Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўца Кныровіча будуць судзіць за ўхіленьне ад падаткаў і хабарніцтва


Аляксандар Кныровіч
Аляксандар Кныровіч

18 красавіка ў Фрунзенскім раённым судзе Менску пачнецца працэс над бізнэсоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам, якога арыштавалі больш як год таму.

Як арыштоўвалі

Паводле прэсавай службы суду, Аляксандру Кныровічу выстаўленае абвінавачаньне ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і ў хабарніцтве, ці прызнае бізнэсовец сваю віну, невядома.

«Прызнае віну цалкам, часткова ці ўвогуле не прызнае — гэта асабіста мне невядома. У лістах ён пра гэта не паведамляе. Мяркую, таму, што ня можа пісаць пра акалічнасьці справы», — сказаў 13 красавіка Свабодзе Станіслаў Кныровіч, бацька арыштаванага.

Сузаснавальнік групы кампаній «Сармат» Аляксандар Кныровіч быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 25 студзеня 2017 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. Пасьля затрыманьня бізнэсмэна КДБ паведаміў, што ён падазраецца ў нясплаце падаткаў на вялікую суму — ня менш як 2,8 мільёна рублёў. Апроч Кныровіча, па справе былі затрыманыя 5 адказных супрацоўнікаў падпарадкаванай яму кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг», якіх абвінавацілі ў даваньні хабару супрацоўнікам сыстэмы ЖКГ. Праз 5 дзён, камэнтуючы зьвесткі пра абвінавачваньне сына Эўрарадыё, Станіслаў Кныровіч сказаў, што прадпрыемствы ЖКГ вінныя кампаніі ягонага сына 1,5 мільёна даляраў.

«ЖКГ застаецца вінная СТІ, то бок Аляксандру, 1,5 млн даляраў за пастаўленую прадукцыю. Калі вы памножыце на курс даляра, вы будзеце мець „нясплачаныя“ падаткі», — казаў Станіслаў Кныровіч.

Запазычанасьць ліквідавалі, нясплачаныя за яе падаткі засталіся

Свабода пацікавілася ў Станіслава Кныровіча, ці вярнулі прадпрыемствы ЖКГ грошы, якія былі вінныя фірме «СарматТэрма-Інжынірынг».

«Хвала і гонар ЖКГ, аблвыканкаму ды іншым, што гэтую запазычанасьць перад сынам ліквідавалі. Але чаму за ім застаецца абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў, мне невядома. І што там за хабар яму ставяць у віну, таксама ня ведаю. Бачыце, пакінулі два абвінавачаньні. Мяркую, каб калі не пацьвердзіцца адно, дык засталося другое. Што тут зробіш? Мы спадзяёмся на лепшае, што суд усё ж разьбярэцца і вынесе справядлівы вырак».

Трымаюць у «Амэрыканцы»

Паводле Станіслава Кныровіча, ягонага сына Аляксандра Кныровіча па-ранейшаму трымаюць у ізалятары КДБ.

«Ці не сядзіць у адзіночцы, ня ведаю. Мяркую, у нармальнай камэры. Ва ўсякім разе, у лістах на ўмовы ня скардзіцца, на стан здароўя таксама. Лістуемся рэгулярна. Шмат чытае, піша, адказвае на лісты, рыхтуецца да суду. Ягоная дачка мела зь ім спатканьне, у мяне спатканьня не было», — сказаў Станіслаў Кныровіч.

Адразу пасьля затрыманьня Аляксандра Кныровіча ў СМІ гучалі камэнтары, што да перасьледу мае дачыненьне ягоная актыўнасьць у інтэрнэце. Аляксандар Кныровіч вёў асабісты відэаблог, ня раз крытычна выказваўся пра дзеяньні беларускіх уладаў у эканоміцы.

Станіслаў Кныровіч ня стаў камэнтаваць прычыны арышту сына і прадказваць судовы вырак па справе.

«На гэтым этапе я не магу камэнтаваць гэтыя прычыны. Разумееце, гэта як прынцып у лекараў — не нашкодзь. Будзе суд, тады паглядзім».

Разам з Аляксандрам Кныровічам, як перадаюць з суду, на лаве падсудных апынуцца чатыры адказныя супрацоўнікі фірмы «СарматТэрма-Інжынірынг». Усім выстаўлена абвінавачаньне ў хабарніцтве.

За атрыманьне хабару ад кампаніі Кныровіча ў Берасьці асудзілі двух чалавек

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG