Канстытуцыйны суд Грузіі не прыняў да разгляду пазовы прэзыдэнткі Саламэ Зурабішвілі і апазыцыйных дэпутатаў аб прызнаньні вынікаў парлямэнцкіх выбараў 26 кастрычніка несапраўднымі.
Пра гэта паведаміла «Эхо Кавказа».
Рашэньне пленуму было апублікавана на сайце Канстытуцыйнага суду Грузіі 3 сьнежня. Асаблівую думку выказалі двое судзьдзяў.
«Рашэньне зьяўляецца канчатковым і абскарджаньню ці перагляду не падлягае», — паведамляюць у судзе.
19 лістапада ў Канстытуцыйны суд быў пададзены пазоў ад імя прэзыдэнткі, якая заявіла, што на выбарах быў парушаны прынцып таямніцы галасаваньня, і запатрабавала прызнаць вынікі неканстытуцыйнымі.
Праэўрапейскія апазыцыйныя партыі адмовіліся ўваходзіць у новы парлямэнт, бо лічаць яго «нелегітымным».
У Грузіі пяць дзён адбываюцца пратэсты супраць рашэньня ўраду прыпыніць эўраінтэграцыю.
- 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з Эўразьвязам і адмове ад яго грантаў да 2028 году.
- Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.
- Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і апазыцыйныя партыі не прызналі вынікі парлямэнцкіх выбараў у краіне — на фоне сотняў выяўленых назіральнікамі парушэньняў і пытаньняў да захаваньня таямніцы галасаваньня. Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі і кіроўная партыя «Грузінская мара» адмаўляюць якія-колечы фальсыфікацыі.
- Аналітыкі, якія прааналізавалі зьвесткі з выбарчых участкаў, указваюць на анамаліі ў разьмеркаваньні галасоў, якія могуць сьведчыць пра фальсыфікацыі: укіданьне бюлетэняў, згон або подкуп выбарнікаў у сельскай мясцовасьці. Падобныя парушэньні на выбарах у Грузіі адзначалі і назіральнікі.
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў сваёй справаздачы пра апошнія выбары ў Грузіі зафіксавала «выпадкі скупкі галасоў, шырока распаўсюджаную атмасфэру ціску і арганізаванага партыямі запалохваньня да і падчас выбараў, асабліва ў сельскай мясцовасьці».
- Некамэрцыйная назіральніцкая арганізацыя «Сумленныя выбары» (ISFED) зафіксавала выпадкі падвозу, подкупу выбарнікаў і «карусельшчыкаў», а таксама іншыя парушэньні.