Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка не мяняецца, таму разьлічваць на рэформы не даводзіцца»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падчас апошняй прэс-канфэрэнцыі зноў даказваў, што будзе трымацца за старыя формы беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, і не прымае шмат якія праявы рынкавай эканомікі. Ці можа існая мадэль аднавіцца і пераадолець крызіс, альбо яна асуджаная на стагнацыю? Якія ўнутраныя і замежныя чыньнікі могуць прымусіць кіраўніка Беларусі пайсьці на неабходныя перамены?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Леў Марголін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Падчас прэсавай канфэрэнцыі 17 лістапада Аляксандар Лукашэнка даволі шчыра выказваў сваё меркаваньне да асноўных эканамічных праблемаў. Казаў пра сваё стаўленьне да ЖКГ, да калгасаў, да банкіраў, «якія нічога не ствараюць». Былі прадэманстраваныя тыя самыя перакананьні, якія кіраўнік Беларусі мае апошнія 20 гадоў. Што гэта азначае для пэрспэктываў беларускай эканомікі?

Марголін: Гэта вельмі кепская сытуацыя для беларускай эканоміі. Але тут нічога ня зробіш, бо Аляксандар Лукашэнка не мяняецца. І разьлічваць на тое, што заўтра ён прыйдзе да ідэі рабіць рашучыя рэформы — не даводзіцца. Ён можа зрабіць іх толькі пад вялікім прымусам. Калі народ падымецца на вельмі актыўныя, можа нават гвалтоўныя дзеяньні. У іншым выпадку ён будзе працягваць лічыць, што ўсё ідзе добра, і ідэі патрэбныя толькі для таго, як захаваць тое, што ёсьць.

Леў Марголін
Леў Марголін

Цыганкоў: Але няўжо Лукашэнку да рэформаў ня можа схіліць, напрыклад, ціск міжнародных крэдытораў, альбо дрэнная сытуацыя ў эканоміцы, калі яму давядуць, што без рэформаў будзе толькі горш?

Марголін: У такім узросьце людзі мяняюцца ўжо вельмі рэдка. Гэта ягоны псыхалягічны стан, ён да яго звыклы, і мяняць будзе ў самым крайнім выпадку. Па-другое, у яго добрая інтуіцыя, і ён разумее, што калі ўводзіць рынкавую эканоміку — то гэта пацягне і палітычныя зьмены таксама. Бо сапраўдны рынак узрывае ўсё тое, што яго скоўвае. Ён гэта разумее, і таму на рэформы пойдзе толькі ў самым крайнім выпадку.

Цыганкоў: Лукашэнка сказаў, што банкіры ў Беларусі неадпаведна добра зарабляюць, і з гэтым варта разабрацца...

Жаліба: Лукашэнка працягвае сваю лінію, ён неаднаразова заяўляў, што ня трэба рэформаў, трэба ўдасканальваць тое, што ёсьць.

Як вядома, у банкаўскай сыстэмы заўсёды заробкі адносна іншых былі высокія. Але і там зараз сытуацыя пагоршылася, бо яны залежаць ад эканамічнай сытуацыі ў рэальным сэктары. Цяпер падае ВУП, падае прамысловасьць і сельская гаспадарка — а гэта ўсё кліенты банкаў.

Гэта ўсё адбіваецца і на заробках банкіраў, і на фінансавым стане бакаў. У нас пагражальна павялічыўся, да 15 працэнтаў, узровень так званых праблемных крэдытаў. Гэта ўжо пэўная чырвоная рыса. Беларускія банкі даўно адчуваюць сябе ня так устойліва, як раней

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Цыганкоў: Спадар Марголін, але да якой рысы Аляксандар Лукашэнка ня будзе прымаць рэчаіснасьць? Мы ведаем яго як даволі прагматычнага палітыка ў пэўных сытуацыях, калі ён здольны рабіць вельмі рэалістычны, а не ідэйны выбар. Асабліва калі гэта пагражае ягонай уладзе. Калі ён убачыць, што адсутнасьць рэформаў прывядзе да горшых вынікаў, чым іх правядзеньне, — можа ён на іх пайсьці?

Марголін: Безумоўна, адзіная ўмова, калі Лукашэнка можа пайсьці на сапраўдныя рэформы — гэта калі ён убачыць, што адсутнасьць рэформаў больш небясьпечная для ягонай улады, чым іх правядзеньне.

Тое, што ён казаў пра банкіраў, — гэта яркая ілюстрацыя разуменьняў Лукашэнкі пра эканоміку. Для яго вытворчасьць, сельская гаспадарка, будаўніцтва — гэта сапраўдная справа. А гандаль, банкі — іх ролю ён не разумее. Тое, што чалавек не разумее, — часта для яго вельмі страшнае.

Таму толькі калі будзе відавочна, што рызыка ад неправядзеньня рэформаў значна перавышае рызыку ад іх правядзеньня, — тады нешта будзе рабіцца.

Цыганкоў: Але ж вось Лукашэнка не разумее асабліва кампутарныя тэхналёгіі, але даў шматлікія льготы беларускаму Парку высокіх тэхналёгіяў. І ў выніку ПВТ цудоўна жыве і прыносіць прыбытак дзяржаве.

Марголін: Гэта якраз тая галіна эканомікі, якая менш за ўсё залежыць ад таго сацыяльна-эканамічнага ладу, які пануе ў краіне. Высокія тэхналёгіі не зьвязаныя ані з наёмнай працоўнай сілай, ані з вытворчымі магутнасьцямі, тут ня трэба заводаў, станкоў, абсталяваньня. Разьвіцьцё гэтага сэктару не пагражае ніякім бокам уладзе Лукашэнкі.

Калі яму кажуць пра падвышэньне камунальных паслугаў — ён неахвотна, але пагаджаецца, бо гэта не пагражае ягонай уладзе. Але калі гаворка ідзе пра прыватызацыю, пра незразумелыя структурныя рэформы — гэта ўжо страшна, на гэта ісьці ня хочацца.

Цыганкоў: Пра неабходнасьць рэформаў апазыцыйныя палітыкі і незалежныя эканамісты кажуць 20 гадоў, як і пра непазьбежны заняпад цяперашняй эканамічнай сыстэмы. Але яна неяк жыве, мела свае вяршыні, свае тлустыя гады. Чаму б Лукашэнку ня думаць, што гэтая сыстэма зноў перажыве «часовыя складанасьці» і пачне забясьпечваць беларусаў пэўным дабрабытам?

Любыя зьмены ў аўтарытарнай цэнтралізаванай сыстэме Лукашэнка ўспрымае як пагрозу дзяржаўнаму ладу

Жаліба: У Лукашэнкі такая натура, якая прагне, каб усё было пад кантролем — грошы, рэсурсы, вялікая цэнтралізацыя. Таму яму не падабаюцца ўсе размовы пра прыватызацыю. Любыя зьмены ў гэтай аўтарытарнай цэнтралізаванай сыстэме ён успрымае як пагрозу дзяржаўнаму ладу.

Калі і былі нейкія посьпехі ў нулявыя гады, то яны абавязаныя энэргетычным расейскім субсыдыям (танным газу і нафце), а таксама спрыяльнымі рынкавымі абставінамі — высокім цэнам на калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты.

Што далей? Лукашэнка будзе трымацца да апошняга у спадзяваньні, што цэны на нафту падвысяцца, санкцыі да Расеі адменяць, і эканоміка Расеі адновіцца, — і тады мы зноў будзем мець субсыдыі і рынак збыту. Але так ужо ня будзе.

Марголін: Напрыклад, калі мы бачым, што колькасьць МАЗаў, якая прадаецца на расейскім рынку, памяншаецца, то можам тлумачыць, што ў Расеі крызіс, і калі ён скончыцца, то ўсё вернецца на свае колы. Але калі мы бачым, што доля МАЗа скарачаецца, і іншыя прадпрыемствы заваёўваюць большую долю расейскага рынку — то гэта ўжо ня толькі расейскі крызіс вінаваты. Гэта праблема ў Беларусі.

Дзяржаўныя прадпрыемствы маюць горшыя пэрспэктывы на расейскім рынку. Нават калі ён ачуняе (што малаверагодна) — зусім ня факт, што беларускія экспартэры (аўтамабілі, трактары, тэлевізары, лядоўні, пліты) зноў зоймуць тое месца ў Расеі, якое было ў нулявыя гады. Тая сытуацыя ўжо ня вернецца. Гэта месца было вакантна 15-20 гадоў таму, і яго з посьпехам займалі беларускія прадпрыемствы. Цяпер яно занятае іншымі, і яго бяз бою ніхто не аддасьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG