Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Кукабака: Побач зь Беларусьсю – страшны вораг, пуцінская Расея


Міхась Кукабака
Міхась Кукабака

У Менску і Бабруйску прайшлі прэзэнтацыі кнігі Міхася Кукабакі, што выйшла да 80-годзьдзя аўтара. Легендарны дысыдэнт, які правёў у савецкіх турмах і псыхушках шаснаццаць з паловай гадоў і вызваліўся толькі ў 1988-м, – госьцем перадачы.

— Спадар Міхась, найперш хачу павіншаваць вас з кнігай. Ці задаволеныя вы ёю, і якія ўражаньні засталіся ў вас ад дзьвюх яе прэзэнтацый — у Менску і на вашай радзіме, у Бабруйску?

Пуцін ня страчвае надзеі калі-небудзь уключыць Беларусь у гэтак званы «русский мир», а папросту — у сваю імпэрыю.
Міхась Кукабака

М.К: Вядома ж, я задаволены, і перш за ўсё тым, што пабачыў на сустрэчах шмат моладзі, шмат людзей, якія цікавяцца мінулым. Гэта дае пэўную надзею, што, нягледзячы на актыўную прапаганду з боку расейскіх тэлеканалаў, якія, на жаль, свабодна трансьлююцца ў Беларусі, наш народ паціху ўсё ж аднаўляе сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. Мяне гэта радуе. Мая кніга, я спадзяюся, у некаторай ступені садзейнічае гэтаму. Лёс кожнага чалавека па-свойму ўнікальны, і я ў гэтым пляне не вынятак. Пагадзіцеся, шаснаццаць з паловай гадоў вязьніцы — такое нячаста сустракаецца. Я называю сябе ўдзельнікам супраціву з расейскім імпэрскім фашызмам. На жаль, ён не пераможаны дагэтуль. Пуцін ня страчвае надзеі калі-небудзь уключыць Беларусь у гэтак званы «русский мир», а папросту — у сваю імпэрыю.

Паліна Сьцепаненка
Паліна Сьцепаненка

— У нашай перадачы бярэ таксама ўдзел Паліна Сьцепаненка, укладальніца кнігі. Паліна, якія тэксты і дакумэнты ў яе ўвайшлі?

П.С.: Насамрэч у гэтай кнігі тры ўкладальнікі — я, дасьледчыца беларускай эміграцыі Натальля Гардзіенка і спадар Міхась, які актыўна нам дапамагаў. Кніга складаецца з трох частак. Першая — падрабязная аўтабіяграфія, якую Міхась Ігнатавіч напісаў адмыслова для нашай кнігі. Там ёсьць факты, якія былі невядомыя нікому. Другая (найбольшая) частка — інтэрв’ю ў модным цяпер жанры нон-фікшн. Тры дні мы былі ў спадара Міхася ў гасьцях у Маскве, тры дні мы запісвалі нашу гутарку. І трэцяя частка, якую рыхтавала Натальля Гардзіенка, — аб праваабарончай дзейнасьці беларускай эміграцыі, якая актыўна змагалася ў свой час за Міхася Кукабаку, рабіла акцыі ў яго падтрымку. Да ўсіх гэтых частак ёсьць адпаведныя дакумэнты і фота.

— Спадар Міхась, у вашай біяграфіі ёсьць проста гераічныя моманты. Возьмем, напрыклад, 1968 год, савецкую акупацыю Чэхаславакіі. На Красную плошчу ў Маскве на маўклівую маніфэстацыю выйшлі некалькі чалавек. Вы ж проста ў ваенкамаце заявілі, што павернеце аўтамат супраць акупантаў. Вы насамрэч былі гатовыя страляць?

М.К.: Быў гатовы. Я сам сябе ўжо запраграмаваў — павінен зрабіць толькі так і не іначай. А каб мне не навесілі ярлык «здраднік савецкай радзімы», я іх адкрыта папярэдзіў. Вы хочаце зь мяне зрабіць ворага — зробіце.

Плякат зь пікету на Краснай плошчы, 1968 год
Плякат зь пікету на Краснай плошчы, 1968 год

— Але там былі маладыя салдацікі, што апынуліся ў Празе не па сваёй волі...

М.К.: Тыя маладыя салдацікі — зомбі. Калі Гітлер напаў на Савецкі Саюз, у нямецкім войску таксама былі маладыя салдацікі, якіх прымусілі, і яны стралялі ў такіх жа маладых савецкіх салдацікаў. Вайна ёсьць вайна, і на любы ўдар трэба адказваць ударам. Калі ты малады салдацік, чаго ты прыпёрся ў чужую краіну? Я тое самае казаў і падчас чачэнскай кампаніі. У газэтах пісалі — там маладыя салдацікі гінуць. Дык не пасылайце іх на сьмерць! Вы, бацькі, ведаеце па кніжках і фільмах, што такое вайна, дык нашто пасылалі сваіх дзяцей туды? А потым плакалі, што сын без нагі ці без рукі вярнуўся, загінуў ці зьнік бязь вестак. Паўтаруся, я страляў бы, бо той салдацік для мяне — вораг. Паўтараю, калі ён свой аўтамат накіраваў на чужы яму народ, ён для мяне вораг.

— Адзін зь першых публічных выступаў супраць русіфікацыі Беларусі — ваш артыкул «Скрадзеная радзіма» (1978), апублікаваны на Захадзе. Прайшло з таго часу 36 гадоў. Няма ўжо ні СССР, ні КПСС, а русіфікацыя працягваецца? Чаму так?

Побач — страшны вораг, пуцінская Расея, што даказана падзеямі ва Ўкраіне і ў іншых месцах. Паглядзіце, што адбываецца па ўсім пэрымэтры — кавалак у Малдовы Расея адкусіла, у Грузіі адкусіла, стварыла канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, зь Японіяй тэрытарыяльныя спрэчкі. Паўсюль Пуцін імкнецца ўнесьці разлад і варажнечу.
Міхась Кукабака

М.К.: Я б не гаварыў так катэгарычна, што яна працягваецца. Я б сказаў, што яна вельмі запаволілася. Я вызначаю спадара Лукашэнку як майстра палітычнага манэўру. Немагчыма рэзка ўзяць кірунак на беларусізацыю, на аднаўленьне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Трэба ўлічваць, у якім эканамічным і сацыяльным становішчы знаходзіцца Беларусь. Побач — страшны вораг, пуцінская Расея, што даказана падзеямі ва Ўкраіне і ў іншых месцах. Паглядзіце, што адбываецца па ўсім пэрымэтры — кавалак у Малдовы Расея адкусіла, у Грузіі адкусіла, стварыла канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, зь Японіяй тэрытарыяльныя спрэчкі. Паўсюль Пуцін імкнецца ўнесьці разлад і варажнечу. І калі кіраўніцтва Беларусі рэзка возьме курс на беларусізацыю, гэта можа выклікаць нэгатыўную рэакцыю Крамля, які не адмовіўся ад імпэрскіх ідэяў.

— Паліна, вы прадстаўніца зусім другога пакаленьня. А калі вы ўпершыню пачулі пра Міхася Кукабаку?

П.С.: Я ведала пра Міхася Кукабаку зь дзяцінства, з 1978 году. Мой дзед, які быў франтавіком, а потым займаў кіроўную пасаду, калі перадалі «Скрадзеную радзіму» па «Нямецкай хвалі», сказаў: ну, дзякуй Богу, хоць адзін сьмелы ў нас знайшоўся. Я пра гэта расказвала Міхасю Ігнатавічу, калі мы дамаўляліся пра сустрэчу ў Маскве. Так што пра Кукабаку я ведала зь дзесяці гадоў, але ня думала, што давядзецца сустрэцца. Сустрэліся мы па просьбе Алеся Бяляцкага, для якога Кукабака быў кумірам маладосьці. Алесь, калі сядзеў у турме ў Бабруйску, напісаў мне ліст з просьбай знайсьці Кукабаку і запісаць зь ім інтэрв’ю. Так і атрымалася. Што да кнігі, то ў ёй мяне ўразіла ўсё — лёс, сам чалавек. Мы ехалі ў Маскву і думалі, што нас сустрэне злосны на жыцьцё чалавек, нудны стары. А сустрэў нас чалавек надзіва прыемны, зь якім адразу захацелася пасябраваць. Я для сябе сфармулявала так: хачу мець такога суседа па лесьвічнай пляцоўцы.

— Спадар Міхась, вы правялі ў зьняволеньні шаснаццаць з паловай гадоў. Дзе было найгорш, і што было выцерпець найцяжэй?

У псыхушцы чалавек нават фармальных правоў абсалютна пазбаўлены, ён цалкам залежыць ад лекара, як раб
Міхась Кукабака

М.К.: Горш за ўсё, бясспрэчна, было ў псыхушках. Па-першае, там няма пэўнага тэрміну зьняволеньня. Па-другое, у псыхушцы чалавек нават фармальных правоў абсалютна пазбаўлены, ён цалкам залежыць ад лекара, як раб. Прыгадваю сваё знаходжаньне ў Сычоўскай спэцпсыхушцы Смаленскай вобласьці. Сам начальнік больніцы, Лямец Леанід Іванавіч, займаўся зьбіцьццём пацыентаў. Калі да яго зьвярталіся са скаргай, ён ветліва выслухоўваў разам з галоўным лекарам, а потым, калі чалавек сыходзіў, выклікаў брыгадзіра санітараў (санітарамі былі крымінальнікі з суседняга лягеру): «А ну, прапішыце гэтаму пацыенту кулазін» (ад слова «кулак»).

Яшчэ там любілі казаць: «Вас ня мы лечым, вас сьцены лечаць». У псыхушцы маглі трымаць, колькі заўгодна. Пастаянны стрэс, пастаянна трэба было быць насьцярожаным, ня ведаеш, адкуль чакаць непрыемнасьцяў. У лекара можа зьмяніцца настрой, і ён пачне рабіць табе паскудзтвы. А зь лягероў найцяжэй мне было ў Наваполацку, на агульным рэжыме. У той час у псыхушку мяне саджаць ужо не рашаліся. Паколькі шмат матэрыялаў было ўжо апублікавана на Захадзе, магло ўзьнікнуць пытаньне: што гэта за вар’ят, які піша такія разумныя артыкулы? Таму мяне пачалі пасылаць у лягеры, дзе быў вельмі моцны ціск — псыхалягічны і фізычны.

Пікет беларускай дыяспары ЗША ў абарону Міхася Кукабакі
Пікет беларускай дыяспары ЗША ў абарону Міхася Кукабакі

У той час за мяне вельмі шмат людзей заступалася на свабодзе. Мой сябра Віктар Некіпелаў быў блізкі да акадэміка Сахарава, мной зацікавіліся амэрыканскія кангрэсмэны і прафсаюзы, праваабаронцы замежныя. Выступала ў маю падтрымку і дыяспара беларуская. Скажам, Янка Запруднік пастаянна публікаваў навіны пра мяне ў газэце «Беларус».

— І толькі зь Беларусі ў вашу абарону не прагучала ніводнага голасу. А вам не крыўдна было?

Чаму такія людзі, як Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якія выступалі з перабудовачнымі прамовамі, ні словам ня ўспомнілі, што жывы чалавек сядзіць у лягеры? ​
Міхась Скобла

М.К.: Не крыўдна. Я дзейнічаў не з разьлікам на чыюсьці салідарнасьць, а ў адпаведнасьці са сваім сумленьнем. Чалавек павінен жыць не паводле той канстытуцыі, якая апублікавана, а па той, якая ў яго ў галаве. Калі гэтыя дзьве канстытуцыі не супадаюць, чалавек павінен аддаваць прыярытэт сваёй. А наконт таго, што землякі прамаўчалі... У мяне проста гэта выклікала зьдзіўленьне. Я нават пасьпеў на волю перадаць «Ліст з палітзоны строгага рэжыму», дзе задаваў пытаньне, чаму такія людзі, як Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якія выступалі з перабудовачнымі прамовамі, ні словам ня ўспомнілі, што жывы чалавек сядзіць у лягеры? Гэта ж былі ўжо 1987-1988 гады. У лягеры я ўжо заставаўся апошнім.

— Вы ж, здаецца, пазьней сустракаліся і з Быкавым, і з Адамовічам. Вы ім сам-насам такога пытаньня не задавалі?

М.К.: Не, не задаваў. Не забывайце пра галоўнае — ляўрэтамі Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій не станавіліся прынцыповыя і прыстойныя людзі. Як правіла, гэта людзі, якія працавалі на савецкую прапаганду. Дысыдэнтам прэмій не давалі.

— Васіль Быкаў атрымаў Ленінскую прэмію за аповесьць «Знак бяды» — выдатны ва ўсіх адносінах твор.

М.К.: Тут я згодзен.

— Яшчэ ў 1980 годзе паэт Міхась Кавыль (нядаўна яму споўніўся 101 год!) напісаў верш, дзе былі такія радкі: «Кожны крок са спадзевам трыножым, / Слоў вызвольных сьпісалі тамы / І ў сьвятынях укленчваем: «Божа! / Збаў наш Край ад чырвонай чумы! / Кукабаку даў Бог — небараку / На гулагскім калечаць крыжы...» Ці даходзіла да вас інфармацыя, што за вас змагаюцца, што вам паэты вершы прысьвячаюць?

М.К.: Нічога не даходзіла. Лягерная цэнзура нічога не прапускала, за любое падазронае слова лісты сканфіскоўваліся.

— У беларускай Вікіпэдыі гаворыцца, што «Міхась Кукабака ня мае зь беларускай грамадзкасьцю сталых сувязяў». Як бачым, гэта ня так. Паліна, а з чыйго боку было больш ахвоты кантактаваць — з вашага, ці з боку аўтара кнігі?

П.С.: Праваабарончы цэнтар «Вясна» наладзіў кантакты зь Міхасём Ігнатавічам яшчэ ў 1998 годзе. У нашых стасунках былі розныя моманты. А ўжо калі пачалася праца над кнігай, то ўсе тры дні, пакуль рабілася інтэрвію, я адчувала, што набіраюся нейкай новай энэргіі, моцы. Для мяне гэта было вельмі цікава і важна.

— Спадар Міхась, трэба, відаць, падкарэктаваць тую Вікіпэдыю?

М.К.: Так, бо адразу пасьля вызваленьня ў 1988 годзе я наведваў Беларусь, вельмі актыўна ўдзельнічаў у розных акцыях. Памятаю, на Плошчы Леніна двое маладых хлопцаў савецкі сьцяг палілі, то я ўдзельнічаў у іх ахове, каб на іх кадэбэшнікі ня кінуліся.

Сустрэча з Кукабакам у Бабруйску
Сустрэча з Кукабакам у Бабруйску

— Беларускае грамадзтва жыве ва ўмовах застрашанасьці. Тое нельга, за гэта штраф... Паліна, як вы лічыце, у чым прышчэпка ад страху паводле Міхася Кукабакі?

П.С.: Па сваёй прыродзе я чалавек вельмі баязьлівы — усяго баюся. І калі ехала да Міхася Ігнатавіча, то думала — вось і набяруся сьмеласьці ў такога бясстрашнага чалавека. Двойчы я задавала свайму суразмоўцу гэтае пытаньне. Спачатку Міхась Ігнатавіч проста сказаў, што страху няма. А пасьля дадаў — няма, калі ў чалавеку жыве непахісная ўпэўненасьць у сваёй праўдзе.

КДБ мне адмовіў, маўляў, мая справа – уласнасьць дзяржавы
Міхась Кукабака

М.К.: Я і сёньня магу паўтарыць тыя словы. А яшчэ хачу дадаць, што мая гісторыя пакуль не закончылася. У 1970 годзе мяне пасадзілі, у 1990-м цалкам рэабілітавалі, але да гэтай пары я не магу атрымаць доступу да сваёй справы ў Маскве. У пачатку 90-х я зьвяртаўся ў гэтай справе і ў беларускі КДБ, маючы на руках даведку, што мне патрэбныя матэрыялы для напісаньня кнігі (яе я атрымаў у выдавецтве «Беларусь»). КДБ мне адмовіў, маўляў, мая справа — уласнасьць дзяржавы. Я кажу, прабачце, але да стварэньня гэтай «уласнасьці» і я ж маю пэўнае дачыненьне. Хіба не? Але справы мне так і ня выдалі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG