У Менску 18 красавіка пачаўся суд над беларускім бізнэсоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам.
У Фрунзэнскім раённым судзе гораду Менску 18 красавіка а 10.15 пачаўся судовы працэс над сузаснавальнікам холдынгу «Сармат-СТІ» Аляксандрам Кныровічам, якога вінавацяць у нявыплаце падаткаў на буйную суму (ня менш як 2,8 мільёна рублёў) і хабарніцтве.
КДБ арыштавала бізнэсоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ («Амэрыканцы»). Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасьці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».
Ці прызнáе віну затрыманы бізнэсовец, невядома — паўгода таму ягоны бацька Станіслаў Крыровіч казаў, што сын не прызнае сябе вінаватым. Некаторыя беларускія прадпрымальнікі не паверылі ў вінаватасьць Аляксандра Кныровіча і зладзілі кампанію салідарнасьці #злодзей_не_кныровіч, параўноўвалі справу Кныровіча са «справай патрыётаў».
Лукашэнка і бізнэс. Пакінь надзею, хто сюды ўваходзіць
Разам з Кныровічам судзіць таксама будуць чатырох адказных супрацоўнікаў кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» (гэта Ўладзімер Дашкевіч, Ігар Максімаў, Яўген Папоўскі і Андрэй Кускоў), якая ўваходзіць у холдынг, і, паводле сьледзтва, кантралюецца Кныровічам. За атрыманьне хабару ад кампаніі Кныровіча ў Берасьці ў студзені асудзілі двух чалавек.
Паводле зьвестак КДБ, хабар перадаваўся кіраўнікам сыстэмы ЖКГ за судзеяньне ў бізнэсе, але Станіслаў Кныровіч казаў, што гэта прадпрыемствы ЖКГ былі вінаватыя кампаніі ягонага сына 1,5 мільёна даляраў.
У сваім блогу Кныровіч крытычна выказваўся наконт разьвіцьця эканомікі Беларусі. За ягоны матэрыял з крытыкай спосабаў сьвяткаваньня Дня Перамогі быў часова заблякаваны рэсурс Kyky.org. Кныровіч займаўся ня толькі разьвіцьцём уласнага бізнэсу, але таксама інвэставаў у іншыя праекты, у ліку якіх была перадача «Мой бізнэс» на дзяржаўным тэлеканале АНТ.