У дзень абвяшчэньня прысуду паланёнай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы Свабода публікуе эксклюзіўнае інтэрвію яе маці Марыі Саўчанкі, запісанае напярэдадні.
Сёньня Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці пачне агучваць прысуд украінскай лётчыцы, дэпутату Вярхоўнай Рады і прадстаўніку ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЭ Надзеі Саўчанцы, якую незаконна вывезьлі на тэрыторыю Расеі пасьля палону ў гэтак званай ЛНР.
Надзею абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі — «забойства», «замах на забойства» і «незаконнае перасячэньне мяжы». Адвакаты цьвердзяць, што справа цалкам сфальсыфікаваная, і не чакаюць апраўдальнага прысуду. За час судовага працэсу, які трывае з восені мінулага году, Надзея стала Героем Украіны і сымбалем годнасьці ў несправядлівай вайне Расеі з Украінай.
За агучваньнем прысуду будзе сачыць шмат сусьветных і ўкраінскіх СМІ, а таксама палітыкаў. Але найперш вынікаў справы чакае маці — Марыя Саўчанка, зь якою мы сустрэліся напярэдадні. 29 сакавіка ёй спаўняецца 78 гадоў, і да гэтага дня яна чакае найлепшага падарунку — вызваленьня сваёй дачкі з расейскага палону. Нягледзячы на стан здароўя, яна разам з другой дачкой Верай усяляк намагаецца прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да несправядлівага працэсу.
У дзень нашай сустрэчы Марыя Іванаўна занядужала — паднялася тэмпэратура, але ад размовы яна не адмовілася. Кажа, што ў цяперашняй сытуацыі адзінае, што яна можа зрабіць, — данесьці да як мага большай аўдыторыі праўду пра выкраданьне сваёй дачкі. Нягледзячы на ўзрост, Марыя Саўчанка шмат чытае, цікавіцца палітыкай і вывучае кампутарную грамату. «Я ўжо скончыла першы кляс і перайшла ў другі. Трохі я ўжо магу працаваць за кампутарам», — пахвалілася яна нам.
Марыя Іванаўна гаварыла пра Надзею з задавальненьнем і гонарам. І хоць гісторыя пра тое, як Надзея з трэцяй спробы і толькі пасьля сустрэчы з тагачасным міністрам абароны Ўкраіны Анатолем Грыцэнкам паступіла ў Харкаўскі ўнівэрсытэт паветраных сілаў, стала ўжо хрэстаматыйнай, распавядае яна яе заўсёды.
Сярод турэмнікаў ёсьць людзі
— Мне толькі што тэлефанавалі з Бэрліну, паведамілі, што нямецкае консульства ў Маскве вядзе перамовы, каб да Надзеі дапусьцілі нямецкіх дактароў.
— А як Надзея пачуваецца? Як адбываецца працэс выхаду з сухога галадаваньня?
— Яна ваду п’е, нейкае дзіцячае харчаваньне есьць. Мінулага разу, калі мне дазволілі да Надзеі падысьці, я патрымала яе за ручкі. У яе былі сінія пальчыкі, да локцяў усё сіняе. Боцікі не зашпіленыя, а сама яна спухла. Я маліла яе прыпыніць галадоўку, але яна адмовілася, сказала, што да 22 сакавіка не дажыве, а я павінна клапаціцца пра другую дачку Веру.
— А ці распавядала Надзея, як да яе ставяцца расейскія турэмнікі?
— Яны лічаць яе патрыёткай. Але і там яна больш змагаецца за іншых людзей. Калі ёй там зрабілі рамонт у камэры, начальнік турмы пацікавіўся, ці падабаецца ёй. А яна яму адказала — мне будзе падабацца, калі вы зробіце рамонт па ўсім другім паверху. Таму што там людзі жывуць у вельмі сьвінскіх умовах. Ну і што вы думаеце? Начальнік даў каманду, і зрабілі рамонт на другім паверху. Тады Надзея і падзякавала яму за тое, што зрабілі для людзей умовы. Больш ці менш. Яна там за людзей змагаецца больш, чым за сябе.
У Данецк праз Кішынёў
— Вы спрабуеце трапіць на кожны судовы дзень? Як вы туды дабіраецеся? Паміж Украінаю і Расеяю няма ж наўпрост авіязлучэньня...
— Мінулым разам ляцелі праз Кішынёў у Маскву, а потым у Растоў. Чакалі больш, чым ляцелі. Наўпрост самалётаў няма. Тут шмат самадурства ёсьць у такім рашэньні. Чаму я павінна ехаць на Кішынёў, а потым на Маскву, а потым на Растоў? Што ад гэтага мяняецца? Толькі горш для людзей зрабілі, для простых людзей. У палітыкаў ёсьць прыватныя самалёты. Таму ім абыякава. Разумееце, трэба, каб наша кіраўніцтва было разумнае і думала, а не мянціла языком. Павысілі кошты на сьвятло, на газ... Як чалавек можа выжыць? У нас жа пэнсіяў няма вышэй, як 1300–1500 грыўняў. Трэба, каб гэтая ўлада думала пра народ, а не пра сябе. Людзі — гэта дзяржава. Калі ты будзеш прыгнятаць людзей, то дзяржава будзе жабрацкая.
Мая Надзея — баявая
— Калі пачаліся падзеі на ўсходзе, і Вера, і Надзя пачалі працаваць валянтэрамі, дапамагаць войску. І толькі потым Надзя прыняла рашэньне пайсьці добраахвотнікам у батальён. Вы іх адгаворвалі ад гэтага?
— Як я магла адрэагаваць? Надзя прыйшла і сказала, што ідзе на вайну, што давала клятву свайму народу і павінна абараняць Украіну. Я ўхваляю яе, што яна такое рашэньне прыняла. Яна ў мяне такая баявая, і такой і трэба быць.
— А як адрэагавалі вашы суседзі, калі стала вядома пра тое, што Надзея трапіла ў палон? Яны неяк вас падтрымліваюць?
— Усе суседзі спачуваюць. Пытаюцца, як яна там. Падтрымліваюць.
Як выхоўваюцца героі
— А вы можаце падзяліцца сакрэтамі, як выхаваць такога героя?
— А мяне самую выхоўвалі па-гераічнаму. Я і іх таксама выхоўвала. Казала ім: «Дзеці, вы павінны скончыць інстытуты, каб вам лягчэй было ў жыцьці, але ня думайце, што дарога ў жыцьці будзе абсыпаная ружамі. Яна будзе абсыпаная калючым цернем, і вы павінны прайсьці па ёй годна». Надзя, калі скончыла ўнівэрсытэт і атрымала дыплём, сказала, што гэта мой дыплём. У мяне ад гэтага тады сьлёзы накаціліся на вочы.
Я нарадзілася на Жытоміршчыне. Маіх бацькоў раскулачылі. Братоў трох забралі на вайну, адзін загінуў на Балтыйскім флёце, а двое вярнуліся кантужанымі і параненымі. Я распавядала дзяўчатам, як нас раскулачвалі. Чацьвярых дзяцей выгналі на сьнег, маіх братоў і сястрычку. А ў нас была новая хата пабудаваная, гумно, хлеў. Было двое коней, дзьве каровы, 15 авечак, 60 гусей, мацёра з парасятамі, куры. Дык што? Гэта называецца кулак? Гэта быў селянін, працаўнік-серадняк. Не багаты і ня бедны. Але калі пачалі арганізоўваць калгасы, бацьку загадалі здаць 9 тон хлеба. Ён здаў. Тады загадалі яшчэ тры тоны здаць. А ўжо не было што здаваць. То прадалі парасят і купілі пшаніцу, каб здаць дзяржаве. 12 тон хлеба бацька здаў, а куды гэты хлеб пайшоў? Голад ва Ўкраіне зрабілі. І выгналі з хаты. А старшыня калгаса наш дом падарыў сваёй сястры. Ну, і бацька з маці хадзілі па чужых хатах 12 гадоў. Я ў чужым доме нарадзілася. Так ставіліся да нашага сялянства. Бурак які ўкралі — на Магадан. Як жанчына там нацерла жменьку пшаніцы або жыта, каб нешта зварыць дзецям — на Магадан. Хто пабудаваў Сыбір, Крайнюю Поўнач? Вядома, там усе нацыі былі. Але найбольш — украінцы. І цяпер нашых людзей зноў засылаюць на Магадан. Нашых хлопцаў — Сянцова, Кольчанку...
Перамовы без вызваленьня
— Што вам зараз падказвае матчына інтуіцыя — Надзю хутка вызваляць?
— Я веру, што Надзю вызваляць, але калі, як і што... Мне Парашэнка казаў, што яе павінны былі вызваліць яшчэ летась, 15 траўня, але нічога не адбылося. Нічога не рабілі для таго, каб яе вызваліць.
— Кажуць, што яе далучэньне да партыі «Бацькаўшчына» вельмі замінала перамовам пра вызваленьне...
— А Сянцоў, Кольчанка — яны што, дэпутаты? Не. А іх выпусьцілі? Не. Для бандыцкай Расеі, для іх бандыцкай улады няма нічога сьвятога. Гэта банда, якую трэба зьнішчыць пад корань.
— А што, на вашу думку, улада магла зрабіць, але не зрабіла для вызваленьня Надзеі?
— Маглі б усё зрабіць, але ім ня хочацца рабіць. Калі б гэта былі іх сыны ці дочкі, то іх бы ўжо праз тры гадзіны выручылі. Як трапіў сын Куніцына (сына народнага дэпутата Ўкраіны Сяргея Куніцына затрымалі ў Крыме ў красавіку 2014 году па падазрэньні ў шпіянажы. — РС), яго дапытвалі 6 гадзін і потым выпусьцілі. Надзю два гады катуюць. Бо Надзя — вялікі патрыёт Украіны, а ім гэтага ня трэба, яны не плянуюць жыць ва Ўкраіне. Цярэшчанка пабудаваў ва Ўкраіне 40 цукровых заводаў, Ханенкі будавалі школы, інстытуты, дзіцячыя дамы... Чаму цяпер усё з Украіны выграбаюць? Гэта не патрыёты, гэта ворагі Ўкраіны. Яны разрабавалі краіну, рабуюць і нішчаць усё.
Палітычная будучыня
— Цяпер усё часьцей у грамадзтве абмяркоўваюць тэму, што калі Надзея Саўчанка вернецца ва Ўкраіну, то можа зблытаць усе карты ўкраінскім палітыкам.
— Так, кажуць, што Надзя — стрэмка для Расеі і будзе стрэмкай для Парашэнкі. Надзя вельмі справядлівая, і яны баяцца, бо яна можа іх усіх з ног на галаву паставіць.
— А ў Надзеі няма жаданьня паспрабаваць балятавацца ў прэзыдэнты?
— Навошта ёй тое прэзыдэнцтва? Хаця падчас ейнага выпуску з унівэрсытэту дзяўчаты прарочылі, што Надзя будзе міністрам абароны. Можа, яна і будзе міністрам абароны, толькі Бог ведае. Але на прэзыдэнта я б не хацела, каб яна ішла. Таму што пяць прэзыдэнтаў у нас ужо ёсьць, было. Чатыры, якія нагадзілі, а пяты вымушаны разграбаць усё, што яны нарабілі. Калі журналісты львоўскай газэты «Ратуша» запыталіся ў Надзі наконт гэтага, то яна адказала, што лепш будзе міністрам. У яе вельмі цьвёрды характар, і вучыцца яна вельмі хутка. У яе мой характар. Я ёй казала, што я гэтаксама паступала б, толькі я б ела і не галадала. Трэба есьці, каб былі сілы змагацца і там, у Расеі, і тут, ва Ўкраіне. Як яна трапіла ў турму, то я ёй пісала, каб яна памятала словы Лесі Ўкраінкі: «Я на гору круту крем’яную буду камінь важкий підіймать і, несучи вагу ту страшную, буду пісню веселу співать».
У вайны жаночы твар
— У Менску неабыякавыя людзі таксама выйшлі на акцыю пад расейскае пасольства з патрабаваньнем вызваліць Надзею. Вас натхняюць такія масавыя акцыі падтрымкі, адчуваеце гэтую салідарнасьць па ўсім сьвеце?
— Ну вядома ж. А ў Беларусі, калі праходзіла акцыя, яе ўдзельнікаў прыціскалі? Я, напрыклад, вашага Лукашэнку ўхваляю. Ён малайчына. Тое, што кажуць, што ён дыктатар, то, можа, у пэўнай ступені, гэта й ёсьць, але ён ведае, што трэба зрабіць, каб людзям жылося лепш. Ва Ўкраіне ўся зямля быльнікам зарасла, а ў вас усе палі засеяныя. Што ў Расеі, як я праяжджала тым Данецкам? Адно пустазельле, няма ніякага парадку. І вось тое сяло, дзе Надзю закінулі ў турму, такое забітае, бруднае... А ў вас фэрмы не разбураныя, калгасы працуюць. У нас Кучма зь Медведчуком усё развалілі. Калгасаў ня трэба, бяры зямлю і апрацоўвай. А чым яе апрацоўваць? Калі былі калгасы, у людзей былі коні, сельскагаспадарчы інвэнтар. У вас жа такога няма?
— Нобэлеўская ляўрэатка, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч перадала Надзеі сваю кнігу «У вайны не жаночы твар». Надзея не дзялілася сваімі ўражаньнямі?
— Без жанчын вайны не бывае. У Віетнаме, калі Амэрыка напала, усе жанчыны былі ў войску, абаранялі сваю зямлю. У Ізраілі жанчыны служаць у арміі. У нас у Другую сусьветную вайну некалькі дзясяткаў тысяч жанчын былі на фронце, сярод лётчыкаў было 80 жанчын. Таму што тады кліч быў да моладзі па авіяклюбах вучыцца на лётчыкаў. Так што не бывае вайны без жанчын. Мэдыкі, дактары, санітары выцягвалі з поля бою нашых салдат, і чужых выцягвалі. Я мяркую, што і ва Ўкраіне трэба наагул, каб жанчыны служылі ў арміі. Тады гэта будзе ўжо дзяржава, а ня так, калі сыночкі і дочкі сядзяць у парлямэнце, а такія, як мая Надзя, ідуць на вайну абараняць Радзіму. Няхай усе ідуць. Калі б палову Вярхоўнай Рады паслаць туды, на ўсход, то праз тры дні, найбольш праз два тыдні, не было б вайны. І на менскія перамовы трэба адправіць патрыётаў, а ня тых, якія шкодзілі Украіне.