Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як назваць аднаразовы пітны посуд? ВІДЭА


Як назваць аднаразовы пітны посуд? ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00

Як назваць аднаразовы пітны посуд? ВІДЭА

Нярэдка, хочучы назваць па-беларуску аднаразовы выраб з плястыку (кардону) для пітва, людзі не знаходзяць патрэбнага слова.

​Прадмету, які па-расейску „одноразовый стаканчик“, беларускае слова шклянка, шкляначка не пасуе! Надта ж празрыстае тут шкло.

(Тэму шматкроць ужо разглядалі — ня толькі на моўных форумах у сеціве, але і прафэсійныя мовазнаўцы, напрыклад Юрась Бушлякоў, аднак новыя пакаленьні гараджанаў, што прыходзяць да беларускае мовы праз расейскую, спатыкаюцца аб „стаканчык“ зноў і зноў. Ніжэй мой гукавы падкаст на тэму)

Як назваць аднаразовы плястыкавы посуд піць ваду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:09 0:00
Наўпроставы лінк

Продкі нашыя такіх рэчаў не ўжывалі, гэта параўнальна новая рэалія, а каб яе добра назваць, перабярэм народныя й гістарычныя назвы пітнога посуду.

Калі пачынаць з найбольшага, то піць ваду можна і з цэбра, і зь вядра. Піць нагбом. Калі мяне папрасілі перакласьці слова на расейскую, атрымалася вось што.

Нагбом: непереводимое на русский язык название способа питья из большого сосуда (напр., ведра) путём частичного наклонения оного.

Слова, відаць, паходзіць ад нагнуць, нагбаць (хаця ў гаворках сустрэнем і варыянт набгом).

Калі ў дарогу бралі біклагу, то пілі проста з рыльца.

А вось з рыльца бутэлькі ці то пляшкі — гэта сынонімы — беларусы не пілі, гэтая завядзёнка трапіла ў Беларусь у савецкія часы.

Не пілі і з карафкі (тое, што па-расейску графин), а далікатна налівалі гасьцям у маленькія чаркі ці кілішкі.

Чым яны розьняцца? „Кілішак — з ножкай, а бяз ножкі — чарка“.

Шырокую геаграфію такога застольнага сьветагляду — ад Шчучына на захадзе да Браслава на паўночным усходзе — сьведчыць „Слоўнік гаворак паўночна-заходняй Беларусі“.

Кілішак — маленькі келіх. У келіхі наліваюць віно.

Келіх
Келіх

І келіх, і кілішак, і чарка маюць беражкі, можа нават залатыя. Адзіная песьня, якую ў клясычных „Песьнярах“ сьпяваў сьціплы бубнач Аляксандар Дзямешка (і граў на сваіх бубнах таксама):

Залатымі беражкамі аблажоная.
(Верш Максіма Танка, музыка Ўладзімера Мулявіна)

У продкаў бывала яшчэ куляўка або чарка-пакатуха для запозьненых гасьцей — з круглым дном, бяз ножкі, што не магла стаяць. Антонім „неваляшки“, так бы мовіць.

Моцныя напоі не пілі шклянкамі. Шклянка — для вады. Кантовая шклянка— тое, што па-расейску „гранёный стакан“, канты́ — гэта геамэтрычныя рэбры.

Кубак Беларусі

І яшчэ для вады, вядома ж, кубак — паводле акадэмічнага слоўніка, ‘невялікая, звычайна з ручкай, фарфоравая, гліняная ці іншая пасудзіна для піцьця’. (У эпоху ВКЛ казалі не фарфоравая, а парцалянавая.)

Кубак
Кубак

Зусім правільная заўвага наконт ручкі: яна можа быць, а можа і не.

Сынонім — конаўка, ад нямецкага Kanne, у гэтым самым шэрагу ангельскі can — кансэрвавая бляшанка. Конаўка — усё ж мэталёвы кубак.

Карэц вешалі каля крыніцы, ён абавязкова з ручкай, мэталёвы ці нават драўляны.

Наша кварта — большая за пінту!

Урэшце — кварта: конаўка ці кубак на 706 мілілітраў або чвэрць (малога) ґарца. Кварта — гэта сур’ёзна, яна ўваходзіла ў сыстэму дзяржаўных мераў ВКЛ. Наша кварта большая за брытанскую імпэрскую пінту ў 568 мл. Можна ўявіць, як у Скарынавы часы выглядала шкляная кварта.

Калі ўжо ідзецца пра Скарыну і праскія традыцыі, у якіх ён, без сумневу, разьбіраўся, то зазначым, што піва наліваюць у куфаль, не ў „бакал“. Хаця абодва словы пазычаныя: куфаль, кухаль беларусы ўзялі з германскіх моваў не пазьней за XVI стагодзьдзе; бокал расейцы перанялі з раманскіх моваў параўнальна нядаўна.

Аб’ёмы посуду для піцьця аналягічна перабралі стомленыя беларускія жаўнеры з „Народнага альбому“ (верш Міхала Анемпадыстава), праўда, ад меншага да большага:

Эх, па чарачцы
Ды па малюсенькай,
Эх, па шкляначцы
Ды па паўнюсенькай.

Эх, па куфэльку
Ды па глiнянаму,
Эх, па цэбрыку
Ды па драўлянаму.

Эх, па вядзерачку
Ды па дзевяцiлiтроваму,
Эх, па дзежачцы
Ды па бяздоньненькай.

Але вернемся да аднаразовага начыньня піць. Перабраўшы пітны посуд, бачым, што найбліжэйшы да гэтае тэхналягічнае навацыі — кубак, кубачак (залежна ад памеру). У сваім нарысе на тэму філёляг і пісьменьнік Анатоль Клышка ўспамінае пра кубачкі:

„У дзяцiнстве, памятаю, так мы называлi ня толькi звычайныя мэталiчныя цi глiняныя пасудзiнкi, але i... белыя фарфоравыя штучкi на тэлефонных слупах, якiя толькi што тады паставiлi ў вёсцы“.

Праўда, яны там перакуленыя )
І ён жа здымае праблему, як назваць марозіва ў адпаведным начыньні: „…У народзе кажуць: марозiва ў вафельцы“.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG