Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачы» згуляюць супраць «Дынама» ў суботу


Дзяніс Шунто
Дзяніс Шунто

Пра легіянэраў з Кіргізстану, заробкі ў 10 мільёнаў і нежаданьне працаваць з расейскім інвэстарам Свабодзе распавёў заснавальнік клюбу Дзяніс Шунто.

— Дзяніс, ці ўсе гульцы, што былі ў «Крумкачах» у Першай лізе, засталіся ў складзе каманды?

— Усе засталіся, акрамя некалькіх чалавек, што былі ў нас у арэндзе. Хто з гульцоў будзе гуляць у Найвышэйшай лізе, хутка пабачым. Мы нікога не зьбіраемся выганяць, але гульцы павінны разумець, што трэба адпавядаць Найвышэйшай лізе. Хто ня трапіць у аснову, прапануем пачаць з дубля, каб даказвалі праз дубль сваё месца ў аснове. Калі гулец ня будзе праходзіць у дубль, трэба ўжо некуды сыходзіць.

— Ці шмат тых, каго вы ўжо гатовыя паставіць у аснову?

— Кантракты дзейнічаюць да красавіка, і мы іх ні з кім не працягвалі. Толькі на наступным тыдні дзесьці 7–8 футбалістам, па якіх бачна, што яны адпавядаюць узроўню НЛ, мы прапануем працягнуць кантракты. І тут ужо за імі слова, ці пагодзяцца яны на нашы ўмовы. Каб гуляць у аснове, трэба сыходзіць з працы. Нашая прапанова — 7–10 мільёнаў рублёў на месяц.

— Ці запрашалі іншых гульцоў да сябе ў клюб?

— З намі ў камандзе цяпер займаюцца два ўкраінцы, адзін расеец, два кіргізы й два беларусы. Чаму замежнікі? Я ўсіх беларускіх футбалістаў ведаю, і асаблівых варыянтаў у нас няма.

Усе гэтыя людзі невыпадковыя. Кіргізаў я заўважыў на Кубку Садружнасьці, калі яны ў зборнай Беларусі выйгралі 1:0. Вельмі ўпэўнена глядзеліся, а таму я іх запрасіў.

Расейскі брамнік Сяргей Равякін у 16 гадоў дэбютаваў у ЦСКА ў расейскай Прэм’ер-лізе. Цяпер у яго кар’ера ня вельмі складваецца, але гэта вельмі цікавы хлопец. Хацелася, каб ён быў у нашай камандзе.

Дваіх беларусаў — Рудзенку й Мельніка — я яшчэ летась хацеў бачыць у «Крумкачах». Але ня складвалася ў нас з розных прычын.

Ну, і нашым гульцам патрэбная канкурэнцыя ў любым выпадку.

— Чаму першы матч менавіта з «Дынама» (Менск)? Вы адмыслова зь імі дамаўляліся?

— Насамрэч, гэта «Дынама» запрасіла нас. Мы вельмі ўзрадаваліся, бо лепшага суперніка не знайсьці. Гэта «Дынама», што тут яшчэ казаць. Але чакаю, што мы сябе добра праявім нават на фоне такога суперніка. Будзе цікава. Можа, нават па-новаму адкрыем сваіх людзей. Бо калі ўзровень суперніцтва высокі, бывае, і людзі пераўзыходзяць самі сябе. Чакаем прыемных адкрыцьцяў ад сваіх гульцоў.

— Чаму «Крумкачы» будуць гуляць на стадыёне «Менск»? Вы ж раней казалі, што сынтэтычнае пакрыцьцё вам не падабаецца.

— Так, не хацелі, але варыянтаў у нас няма. Ну няма ў Менску стадыёнаў. Пачнём там, а потым паглядзім. А рэканструкцыя «Алімпійскага» пакуль у стадыі абмеркаваньня. Пакуль ацэньваюцца магчымасьці, ці ўвогуле магчыма зрабіць яго прыдатным для Найвышэйшай лігі.

— Уражаньне, што ў фэдэрацыі футболу больш за ўсё пытаньняў да «Крумкачоў».

— Я ня ведаю, чаму. Сур’ёзна, у некаторых клюбаў мільярдныя даўгі, а ў нас іх увогуле няма. Літаральна ўчора мы разьлічыліся — вярнулі апошнія даўгі гульцам. І чаму праблемы ў нас, а ня ў некага іншага? Ніхто ж не тлумачыць, што ня так, а толькі паўтараюць штотыдзень: «Крумкачы» — праблемны клюб. Для мяне гэта незразумела.

— Ці вы сабралі ўсе неабходныя грошы для гульні ў сэзоне?

— Мы й не зьбіралі, проста маем дамоўленасьці зь некаторымі партнэрамі, якія будуць нас падтрымліваць, а мы — іх. Гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Таксама мы ў пастаянным пошуку, шукаем новых партнэраў. Гэта бясконцы працэс, як сэлекцыя ў футболе.

Пакуль кантракты не падпісаныя, абвяшчаць іншых партнэраў, акрамя «Крыніцы», заўчасна ня буду. Магу толькі сказаць, што яны будуць у розных галінах: страхаваньне, юрыдычныя кансультацыі, арэнда офісаў.

— Але што грошай вам хопіць для Найвышэйшай лігі, гэта гарантавана?

— Вядома, такое пытаньне нават не стаіць. Ёсьць пытаньні з афармленьнем дакумэнтаў для ліцэнзаваньня. На гэта трэба час і шмат узгадненьняў. А ў астатнім усё ўжо зразумела: усё будзе ў нас нармальна.

— Ці праўда, што расейскія інвэстары, якія набылі «Белшыну», рабілі прапанову й вам?

— Прапаноў не было, мы проста зь імі сустрэліся й пагаварылі. На пачатковай стадыі мы зразумелі, што не пасуем адны адным. Можна сказаць, прамацалі глебу, зразумелі, хто чаго хоча ад бліжэйшага сэзону, і зразумелі, што мы ў гэтым пляне не партнэры.

Не зацікавіліся ані мы, ані яны. Яны бачылі кіраваньне клюбам і яго разьвіцьцё па адным сцэнары, а мы — па іншым. А таму ніякіх перамоў нават не было.

— Чаго чакаць фанатам ад «Крумкачоў»?

— Сапраўднай гульні ў футбол, яе ня так шмат у Беларусі. Будзем гуляць і радаваць сябе й заўзятараў. З намі будзе весела. Мы любім футбол, і для нас гэта сапраўды сьвята. Думаю, і для людзей, якія сочаць за намі, гэта таксама будзе сьвята.

Вось я па сабе мяркую. У мяне шмат спраў цяпер, шмат працы і праблемаў. Сплю па 5–6 гадзін. Але кожную раніцу прачынаюся й думаю, што мы яшчэ на адзін дзень наблізіліся да першага матчу ў Найвышэйшай лізе. Гэта вельмі моцна матывуе. Таму ўсё будзе добра, будзе сьвята кожны гульнявы дзень.

— А што значыць — сапраўднага футболу ня так шмат?

— Я гаварыў з адным футбалістам. І ён кажа, што на футбольныя трэніроўкі й на спартыўныя заняткі ходзіць, як на завод. Яму гэта мне не прыносіць задавальненьня. Проста атрымлівае грошы. Вось, мне здаецца, гэта характэрна для некаторых беларускіх клюбаў — адчуваньне працы. Зразумела, што варта працаваць, але для нас футбол — гэта ня праца, а справа жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG