Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка асуджанага экс-дырэктара «Барысаўдрэва»: Амаль 2 млрд стратаў, а ў нас маёмасьці толькі на 400 мільёнаў


Уладзімер Мальцаў
Уладзімер Мальцаў

20 сьнежня ў Менскім абласным судзе быў агалошаны прысуд па справе, якую пачалі разглядаць яшчэ ў канцы верасьня — справе былога дырэктара аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімера Мальцава, які паводле сьледзтва сарваў мадэрнізацыю свайго прадпрыемства і гэтым нанёс стратаў больш як на 16 мільярдаў рублёў. Суд прызнаў страты толькі ў 1,9 мільярда рублёў і прысудзіў за гэта Мальцаву 3 гады калёніі — гэта мінімальны тэрмін па артыкуле аб службовых злоўжываньнях. У пакрыцьцё стратаў суд вырашыў абярнуць арыштаваную ў Мальцава маёмасьць — 2 аўтамабілі, награвальны кацёл, тэлевізар, рыбацкую лодку, ручны гадзіньнік, мабільны тэлефон ды іншае. Такі прысуд уступіць ў сілу, калі ня будзе адменены Вярхоўным судом. Адвакат Уладзімера Мальцава Дзьмітры Гарачка заявіў, што скарга абавязкова будзе пададзеная, паколькі ягоны падабаронны па-ранейшаму ня лічыць сябе вінаватым цалкам. Вось што адказаў адвакат Гарачка на просьбу пракамэнтаваць прысуд:

«А што камэнтаваць, калі мы знаёмыя толькі з выніковай часткай. Трэба атрымаць увесь прысуд, чытаць, глядзець, а тады камэнтаваць».

Карэспандэнт: «Са стратаў амаль у 17 мільярдаў засталося толькі каля 2. Куды падзеліся астатнія?»

«Мяркую, у прысудзе будзе сказана. Паглядзім».

Карэспандэнт: «Цяпер ідзе амністыя. Чаму адносна Мальцава яна ня ўжытая?»

«Гэта права суду. Мы гэтае пытаньне не падымалі, бо лічым Мальцава зусім невінаватым. Гэта права суду, у тым ліку вышэйшай ступені, да гэтага вярнуцца».

Карэспандэнт: «Калі прысуд застанецца ў сёньняшнім выглядзе, колькі мусіць адбыць у зьняволеньні ваш падабаронны, каб разьлічваць на датэрміновае вызваленьне?»

«Прысуд — 3 гады. А там усё будзе залежаць ад адміністрацыі ў месцах пазбаўленьня волі».

Карэспандэнт: «Праз палову тэрміну, то бок праз 1,5 году ад арышту, ён можа выйсьці на волю?»

«Такія нормы на яго распаўсюджваюцца таксама. Але тут яшчэ будзе залежаць ад кампэнсацыі стратаў, ад іншага. Таму цяжка казаць, што будзе і калі. Мы ўсё ж спадзяёмся, што ўдасца дамагчыся ў вышэйстаячым судзе таго рашэньня, на якое мы адразу разьлічвалі».

Алена Мальцава з сынам Міраславам
Алена Мальцава з сынам Міраславам

Уладзімер Мальцаў паводле прысуду, калі ён уступіць у сілу, цягам месяца мусіць сплаціць 1,9 мільярда стратаў. Жонка экс-дырэктара Алена Мальцава кажа, што зрабіць гэта будзе вельмі складана, паколькі арыштаванай маёмасьці Мальцавых хопіць толькі на пятую частку прызнаных судом стратаў:

«Майго мужа мусілі апраўдаць, я ніколькі не сумняваюся ў ягонай невінаватасьці. Далей мы будзем дзейнічаць у межах закону. Што да кампэнсацыі, то зазначу, што ў нас арыштаванай маёмасьці — на 400 мільёнаў. Зь іх 300 мільёнаў — аўтамабіль, які ўзяты ў крэдыт. Прычым крэдыт істотны. Калі мужа арыштавалі, я хутка спыніла выплаты па крэдыту, бо проста ў мяне няма такіх грошай. Вось такая сытуацыя. А іншая маёмасьць — вы чулі, пра што там. Другі аўтамабіль 91 году выпуску, на момант пакупкі ён каштаваў мільёнаў 20, цяпер яшчэ меней».

У прысудзе судзьдзя Валянцін Вердыш зрабіў прыватнае вызначэньне на адрас кіраўніцтва Сьледчага камітэту. Прагучала аб «парушэньні заканадаўства падчас сьледзтва», але пра што менавіта гаворка, абарона ня ведае.

«Мы адразу ставілі пад сумнеў памер стратаў, бо ён нічым ня быў пацьверджаны, не было дастатковых і сапраўдных доказаў. А гэта вызначала экспэртыза, якая, на маю думку, праводзілася ня ў поўным памеры. Але ці гэта меў на ўвазе суд, ня ведаем», — сказаў адвакат Дзьмітры Гарачка.

10-ты месяц Уладзімера Мальцава трымаюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску. Сёньня ў сваякоў прынялі для яго перадачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG