Сёньня адбылася прэсавая канфэрэнцыя расейскага прапагандыста Ўладзімера Салаўёва, падчас якой ён распавёў анэкдот пра Лукашэнку, назваў галоўную памылку Пуціна і зьняважліва выказаўся на адрас незалежнай журналісткі.
Салаўёў прыехаў у Менск упершыню пасьля амаль 25-гадовага перапынку. Ён выступіць з творчым вечарам у вялікай канцэртнай залі Палаца Рэспублікі.
Увечары, калі Салаўёў будзе выступаць з канцэртам, «Малады фронт» хоча зладзіць акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы з мэтай «супрацьстаяць расейскай прапагандзе».
— Я стаўлюся з гумарам да тых, хто хоча выйсьці на плошчу, — сказаў Салаўёў. — Гэта такая пераацэнка маёй ролі... Ну вось чаго яны хочуць дасягнуць? Каб я пабачыў, што яны ёсьць? Лепш бы ў храм Усіх Сьвятых схадзілі, там так дабратворна!
На пытаньне, з чым зьвязаная нядаўняя хваля антыбеларускай рыторыкі на ток-шоў у эфіры расейскіх тэлеканалаў, ён адказаў, што «няма ніякай хвалі».
— Проста нейкія мае калегі-ідыёты прыдумалі сабе тэму і зрабілі безадказную непрыстойную перадачу. Ачуйцеся, не прыдумляйце! Ня трэба казаць, што на тэлебачаньні рэтрансьлюецца пазыцыя Крамля. Беларусі няма чаго хвалявацца і ня трэба баяцца Расеі. У вас фашысты зьбіраюцца прыйсьці да ўлады, як ва Ўкраіне? Здаецца, не пакуль. І ня трэба глядзець гэтыя каналы.
— А як зьмянілася ваша стаўленьне да Лукашэнкі за апошнія тры гады?
— Ды ніяк! Вы калі пытаецеся пра яго, то гэта выдае перш за ўсё ваш асабісты страх перад ім, а ў мяне страху няма. Можа, вы не журналіст, а афіцэр замежнай выведкі, а? Лукашэнка — такі ласкавы народны пэрсанаж, размаўляе сьмешна. Вось і ўсё. У нас такі анэкдот пра яго распавядаюць. Прыходзіць Лукашэнка да каровы і пытае: «Ну што, сёньня будзем даваць плян па малаку ці адразу па мясе?, — кажа Салаўёў, імітуючы спэцыфічны голас кіраўніка краіны. У залі сьмех.
На пытаньні прадстаўнікоў дзяржаўнай прэсы Салаўёў адказваў прадказальна: гучала рыторыка пра «перамогу беларусаў у Вялікай Айчынай вайне» і «талерантнасьць Расеі».
— Расея — вельмі талерантная краіна. Напрыклад, украінцы з 1991 году ня бачылі ад расейцаў нічога, акрамя дабра. Мы вельмі пяшчотна ставімся да гэтага народу, асабліва да тых, хто прыяжджае ў Маскву на заробкі. Расея нікуды ня лезе. Гавораць таксама пра нашу агрэсію ў Грузіі. А ў чым агрэсія? Мы ж не падвесілі Саакашвілі за тое, чаго яму відавочна не хапае? — набірае абароты Салаўёў. — Асноўная памылка Пуціна якраз у ягонай талерантнасьці.
Калі журналістка «Народнай волі» задала пытаньне пра магчымае пагаршэньне стасункаў паміж Менскам і Масквой, Салаўёў назваў яе «бляндынкай а ля Ксенія Сабчак, якая сядзіць на грантах».