Чым выкліканы выбух цікавасьці да традыцыйнага беларускага арнамэнту? Ці зьяўляецца арнамэнт на вышыванках, татуіроўках, сувэнірнай прадукцыі культурным кодам сучасных беларусаў? І ці наблізіць мода на адмеціны беларушчыны час, калі насельніцтва Беларусі ўсьвядоміць сябе народам?
Пра гэта разважае госьць Свабоды — музыка, лідэр гурту «Znich», мастак, майстар тату Алесь Таболіч.
Фрагмэнты перадачы
— У чым вы бачыце прычыны, што апошнім часам адбыўся выбух цікавасьці да вышыванак і татуіровак з нацыянальнымі матывамі? Гэта рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне, а ў вышыванках, нацыянальных сымбалях многія беларусы шукаюць паратунку? Што для беларусаў нацыянальны арнамэнт, нацыянальны матыў? Пашпарт беларуса, культурны код?
— Гэта — культурны код. Калі ў нас забараняюць увогуле звацца беларусам, калі складана ў Беларусі размаўляць па-беларуску, бо на цябе пачынаюць глядзець як на апазыцыянэра, тады нармальныя людзі, патрыёты падкрэсьліваюць сваю любоў да радзімы праз культуру. Якой бы палітыка ні была, культура застаецца культурай. І чалавек, які паважае сваю краіну, паважае і яе культурныя традыцыі, родныя матывы. Ён будзе паважаць і мову сваю, і песьню, і ўвогуле мастацтва, якое жыве ў нас. І акурат гэтымі татуіроўкамі чалавек сябе пазначае як беларуса.
— А чаму менавіта цяпер у Беларусі ўзрасла цікавасьць да тату ў нацыянальных матывах?
— Тут ёсьць два моманты. Па-першае, за дваццаць гадоў незалежнасьці Беларусі выкрышталізавалася адчуваньне, хай і недасканалае яно, недаробленае, што беларусы ёсьць нацыяй. Адсюль і ўсьведамленьне, што гэта наша — ці тыя ж вышыванкі, ці нейкія геральдычныя знакі. Калі ж казаць пра татуіроўку, дык раней выбівалі на целе зорачкі, герогліфы, англамоўныя надпісы. Цяпер прыйшла мода іншая. Яна не навязаная звонку. Яна стала як бы характэрнай душой паўсядзённага жыцьця. Натуральна, у пэўным сэнсе на гэта паўплывала палітыка, тое, што адбылося ва Ўкраіне з нашым братэрскім народам. І беларусы паціху ўсьведамляюць, што яны могуць страціць самае галоўнае, а абараніць сябе могуць толькі культурай. Менавіта культурай, а не агрэсіяй.
— Сапраўды, пачалася павальная мова на беларускія знакі. Нават бээрэсэмаўцы, я не кажу ўжо пра спартоўцаў, музыкаў, набіваюць сабе адмеціны беларушчыны. Ці лічыце вы, што рост цікавасьці да арнамэнту — вышыванак, тату — наўпрост прапарцыянальны росту нацыянальнай самасьвядомасьці?
— Як мне падаецца, нацыянальная самасьвядомасьць была яшчэ і ў тых жа 1980-х гадах, у савецкі час. Але ўсьведамленьне, што гэта сапраўды наша, што гэта можна страціць, узьнікла менавіта цяпер. І таму людзі імкнуцца сябе пазначыць. Гэта і ёсьць той код, пра які вы кажаце. Вельмі прыемна, калі прыяжджаеш у іншыя краіны, і на табе бачаць той жа беларускі арнамэнт, людзі зьдзіўляюцца: а што гэта на табе? А, арнамэнт, беларускі?.. Для іх гэта адкрыцьцё беларуса і Беларусі. Мы ня можам мовай перадаць сваю нацыянальную адметнасьць, а на целах людзі бачаць нашу прыналежнасьць да беларускага народу. А калі б мы былі ў нейкіх герогліфах ці японскіх драконах, ніхто б на гэта і не зьвярнуў увагі.