Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Жукоўскі: «Міліцыянты мяне проста выпіхнулі з райвыканкаму»


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

13 красавіка ў Сьветлагорску міліцыя з ужываньнем сілы выставіла з будынку райвыканкаму гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага. Ён хацеў трапіць на сустрэчу індывідуальных прадпрымальнікаў, якія засталіся бяз працы пасьля ўказу № 222, з прадстаўнікамі аддзелу эканомікі.

«Перш чым пайсьці на сустрэчу, я рабіў відэаздымкі каля райвыканкаму. Супрацоўніца аддзелу ідэалёгіі Ала Манькевіч падышла да мяне з прэтэнзіямі: маўляў, ня маю права здымаць. Я запярэчыў, бо здымкі на вуліцы ніякім заканадаўствам не забароненыя. Манькевіч, відаць, і выклікала міліцыянтаў. Бо калі ўжо я заходзіў у райвыканкам, мяне гучна так аклікалі міліцыянты: „Уважаемый!“. Нібыта я й паважаны, але выпіхвалі мяне досыць непаважліва».

Па словах Жукоўскага, ён прасіў у міліцыянтаў назваць пункт закону ці хоць бы назву закону, на падставе якога яго выпіхваюць з будынку. Але міліцыянты яго не назвалі, а проста хапалі за рукі й штурхалі.

У пастарунку побач з райвыканкамам у Жукоўскага ўзялі тлумачэньне і заявілі, што будуць складаць адміністрацыйны пратакол за супрацу з замежным СМІ.

«Але тут міліцыянтам аднекуль патэлефанавалі — і мяне нечакана адпусьцілі. Ці будзе адміністрацыйны пратакол наўздагон, ня ведаю. Мяне проста выпіхваюць з прафэсіі», — лічыць Жукоўскі.

У фэйсбуку фрылансэр напісаў, што 15 красавіка яго чарговы раз выклікаюць у суд Цэнтральнага раёну ў якасьці адказчыка за супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі — паводле артыкула 22.9 КаАП. У пратаколе згадваецца сюжэт амаль двухмесячнай даўніны. Жукоўскі паведаміў у фэйсбуку, што зьбіраецца наагул зашыць сабе ніткамі рот — як некалі публічна зрабіў на знак пратэсту супраць перасьледаваньня паэт Славамір Адамовіч.

На падставе міліцэйскіх пратаколаў сума штрафаў фрылансэру Жукоўскаму за мінулы й бягучы гады перавысіла агулам 77 мільёнаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG