Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч бароніць магілёўскі АМАП ад абвінавачаньняў, што тыя выкрадалі ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, а не затрымлівалі іх.
«Вы так і не адказалі: хто скраў людзей на вачах палкоўніка і ДАІ», — запытаў у Твітэры чыноўніка, які курыруе ідэалёгію ў аблвыканкаме, сябра партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.
«Ня скралі, а затрымалі супрацоўнікі міліцыі», — адрэагаваў Кунцэвіч.
Пытаньне актывіста тычыцца затрыманьня аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту — Ігара Чарака.
Дужыя хлопцы ў цывільным зьбілі пратэстоўца з ровара і гвалтам спрабавалі зацягнуць у машыну. Чарак пачаў клікаць на дапамогу мінакоў. Усчалася тузаніна. Пятнаццаць хвілін людзі адбівалі затрыманага, а калі таго ўрэшце запхнулі ў машыну, то перакрылі дарогу. Патрабавалі патлумачыць, у чым віна затрыманага. Хлопцы ў цывільным адказвалі, што яны міліцыянты, але ім ня верылі. Урэшце людзей адцясьнілі ад машыны, і яна паехала. Кіраваў затрыманьнем намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі абласной управы ўнутраных спраў палкоўнік Сяргей Волкаў. Ён таксама быў у цывільным.
16 сакавіка судзьдзя Вікторыя Палякова пакарала Ігара Чарака 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі. На мітынгу пратэстовец трымаў плякат на расейскай мове: «Немагчыма ўжо».
Ігар Чарак супраціў тлумачыў тым, што на яго напалі невядомыя, не назваліся і гвалтам спрабавалі зацягнуць у машыну. Пасьведчаньняў, настойваў хлопец, што яны супрацоўнікі міліцыі, не паказвалі.
Супраць абвінавачанага сьведчыў амапавец, капітан Аляксандар Юдзін. У судзе ён абвяргаў словы Чарака, што яму не прадстаўляліся. Паводле міліцыянта, ён трымаў у руках пасьведчаньне, а калі пачалася тузаніна, узяў яго ў зубы. Яшчэ адзін амапавец, Сяргей Ярмолін, казаў тое самае, што і ягоны камандзір Юдзін. Абодва прызналі, што супраць Чарака была выкарыстана фізычная сіла. Калі затрыманы апынуўся ў машыне, ён супакоіўся, настойвалі амапаўцы. Тое, што былі ў цывільным, міліцыянты патлумачылі апэратыўнай неабходнасьцю.
Відэа з затрыманьнем Ігара Чарака стала адным з самых папулярных у інтэрнэце. У камэнтарах тыя, хто яго паглядзеў, крайне нэгатыўна выказваюцца наконт міліцэйскіх мэтадаў затрыманьня. Афіцыйных камэнтароў наконт «брутальных дзеяньняў» міліцыянтаў на гэты момант няма. Андрэй Кунцэвіч стаў першым чыноўнікам, які стаў на абарону супрацоўнікаў міліцыі.
Раней Андрэй Кунцэвіч у Твітэры, адказваючы на пытаньне, ці выйдзе прадстаўнік улады да народу на мітынг 15 сакавіка, заявіў, што прадстаўнікі ўлады абавязаныя выступіць на мітынгу супраць дэкрэту № 3, але калі такая акцыя будзе дазволеная.
На мітынг «Маршу недармаедаў» прыйшоў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Калі ён паспрабаваў выказацца, грамада сустрэла ягоны выступ скандаваньнем «Ганьба» і «Сыходзь».
«Каму ганьба, а каму не. За мяне людзі галасавалі», — адрэагаваў на скандаваньне Марзалюк.
«Чаго вы так крычыце? У нас жа дэмакратыя, — спрабаваў супакоіць пратэстоўцаў дэпутат. — Ніхто вас дрынамі ня бʼе. Ніхто не ганяе. Вам даюць рэалізоўваць сваё права, дык дайце і мне яго рэалізаваць...»
Сваю думку наконт дэкрэту № 3 Марзалюк выказаў журналістам.
Па сканчэньні магілёўскага «Маршу недармаедаў» было затрымана больш за дзесяць чалавек. Трох зь іх пакаралі арыштам ад 12 да 15 сутак. Чатырох аштрафавалі, аднаго папярэдзілі.