Рэальны заробак жыхароў Беларусі за першыя два месяцы 2015 году параўнальна з такім жа пэрыядам летась зьменшыўся на 3,2%.
Пра гэта сьведчаць афіцыйныя дадзеныя, якія прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. Такім чынам, у сярэднім кожны працоўны сёлета ўжо не дабраў да роўню мінулага году каля 200 тысяч рублёў.
«Больш за тое, калі нехта атрымаў сёлета столькі ж грошай, колькі і год таму, ён зараз ня зможа купіць на іх столькі ж тавараў альбо харчоў, колькі мог у 2014 годзе», — адзначае эканаміст Леў Марголін:
«Згодна з афіцыйнай статыстыкай, гэта на 3,2% меней. Але калі рэальна браць тыя прадукты і тавары, якія людзі купляюць найчасьцей, то, я думаю, гэта нашмат больш. Таму што інфляцыя за мінулы год, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, нашмат большая за гэтыя 3%. Застаецца толькі здагадвацца, як у іх атрымалася гэтая лічба».
Дарэчы, Нацыянальны статыстычны камітэт у сваім паведамленьні толькі адзін раз называе рэальныя заробкі. Уся іншая статыстыка — па галінах вытворчасьці, па рэгіёнах — падаецца ў налічаных грошах.
«Гэта такія хітрыкі. Зразумела, што налічаная сума заўжды большая за рэальную. І такім чынам ствараецца ўражаньне, што заробкі нібыта большыя, чым яны ёсьць насамрэч. Напрыклад, налічаны сярэднямесячны заробак сёлета складае 6 мільёнаў 69 тысяч рублёў. Але ж гэта так званы „брудны“ заробак. Адкіньце падаткі, і ён адразу становіцца меншым за 6 мільёнаў. А сёлета, дарэчы. падаходны падатак на 1% большы, чым летась», — адзначае спадар Марголін.
Найбольшы прыбытак беларусам у 2015 годзе дае праца ў фінансавай галіне — 10,2 мільёна рублёў на месяц. На другім месцы — навуковыя дасьледаваньні і распрацоўкі: 7,5 мільёна. На трэцім — будаўніцтва: 7 мільёнаў.
Эканаміст Марголін так камэнтуе гэтыя лічбы:
«Зь фінансамі ўсё зразумела. Нашы банкі ніколі не былі стратнымі. Большая частка зь іх, прынамсі. Таму і заробкі там, як на нашы меркі, даволі прыстойныя.
Што тычыцца навуковых распрацовак, то я ведаю, што вельмі часта пераводзяць навуковых супрацоўнікаў на палову стаўкі, на чвэрць, нават на адну восьмую. Але зразумела: калі чалавек аформлены на адну восьмую стаўкі, гэта не азначае, што ён працуе гадзіну на дзень. Ён працуе болей. Таму я ня вельмі схільны давяраць гэтым дадзеным, найперш у галіне навуковых распрацовак.
7 мільёнаў — гэта менш за 500 даляраў. А ў той жа Расеі можна знайсьці працу і на 700, і на 800 даляраў
З будаўніцтвам праблема іншая. Студзень і люты — ня вельмі паказальныя месяцы для гэтай галіны. Зімою будаўнікі працуюць патроху. І зарабляюць адпаведна. У іх сэзон пачынаецца напрыканцы сакавіка, у красавіку. Я думаю, што ў іх пазьней заробкі будуць дастаткова вялікія. У іх усё ж ёсьць выбар. Можна зарабляць у Беларусі, а можна і зьяжджаць у іншыя краіны і там шукаць працу. 7 мільёнаў — гэта менш за 500 даляраў. А ў той жа Расеі можна знайсьці працу і на 700, і на 800 даляраў. Таму наша будаўнічая галіна будзе вымушана плаціць большыя заробкі».
На супрацьлеглым полюсе з найменшымі заробкамі адзначаныя сельская гаспадарка — 4,3 мільёна рублёў на месяц, гатэлі і рэстараны — 4,5 мільёна, і адукацыя — 4,6 мільёна.
Эканаміст Марголін тлумачыць:
«У сельскай гаспадарцы разьлічваецца, што людзі як мінімум напалову будуць жыць са сваёй прысядзібнай гаспадаркі. Таму там ніколі і не было высокіх заробкаў. А калі дзесьці і бывае, дык гэта выключэньне з агульнага правіла.
Запаўненьне гатэляў у нас вельмі невысокае. Таму і заробкі невялікія. Дый кантынгент працаўнікоў там спэцыфічны. Там няма каму асабліва плаціць вялікія грошы. Калідорныя, прыбіральшчыцы, розныя дзяжурныя. Яны многа грошай ніколі не атрымлівалі.
Я думаю, Лукашэнка прымусіць урад падтрымліваць прынамсі сыстэмастваральныя прадпрыемствы
У адукацыі на сярэдні заробак уплываюць дашкольныя ўстановы, дзе заробкі яшчэ ніжэйшыя. Таму і атрымліваецца заробак і ня 5, і ня 7 мільёнаў, а ўсяго толькі крыху большы за 4,5».
На вясну Леў Марголін дае наступны прагноз:
«У гэтым месяцы ці, можа, у наступным мы будзем сьведкамі вельмі цікавых падзеяў. Перад урадам стаіць надзвычай няпростая задача. Калі ён будзе працягваць і надалей жорсткую манэтарную палітыку, то будуць падаць вытворчасьць і заробкі. Людзі пачнуць звальняцца.
Таму, я думаю, Лукашэнка прымусіць урад падтрымліваць прынамсі сыстэмастваральныя прадпрыемствы. А падтрымаць іх можна толькі грашыма. Калі ўрад дасьць грошы, зьявіцца шанец, што спыніцца падзеньне вытворчасьці і заробкаў. Але тады пачне расьці курс даляра. Я думаю, што ў бліжэйшыя тыдні мы пабачым, які канкрэтна шлях будзе абраны. Бо далей адмоўчвацца ўжо не выпадае».