Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карысных радыянуклідаў не бывае». Навукоўцы пра рутэній-106, воблака зь якім прайшло над Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У выніку магчымага выкіду радыяцыі пад расейскім Чалябінскам ў верасьні радыяактыўнае воблака прайшло над Браславам і Пінскам, але абруджаньня тэрыторыі Беларусі не адбылося, запэўнівае Белгідрамэт. Чым небясьпечны для здароўя радыяактыўны ізатоп рутэнію-106? Ці магла радыяцыя асесьці на тэрыторыі Беларусі? Што рабіць, калі вы ўжо абпраменіліся рутэніем? Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся з гэтымі пытаньнямі да профільных навукоўцаў.

«Мы не займаемся менавіта гэтым радыянуклідам»

У беларускім Інстытуце радыялёгіі патлумачылі, што не вывучаюць гэты радыяактыўны элемэнт. А маніторынгам радыянуклідаў у паветры займаецца Белгідрамэт, сказаў дырэктар Інстытуту радыялёгіі Аляксандар Зайцаў.

— Мы не займаемся менавіта гэтым радыянуклідам. Мы займаемся праблематыкай чарнобыльскіх тэрыторый. То бок тымі доўгажывучымі радыянуклідамі, якія выпалі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Яны жывуць доўга, і праблема застаецца на многія гады.

— Аднак гэты радыянуклід можа зьявіцца ў выніку аварыі на любой АЭС?

— Так, калі будзе нейкая аварыя, ён уваходзіць у склад ізатопаў, выкід якіх можа адбыцца.

— А хто-небудзь у Беларусі вывучае рутэній?

— Я думаю, што вядзецца толькі маніторынг. Я ня чуў, каб нехта займаўся навуковымі дасьледаваньнямі.

Пэрыяд паўраспаду рутэнію-106 складае крыху больш за год (373 сутак). Гэты ізатоп — адзін з прадуктаў распаду ўрану-235, які ўжываецца ў ядзернай зброі і ў якасьці паліва ў ядзерных рэактарах. Рутэній або атрымліваюць штучна, або ён знаходзіцца ў складзе адпрацаванага ядзернага паліва.

«Беларусь павінна мець сваю глябальную сыстэму кантролю»

Паводле супрацоўніка Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Паўла Фарботкі, застацца на тэрыторыі Беларусі рутэній-106 ня мог, бо яго канцэнтрацыя ў паветры была невялікая.

Павал Фарботка
Павал Фарботка

— Я думаю, што калі б было нешта значнае, то нашы прыборы гэта б зафіксавалі. У нас ёсьць прыбор, якім можна праверыць гэты ізатоп і зафіксаваць яго. Але для нас большая праблема — постчарнобыльскія цэзій і стронцый.

— Ці дастатковы ў Беларусі ўласны кантроль радыянуклідаў у навакольным асяродзьдзі?

— Я думаю, што гэты кантроль недастатковы. Бо вакол Беларусі разьмешчаныя дзьве дзейныя АЭС, Смаленская і Ровенская. Былі Ігналінская і Чарнобыльская, ёсьць могільнікі, узводзіцца ўласная АЭС. Беларусь павінна мець сваю глябальную сыстэму кантролю. Хаця калі нешта глябальнае здарыцца, то яно зафіксуецца. А невялічкі выкід таго ж рутэнію можна і не зафіксаваць, мы можам гэтым дыхаць і ўжываць гэта з паветрам ці вадой. І нават ведаць ня будзем.

«Відаць, была нейкая аварыйная сытуацыя»

Вядучы навуковы супрацоўнік Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку Канстанцін Буздалкін кажа, што там замераў рутэнію не рабілі — вядомыя толькі вынікі замераў Белгідрамэту.

— Хаця фактычных дадзеных, лічбаў пра канцэнтрацыю, пра аб'ёмную актыўнасьць у паветры, у тым ліку ў зоне дыханьня насельніцтва, не было прыведзена. Проста паведамілі, што канцэнтрацыя нязначная, якая не стварае радыяцыйных рызыкаў. У мяне няма ніякіх прычынаў не давяраць. Калі б былі значныя ўзроўні гэтага ізатопу ў паветры, то нашы прыборы зафіксавалі б. Але такога не было.

Паводле Канстанціна Буздалкіна, выкід рутэнію ня быў зьвязаны з аварыяй на АЭС, іначай разам зь ім зафіксавалі б іншыя спадарожныя ізатопы. Бо ў працэсе ядзернага сынтэзу ўтвараецца каля 600 радыянуклідаў.

А чаму зьявіўся менавіта рутэній-106? Дзеля нечага яго, відаць, выдзялялі, захоўвалі, а потым, відаць, была нейкая аварыйная сытуацыя.

— А ён шкодны для здароўя?

— Так, як і любы радыяактыўны элемэнт. Карысных не бывае, гэта дакладна.

— Але чаму адразу не паведамілі пра рутэній, выяўлены ў атмасфэры ў Беларусі і ў Расеі?

— Гэта мне таксама дзіўна. Але яны абавязаныя паведамляць у выпадку, калі дозы перавышаюць дапушчальныя.

— Што рабіць, калі нехта абпраменіўся рутэніем?

— Трэба праводзіць дэзактывацыю, паспрабаваць вывесьці радыянукліды з арганізму. Дрэнна, калі радыянукліды, калі яны яшчэ біялягічна значныя, празь лёгкія асядуць у нейкіх органах і тканках. Тады адтуль іх выцягнуць даволі цяжка. Дзеля гэтага існуюць пэўныя прэпараты. Але гэта немагчыма, каб значныя дозы былі выяўленыя ў Беларусі. Бо ўсе лябараторыі адразу паднімуць шум.

Ілюстрацыя распаўсюду рутэнію-106 над Эўропай, які зафіксавалі францускія навукоўцы
Ілюстрацыя распаўсюду рутэнію-106 над Эўропай, які зафіксавалі францускія навукоўцы

Рутэній-106 быў зафіксаваны ў Браславе і Пінску

У афіцыйнай зводцы «Росгидромет» заявіў пра перавышэньне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўднёвага Ўралу і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджаньня радыяактыўным ізатопам рутэнію-106 з 25 верасьня па 1 кастрычніка, і згадаў, што радыяактыўны рутэній раней фіксавалі ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.

На запыт Свабоды ў Белгідрамэце паведамілі, што рутэній-106 быў зафіксаваны 3-5 кастрычніка ў Браславе і Пінску. Аднак забруджваньня тэрыторыі не адбылося, а колькасьць ізатопу была нязначная.

У Міністэрстве прыроды Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што расейскія ўлады афіцыйна не інфармавалі пра выкіды рутэнію пад Чалябінскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG