24-гадовы жыхар Лепеля Васіль Грахоўскі днямі вызваліўся з папраўчай калёніі № 9 у Горках на Магілёўшчыне. Хоць гэта ўжо ня першая «ходка» для маладога чалавека, апошнія паўтара года сталі для яго асабліва суровым выпрабаваньнем.
«Зона» і яе дармавая працоўная сіла
Сярод «каштоўнасьцяў», якія Грахоўскі атрымаў на рукі па выхадзе з турмы, — разьліковы лісток. «Заробак» уражвае — у сярэднім 60 капеек за месяц. І тое дзякуючы звышпрыбытковаму леташняму кастрычніку — ажно 3 рублі 64 капейкі. Іншыя месяцы нашмат сьціплейшыя, а ў сьнежні 2016-га наагул налічылі 1 капейку.
«Праца цяжкая, затое аплата — нявольніцкая, — кажа Васіль Грахоўскі. — „Выцягвалі“ медзь з кампутарных кабэляў, накручвалі па 15 кіляграмаў. Была швэйная вытворчасьць, перадусім шыцьцё спэцвопраткі. Драўляныя паддоны зьбівалі, нават выплаўлялі лёзы на жаткі для камбайнаў. Заўсёды была норма, як бы плян. Патрабаваньні часьцяком неадэкватныя, бо калі чалавек ня ведае, як што рабіць, справіцца нерэальна. А за гэта потым саджаюць у ізалятар».
Як кажа Васіль, праца ў зоне прымусовая, прафілоніць немагчыма. Фактычна як на заводзкім канвэеры — толькі што задарма:
«Усё ў прымусовым парадку: здаровы, працаваць можаш — значыць, мусіш, іншых размоваў нават няма. Паўнавартасны працоўны дзень ад 8-й да 16-й, з гадзінным перапынкам на абед. Прычым вячэра адразу пасьля працы, да 16.30 павінны ўсе ўправіцца».
Цікаўлюся ў суразмоўцы: якім чынам працуе турэмная бухгальтэрыя, што на выхадзе атрымліваюцца нават не рублі, а капейкі?
«Дакладна ня ведаю, відаць, усё ідзе на наша ўтрыманьне, толькі рэшту залічваюць на рахунак. Дый нават тых грошай ня бачыў. У даведцы напісана, што агулам зарабіў 9 рублёў 9 капеек. Гэта за ўвесь тэрмін. Але тую суму потым вылічылі — начальнік атраду прымусіў пісаць на „стопрацэнтнае пагашэньне пазоваў“. Увогуле дробязнасьць ва ўсім, нават у выдатках на „пайку“. Я перад пасадкай важыў больш за 70 кіляграмаў, а ўстаў сёньня на вагу — засталося 50. Страціў 20 кг зь іхнім харчаваньнем, зь іхнім рэжымам».
Адсутнасьць нармальнага харчаваньня, перапоўненасьць камэраў прыводзяць да хранічных хваробаў і агульнай слабасьці. Аднак дамагчыся дапамогі, як сьцьвярджае Васіль Грахоўскі, надзвычай складана:
«У санчастку кожны дзень запісваюцца па 100–150 чалавек, з гэтай колькасьці да лекара трапляюць толькі 20–30. Агулам на зоне больш за паўтары тысячы чалавек. Калі дакладна — было 1637 зьняволеных, падгледзеў у сьпісе, як выходзіў».
Рубель на абед і яшчэ тры — даехаць дадому
Васіль адседзеў цалкам увесь тэрмін і, ягонымі словамі, выйшаў напаўголы і з пустымі кішэнямі:
«Атрымаў на рукі 1 рубель 30 капеек — маўляў, на харчаваньне, пакуль дабяруся дадому. Квіток за „траяк“ быў ужо набыты — то бок далі не грашыма, а каб толькі падʼехаць чыгункай ад адной станцыі да другой».
Прызнаецца, што папаўся на крадзяжы мабільнага тэлефона. З улікам ранейшай судзімасьці абвінавачаньне прасіла 2 гады зьняволеньня, суд даў крыху меней. «Саджаюць павальна, а карміць у зоне практычна няма чым», — кажа ён:
«Харчаваньне проста жахлівае — сечка ды пярлоўка, вось і ўсё. Як кажуць, аднастайна і нясмачна. Вакол поўная антысанітарыя, у „хаце“ — 50 чалавек, як вялікая казарма. У лазьні душа няма, толькі тазікі-кранікі. Калі раптам прыяжджае камісія, усіх зганяюць куды толькі можна пад замок, каб толькі хто ня выскачыў і што-небудзь ня ляпнуў. Гэтак жа і ў прамысловым цэху: як толькі зьяўляецца нейкі рэвізор, адразу ж зачыняюць цэх на ключ, каб раптам ня трапілі начальству на вочы».
Бліжэйшыя паўгода Васіль Грахоўскі будзе пад прэвэнтыўным наглядам. Цягам гэтага часу яму нельга пакідаць межы гораду, але гэта не забараняе шукаць працу:
«Безумоўна, буду шукаць працу. Хоць у Лепелі з вакансіямі нягуста, усё роўна трэба чымсьці займацца — з турмы ж ніякіх набыткаў не прынёс. Прызначылі на паўгода прэвэнтыўны нагляд. Была такая сытуацыя, што мяне ў зоне справакавалі на бойку. Далі 10 сутак ізалятара, потым яшчэ 7, і такім чынам зрабілі злосным парушальнікам. Адбыўся суд, прызначылі нагляд, і цяпер я не змагу нікуды ні зьехаць, ні шукаць працы дзе яшчэ. Вымушаны сядзець дома, рэгулярна адзначацца ў міліцыі і ад 10 вечара да 6 раніцы знаходзіцца па месцы жыхарства».
Колькі рэальна на зоне злачынцаў, якіх трэба ізаляваць? Такім пытаньнем рэгулярна задаюцца і праваабаронцы, і самі сядзельцы. Васіль Грахоўскі лічыць: максымальным пакараньнем для большасьці павінен быць штраф ці ўмоўны тэрмін:
«Шмат для каго ўсё можна было вырашыць на ўзроўні матэрыяльнага ці ўмоўнага пакараньня. Прынамсі, ня тэрмінам зьняволеньня. Трапляліся людзі, якія сядзяць ужо па 20 гадоў, і ніхто не бярэ пад увагу, што, магчыма, пакараныя зусім ня тыя. Адзін празь мяне прасіў дастукацца да журналістаў, што супраць яго сфабрыкавалі справу і ніякія скаргі, лісты з турмы проста не выпускаюць. Вось як пайшлі першыя „25-гадавікі“, ад таго часу і сядзіць, засталося яшчэ 5 гадоў. Абвінавацілі ў забойстве, хоць нават сьведкі на судзе казалі, што яго там і блізка не было, ня ён гэта».
Сёньня Васіль прымае віншаваньні з вызваленьнем, але нікому не жадае апынуцца там, дзе чалавека ні ўва што ня ставяць.