У менскай міліцыі адмаўляюць, што яе супрацоўнікі памылкова ўварваліся ў кватэру ўкраінскай сямʼі ў Менску. Аднак там і не паведамілі, якая зь сілавых структураў мела да гэтага дачыненьне.
Пра гісторыю з уварваньнем распавяла 17 жніўня ў Фэйсбуку Натальля Кукаба.
Кіраўнік прэс-службы УУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі сказаў карэспандэнту Свабоды:
— Гэта стопрацэнтова не супрацоўнікі міліцыі. З жанчынай пагутарылі, усё. Сто працэнтаў гэта не супрацоўнікі міліцыі. Яны па гэтым адрасе не выбывалі.
— А тады хто?
— У нас жа ня толькі міліцыя — праваахоўныя органы. Я вам адказваю на пытаньне за менскую міліцыю.
— Але ж гэта былі нейкія супрацоўнікі, а не выпадковыя людзі?
— Так, гэта былі супрацоўнікі.
Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Менску карэспандэнта Свабоды накіравалі да кіраўніка прэс-службы УУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага.
Блогер Антон Матолька напісаў у сетках, што ў кватэру ўкраінскай сямʼі ўварваліся прадстаўнікі ДФР.
Аднак у Камітэце дзяржкантролю адмаўляюць датычнасьць да інцыдэнту з уварваньнем узброеных сілавікоў у найманае жытло ўкраінскай сямʼі. Як запэўнілі ў прэсавай службе, «гэта адназначна ня нашы мэтады».
«Нашы людзі працуюць у белых каўнерыках і пры гальштуках, яны дзьвярэй не выбіваюць», — сказалі ў Камітэце дзяржкантролю. Паводле супрацоўніцы ведамства, «фінансавая злачыннасьць — злачыннасьць асаблівага кшталту, гэта ж не якіясьці там „браткі“. Таму наўрад ці гэта мы».
Тым часам Натальля Кукаба напісала ў фэйсбуку, што пасьля інцыдэнту да яе прыехаў начальнік крымінальнай міліцыі Менску і сьледчы і задалі пытаньні.
«Некалькі разоў папрасіў прабачэньня, дакладней — папрасіў прабачэньня і сказаў — вы прыехалі ў прававую краіну, дзе такое проста так не пакінуць. Два спакойныя чалавекі супакоілі. Выбачайце, пакуль толькі так, але мы будзем працаваць».