У гэтым, на першы погляд, выдуманым фантастычным сюжэце закадаваная беларуская рэчаіснасьць — распавёў Радыё Свабода кіраўнік праекту Павал Марозаў.
Павал Марозаў: «Гэты мультсэрыял ствараецца для беларусаў, таму што ў беларусаў, на жаль, няма гэтак званай папулярнай анімацыі, як на Захадзе вядомыя сэрыялы Футурама, Сімпсаны. У Беларусі гэта жанр ніяк не прадстаўлены. Мы зрабілі спробу зрабіць нешта такое сьмешнае для шырокага кола гледачоў."
Франак Вячорка: «У першых сэрыях можна пабачыць шмат супадзеньняў з рэчаіснасьцю. А што і хто, акрамя галоўнакамандуючага, кіраўніка гэтае выдуманае краіны мае рэальныя прататыпы?»
Павал Марозаў: «Гэта дастаткова закрытая краіна. Пэрсанажы ў сэрыяле жывуць ізалявана ад усяго сусьвету. І там адбываюцца рэчы, якія, у незалежнасьці ад іх сур’ёзнасьці ці несур’ёзнасьці, успрымаюцца неяк унікальна. Шмат якія пэрсанажы маюць свае, калі не прамыя, то ўскосныя паралелі з рэчаіснасьцю. Галоўны герой — гэта тыповы студэнт Беларусі, тынэйджэр, які жыве, ня думае пра палітыку ці іншыя сур’ёзныя рэчы, пакуль сам выпадкова не сутыкуецца з гэтай рэчаіснасьцю. Яго маці — прафэсар. Усе яны маюць нейкіх сваіх альтэрэгаў у беларускім грамадзтве»
Франак Вячорка: «Калі не сакрэт, хто гэты сэрыял робіць? Хто прыдумляе сюжэты?»
Павал Марозаў: «Каманда інтэрнэйшэнал. Вядома, касьцяк каманды — беларусы, якія жывуць у Беларусі і за мяжой, у Эстоніі, ва Ўкраіне, але ёсьць і нашыя калегі — з Расеі, Украіны, якія нам дапамгаюць. Агулам — чалавек 15, якія нам дапамагаюць рабіць сэрыял».
Павал Марозаў — беларускі грамадзкі дзяяч, сябра Рады БНР, сустваральнік інтэрнэт-тэлебачаньня «АРУ ТВ». Заснавальнік супольнасьці «Трэці шлях» і адзін з аўтараў «МультКлюбу» — сатырычнай анімацыі пра Лукашэнку, за што быў перасьледаваны па артыкуле «Паклёп у дачыненьні да Прэзыдэнта Беларусі». Ад 2006 году знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі ў Эстоніі. Тры сэрыі мультыплікацыйнага сэрыялу ўжо можна паглядзець «Вконтакте» і на youtube, а таксама на сайце «Радыё Свабода».
Наступная сэрыя зьявіцца напрыканцы студзеня.