Выніковая лічба тых, хто прагаласаваў, у пратаколе камісіі на 347-м выбарчым участку Сухараўскай выбарчай акругі № 101 гораду Менску і падлікі назіральнікаў не супадаюць.
Назіральнік ад руху «За свабоду» Алесь Лагвінец сьцьвярджае, што выбары на 347-м участку не адбыліся — паводле ягоных падлікаў, сёньня прагаласавалі толькі 19% выбарнікаў. Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец сказаў Свабодзе, што на 347-м выбарчым участку камісія раптам прыняла рашэньне выдаліць усіх 12 назіральнікаў, а таксама журналістаў.
«Але два назіральнікі — я ад руху „За свабоду“ і Багдан Сакалоў ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі — засталіся. Прэса таксама засталася.
Камісія прыняла рашэньне выдаліць усіх пасьля інцыдэнту з назіральнікам Пятром Маркелавым. Ён патрабаваў магчымасьці бачыць, ці зарэгістраваныя грамадзяне, якія прыходзяць галасаваць, бо былі падазрэньні, што некаторыя людзі не зарэгістраваныя на гэтым участку. Камісія адмаўлялася гэта рабіць. Маркелаў настойваў, і ў выніку яго вывела міліцыя. Цяпер ён невядома дзе, на званкі не адказвае», — распавёў Лагвінец.