У Менску 18 красавіка пачаўся суд над беларускім бізнэсоўцам і блогерам Аляксандрам Кныровічам, якога вінавацяць у нявыплаце падаткаў на буйную суму і хабарніцтве. Працэс вядзе судзьдзя Юлія Крэпская.
Былога памежніка, вэтэрана Аўганістану, хворага на рак, ня вызвалілі на час суду
Ігар Максімаў быў затрыманы 25 студзеня 2017 года, як і Аляксандр Кныровіч, і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. Абаронца мяркуе, што яе падабаронны не ўцячэ падчас суду.
Пасьля высьвятленьня асобаў падсудных адвакатка Максімава прасіла суд зьмяніць яму меру стрыманьня на падпіску пра яўку ў суд. Адвакатка спасылалася на стан здароўя Максімава, які перанёс шэраг цяжкіх апэрацыяў і стаіць на ўліку ў анкалягічным дыспансэры.
Таксама адвакатка паведаміла пра Максімава, што ў часы СССР ён служыў у Памежных войсках КДБ, быў удзельнікам баёў у Аўганістане, па дадзенай справе цалкам прызнаў сваю віну і даваў на сьледзтве прызнальныя паказаньні.
Судзьдзя аднак вырашыла не задавальняць хадайніцтва абаронцы Максімава, спаслаўшыся на цяжкасьць інкрымінаванага яму злачынства і законнасьць арышту.
Хабар у тысячу рублёў, 5 тысяч, 10 тысяч, каньяком
Пракурорка Аксана Саковіч пачала зачытваць абвінавачаньне былому намесьніку дырэктара «СарматТэрма-Інжынірынг» Яўгену Папоўскаму.
Паводле сьледзтва, Папоўскі «супольна з Аляксандрам Кныровічам» перадаваў хабар адказным супрацоўнікам ЖКГ ды іншым кіраўнікам за спрыяньне ў бізнэсе, перамогу ў тэндэры на пастаўку прадукцыі фірмы і за пагашэньне запазычанасьці перад фірмай. «Такса» нібыта была роўнай 4% ад угоды на пастаўку прадукцыі фірмы.
Былі названыя сумы хабараў, якія Папоўскі, паводле сьледзтва, перадаваў адказным супрацоўнікам дзяржаўных і камунальных прадпрыемстваў, каб дамагчыся ад іх садзеяньня і аддзячыць за паслугі. У 2016 годзе Папоўскі ў менскім офісе сваёй кампаніі нібыта перадаў 5 тысяч рублёў супрацоўніку «Брэстжылбуду». Таксама ён перадаў 1 тысячу рублёў у аўтамабілі на вуліцы Маскоўскай. Трэці хабар — 10 тысяч рублёў плюс бутэлька армянскага каньяку «Арарат» — перадаваўся, паводле сьледзтва, супрацоўніку «Брэстэнэрга», адказнаму за закупкі, у студзені 2017 году ў будынку «Брэстэнэрга» і на аўтатрасе каля вёскі Федзькавічы пад Берасьцем. Пасьля перадачы гэтага хабару Папоўскі быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ.
Андрэй Кускоў як вядучы спэцыяліст, адказны за фінансы, садзейнічаў ухіленьню «СарматТэрма-Інжынірынг» пад кіраўніцтвам Аляксандра Кныровіча ад падаткаў у вялікім памеры, мяркуюць сьледчыя, у тым ліку з удзелам расейскай фірмы-пасярэдніка.
«Узгадніў з Кныровічам рух фінансавых сродкаў», — сьцьвярджаюць сьледчыя пра Андрэя Кускова.
Таксама, паводле сьледзтва, у злачынныя дзеяньні з ухіленьнем ад падаткаў быў уцягнуты і намесьнік дырэктара фірмы па фінансах Ігар Максімаў, ухіленьню ад падаткаў спрыяў і былы дырэктар «СарматТэрма-Інжынірынг» Уладзімер Дашкевіч.
Злачынная дзейнасьць Аляксандра Кныровіча ва ўхіленьні ад падаткаў, паводле сьледзтва, пачалася яшчэ ў 2008 годзе і цягнулася да 2017 году. Як мяркуе абвінавачаньне, яму дапамагалі Дашкевіч, Максімаў і Кускоў: «заніжалі базу для падаткаабкладаньня, скажалі справаздачнасьць, што прыводзіла да зьніжэньня падатку на прыбытак».
Як мяркуюць сьледчыя, для ўхіленьня ад падаткаў Кныровічам у Расеі была зарэгістраваная падкантрольная камэрцыйная структура-пасярэднік, якая «дазваляла неабгрунтавана завышаць затраты». Таксама, паводле сьледзтва, Кныровіч прадумаў і ўзгадніў з падначаленымі «сыстэму бясьпекі» для сваёй незаконнай дзейнасьці.
Усяго Кныровічу паставілі ў віну больш за 3,3 мільёна рублёў (1,6 мільёна даляраў) нявыплачаных падаткаў. Паводле сьледзтва, Кныровіч вінаваты і ў арганізацыі хабарніцтва ў трох эпізодах: 5 тысяч рублёў і 1 тысячы рублёў у Менску і 10 тысяч рублёў з бутэлькай каньяку «Арарат» у Берасьці.
***
КДБ арыштавала бізнэсоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ. Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасьці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».