Інструкцыя аб парадку выплаты ўзнагародаў за год для кіраўнікоў і працаўнікоў банкаў скарэктаваная (PDF) Нацбанкам Беларусі. Як перадае БЕЛТА, зьмены прынятыя для «ўдасканаленьня» парадку выплатаў гадавых бонусаў і ўзнагародаў.
Пастанова прадугледжвае «ўзмацненьне залежнасьці» памераў выплатаў кіраўнікам ад тэрмінаў атрыманьня вынікаў дзейнасьці, прынятых рызыкаў, маштабу апэрацыяў, ступені выкананьня паказьнікаў. Таксама ствараюцца ўмовы для «адкладзенага бонусу», калі гадавы бонус кіраўнікам банкаў можа выплачвацца часткамі цягам некалькіх год і зьмяншацца пры невыкананьні пэўных умоваў. Выплаты зьбіраюцца з фонду, які фармуецца з чыстага прыбытку за год.
Згодна з пастановай банк лічыцца ўстойлівым, калі за год нарматыўны капітал вырас на большы адсотак, чым вырас індэкс спажывецкіх цэнаў, а таксама калі даступны капітал перавысіў эканамічны капітал банку (гэта значыць, банк мае запас на выпадак крызіснай сытуацыі).
Гаворка ў пастанове вядзецца толькі пра бонусы за год, але не пра штомесячныя заробкі. На якія сумы скароцяцца (і ці скароцяцца) сумарныя заробкі банкіраў у выніку пастановы, невядома.
Лукашэнка: Банкіры — зборышча тлустых катоў
У лістападзе Аляксандар Лукашэнка абураўся, што банкіры нібыта махлююць з гадавымі бонусамі, называў банкіраў «зборышчам тлустых катоў» і казаў, што «заробак павінен быць зароблены».
«Можна выбудаваць такую сыстэму, што будзеш капейкі атрымліваць цягам месяца, году, а бонусамі можна задушыцца, як у народзе кажуць, — разважаў Лукашэнка. — Таму давайце глядзець агулам на тое, як гэта будзе выглядаць».