ў Рагачове некаторыя людзі спрабуюць даказаць, што «пытаньне з дэкрэтам № 3 вырашана», і «няма ніякага сэнсу тут пратэставаць». Пасьля гарачых спрэчак у натоўпе, такія ўдзельнікі сыходзяць.

«Мы павінны зрабіць выбар: альбо мы з народам, альбо з уладай. Я для сябе вырашыў, што я з народам. Але некаторыя думаюць, што змогуць адсядзецца. Але, напэўна, не атрымаецца, дастануць усіх», — пракамэнтаваў адзін з удзельнікаў.

Як на вачах рассыпаецца самы моцны стэрэатып пра беларусаў - піша Дзьмітрый Гурневіч.

Людзі ў Рагачове прызнаюцца, што галасавалі за Лукашэнку, але ён іх расчараваў, ня выканаў ніякіх сваіх абяцаньняў:

«Я хачу выказаць свой боль. Калі прэзыдэнт ня можа выканаць тое, што ён павінен, ён мусіць сысьці. Мой муж і сын езьдзяць у Расею. Мы выбіралі прэзыдэнта, каб ён нас адстайваў. А тут такое адчуваньне, што ўлада і народ жывуць у розных дзяржавах. Але наўрадці ўлады паслухаюцца. Будуць пагражаць людзям, каб не хадзілі на акцыі».

Міліцыя папярэджвае пра тое, што акцыя не санкцыянаваная
Міліцыя папярэджвае пра тое, што акцыя не санкцыянаваная

Удзельнік акцыі ў Рагачове расказаў, што ў горадзе пагражалі тым, хто пойдзе на акцыю.

«Сказалі: калі прыйдзеце, адразу расстрэл. Таму людзей мала, людзі баяцца. Працуе толькі адзін малочны камбінат, хто мае працу, баяцца згубіць. Таму большасьць удзельнікаў — пэнсіянеры, якія ня згубяць працу. Калі б тут моладзь выйшла, то міліцыя даўно б ужо затрымала іх».

Беспрацоўны ў Рагачове расказаў, як ён выжывае:

«Прапаноўваюць на прадпрыемстве 200 рублёў, прычым выплачваюць не адразу, а часткамі. Хіба можна выжыць з такім заробкам, калі ў мяне сям’я і двое дзяцей. Таму вось і запісалі ў дармаеды. Як выжываем? Нешта робім для людзей. Дзесьці плот адрамантаваць, дзесьці яшчэ нешта. Тыя, у каго ёсьць больш грошай, просяць часам ім дапамагчы. Вось так і выжываем».

Блізу тысячы чалавек на «Маршы недармаедаў» у Воршы. Акцыя пачалася і скончылася затрыманьнямі ФОТА, ВІДЭА. Падсумаваньне

Журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга і блогерка Анастасія Пілюгіна вызваленыя з аршанскага РУУС без складаньня пратаколаў. Карэспандэнтка Радыё Свабода і Галіна Абакунчык і журналістка «Белсат» Кацярына Андрэева застаюцца ў РУУС.

Людзі ў Рагачове разыходзяцца. Кажуць, што хоць акцыя ня мела нейкага відавочнага выніку, кожнае такое мерапрыемства мае сэнс, бо «вада камень точыць».

«Адзінае выйсьце — каб Лукашэнка сышоў. Ён добры хакеіст, хай бы займаўся хакеем, быў бы заслужаным хакеістам. Ён не спраўляецца са сваімі абавязкамі кіраўніка краіны».

Стыхійны мітынг у Рагачове. Без прамоваў і заклікаў

У Рагачове арганізаванага мітынгу не было. Не заўважана і вядомых дзеячаў апазыцыі. Людзі проста абменьваліся думкамі і абураліся адсутнасьцю працы, малымі пэнсіямі і дэкрэтам № 3. Спачатку адна група сабралася на плошчы перад райвыканкамам, другая — каля завода «Дыяпраектар». З «Дыяпраектару людзі рушылі на плошчу. Агулам сабралася каля 400 чалавек, збольшага людзі сталага ўзросту.

„У Гомельскай вобласьці 109 міліцыянтаў ахоўвае міліцыянтаў і чыноўнікаў — гэта цэлы райаддзел міліцыі“, — абураўся спадар Уладзімер з Гомелю. — Вось дзе дармаеды!»

Людзі проста выказваліся пра набалелае:

«Сацыяльна арыентаваная дзяржава павінна сама на сябе зарабляць, а ня лезьці ў кішэню да народа»

«Мы працуем, але мы супраць дэкрэту. У горадзе няма працы, людзям няма дзе працаваць. Нават прыбіральшчыцай альбо дворнікам не ўладкуесься».
«Я пэнсіянэрка, але выйшла падтрымаць моладзь. У горадзе ўсё закрыта, разбурана. Мэблевую фабрыку закрылі. Сям’я павінна быць разам. А ў нас — муж зьехаў на заробкі, а жонка сядзіць зь дзецьмі. Сям’я развальваецца. Падаткі ў нас бяруць не з багатых, а зь бедных. Каб былі працоўныя месцы і людзі не хацелі працаваць, тады можна было прымаць дэкрэты аб дармаедах. А калі няма працы, а прымаюць такія дэкрэты — гэта глупства».

«Беспрацоўе ў горадзе, арганізацыі, прадпрыемствы пазакрывалі. Мэблевую фабрыку закрылі. Моладзі няма дзе працаваць.

«Мы прапрацавалі па 40 гадоў. За кватэру заплаціш, лекі купіш — і зубы на паліцу».

«Чаму на малочна-кансэрвавым заводзе адбываюцца скарачэньні?»

«Я прыехала з Кармы, там зусім няма працы. Прыбіральшчыцай немагчыма ўладкавацца».

«У Рагачове ўсе прадпрыемствы зьнішчаныя, было шэсьць будаўнічых арганізацый, засталася адна. Я беспрацоўны, уладкавацца немагчыма.

«Я прыйшла выказаць свой боль. Калі прэзыдэнт ня выканаў свае абяцаньні, ён павінен сысьці. Няма працы ў Рагачове. Усё закрылі — і „Дыяпраектар“, і мэблевую фабрыку. Народ і чыноўнікі, здаецца, жывуць у розных краінах. Нясправядлівасьць паўсюль. На пэнсію ў 180 рублёў пражыць немагчыма».

«Раней нас сілай прымушалі ісьці на дэманстрацыі 1 траўня, 9 траўня. А тут людзі самі прыйшлі -я такога цуду ня бачыла! Дэкрэт — гэта глупства: працы няма, а падатак заплаці! Кажа кіраўнік дзяржавы: нараджайце! А навошта пладзіць галечу? Я сама траіх дзяцей выгадавала. Я як цяпер гадаваць, на якія грошы, калі няма працы? Ён загадаў усіх працаўладкаваць да 1 траўня. А куды, калі працы няма? Пасьля вайны, я разумею, была разруха. А цяпер якая вайна прайшла, што ўсё разбурылі?»

«Людзі зьяжджаюць на працу ў Расею, бо тут працы няма. Не ад добрага жыцьця мужчыны вымушаны зьяжджаць.»

«Я мяне пэнсія 230 рублёў, утрымліваю дачку, у якой няма працы, і ўнучку. Як пражыць на гэтыя грошы?»

Людзі знаходзіліся на плошчы больш за паўтары гадзіны. Міліцыя ў хаду стыхійнага мітынгу ня ўмешвалася і не перашкаджала.

«Дэкрэт ні пры чым, Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку», — агляд пратэстаў 12 сакавіка ў Бабруйску, Берасьці, Воршы і Рагачове ФОТА, ВІДЭА

XS
SM
MD
LG