Аб разбурэньні Кахоўскай дамбы стала вядома 6 чэрвеня. Расея і Ўкраіна абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў яе падрыве.
Украінскі бок не паведамляе колькасьці загінулых ці пацярпелых у выніку затапленьня падкантрольных населеных пунктаў пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.
Расейскія акупацыйныя ўлады паведамілі аб мінімум пяці загінулых і 71 шпіталізаваным у захопленай і затопленай Кахоўцы. Вядома яшчэ пра траіх загінулых жыхароў гораду Алешкі. Аднак спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма праз адсутнасьць доступу незалежных журналістаў на месца.
Як паведамляе Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях, па стане на 8:00 8 чэрвеня з падтопленых раёнаў эвакуавалі 1995 чалавек, у тым ліку 103 дзіцяці.
Удалося выратаваць 334 чалавекі (зь іх 15 дзяцей). Псыхалягічная дапамога аказана 168 грамадзянам.
Усяго на правым беразе Дняпра, паводле папярэдніх даных, падтоплена 20 населеных пунктаў і 2629 дамоў.
У ліквідацыі наступстваў задзейнічана каля 1850 чалавек і больш за 345 адзінак тэхнікі.